Прэзентацыя з прэтэнзіяй. Як чарговы цікток-ролік распіярыў Ляхавічы, і чаму не трэба бегчы наперадзе паравоза

Падарункі, абноўкі – гэта заўжды прыемна як для асобнага чалавека, так і ў маштабах населенага пункта. І такіх падарункаў у Год добраўпарадкавання на Ляхавіччыне нямала: асфальтаваныя і адрамантаваныя дарогі і тратуары, новыя арт-аб’екты, шматкватэрнікі пасля капітальнага рамонту.
Аўтары падарункаў – камунальнікі і дарожнікі, арганізацыі рознай формы ўласнасці, землякі.

А нам, жыхарам Ляхавіччыны, застаецца толькі атрымліваць асалоду ад прыгажосці і ўтульнасці, берагчы такія падарункі, каб як мага надаўжэй захаваць іх для наступных пакаленняў. Аднак, іншы раз здараецца, што чым больш робіш, тым больш у адказ прэтэнзій і крытыкі.

Людзі, майце сумленне! Менавіта так хочацца звярнуцца да аўтараў, якія запусцілі ў ціктоку чарговы ролік для самапрасоўвання, і некаторых асабліва заўзятых каментатараў, якія кінуліся ім, што называецца, падбрэхваць. Размова пра будаўніцтва макета Ляхавіцкай фартэцыі на беразе Ведзьмы. І аўтары ціктокаўскага «шэдэўра», і многія каментатары як толькі не ганяць праект. Маўляў, зусім ён непадобны на дакладную копію замка часоў ВКЛ, ды і не на тым месцы знаходзіцца. А далей яшчэ больш негатыву: і сорамна ім за такі аб’ект, і падобны ён незразумела на што, і шмат іншых зняваг. Крыўдна і агідна ад таго, што сярод нас ёсць такія «канапныя» крытыкі, якія не паважаюць працу, ідэі іншых, хаваюцца за «нікамі», каб беспакарана абражаць.

Ні ў якім разе не будзем апраўдвацца, проста нагадаем, што на адным з берагоў ракі Ведзьмы ў Ляхавічах будуецца кампазіцыя, закліканая нагадваць пра Ляхавіцкую фартэцыю. Не ідзе размова ні пра аднаўленне замка, ні пра рэканструкцыю. Гэта зусім іншыя маштабы і, адпаведна, фінансаванне. КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» выступіла з ідэяй пабудаваць макет колішняй фартэцыі – збудаванне з дрэва з агароджай, ямай, мосцікам і іншымі элементамі, каб арганізаваць чарговую кропку ў райцэнтры для патэнцыяльных турыстаў. Работы толькі пачаліся і будуць прадаўжацца і ў наступным годзе. Так што рана рабіць нейкія высновы, на што падобны тыя ці іншыя лакацыі будучага аб’екта. І не варта арганізоўваць праблему там, дзе яе няма.
Нягледзячы ні на што, многія землякі і госці Ляхавіччыны чакаюць таго часу, калі можна будзе адправіцца па новым маршруце з сённяшняга дня ў мінулае на некалькі стагоддзяў назад – па макеце знакамітай фартэцыі.
Галіна КАНЬКО.