Чысціня пачынаецца з сэрца. Днямі на могілках у Новых Будах нераўнадушныя землякі арганізавалі суботнік

Кожны прыбраны двор, кветка, пасаджаная каля дома, – гэта невялікі, але важны крок да таго, каб нашы гарады і вёскі сталі сапраўдным домам, поўным цяпла, клопату і прыгажосці.
А ёсць месцы, дзе парадак павінен быць па вызначэнні, па абавязку і сумленні, і ён сведчыць пра нашу памяць пра тых, хто пайшоў з жыцця.
Днямі на могілках у Новых Будах нераўнадушныя землякі арганізавалі суботнік. Кінулі кліч, на які адгукну-ліся 13 чалавек. Прыехалі з Баранавічаў, Баранавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў, Ляхавічаў, канешне, мясцовыя жыхары. Дзеля навядзення чысціні на месцы, дзе пахаваны родныя, шчыравалі разам пенсіянеры, іх дзеці і ўнукі. Работы хапіла ўсім! На тэрыторыі могілак ёсць участак, які запаланіла кустоўе. На працягу некалькіх гадзін мужчыны, узброеныя бензапілой, трымерам і сякерай, высякалі хмызняк. Дружна выграбалі лісце і траву, выносілі смецце. Сярод іншых актыўнічалі сем’і Такарчык, Трубельнік, Міхалік, Гаўрык, Брэчка, Чыкіда і Бортнік. Працавалі, здаецца, без стомленасці і адзначалі, што важна не чакаць, калі хтосьці прыйдзе і прыбярэ, абкосіць тэрыторыю могілак, а рабіць самім.
– У рамках Года добра-ўпарадкавання ў многіх населеных пунктах вяскоўцы аб’ядноўваюцца для навя-дзення парадку на тэрыторыі могілак. Ініцыятыва мае глыбокі духоўны і сацыяльны сэнс. Камунальная служба не ўсюды можа аператыўна паспець. Таму прыемна, што ёсць такія людзі, якім неабыякава, што адбываецца навокал. У нашым выпадку – на месцах пахавання. Шчыры дзякуй усім, хто прыняў удзел у суботніку. Асобную падзяку хачу выказаць жыхаркам Новых Будаў Валянціне Чыкіда і Яніне Гацура, якія пастаянна падтрымліваюць чысціню і парадак на мясцовых могілках. Прыклад нераўнадушных вяскоўцаў варты пераймання і іншымі, – падкрэслівае старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.









