Гісторыя «Дажынак» –гісторыя моцных людзей! Першы рэгіён першым у краіне завяршыў уборачную з вынікам 1 мільён 636 тысяч тон збожжа з улікам рапсу. Першым і святкуе самае ўраджайнае свята, прысвечанае самым клапатлівым, працавітым людзям – хлебаробам

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Першы рэгіён першым у краіне завяршыў уборачную з вынікам
1 мільён 636 тысяч тон збожжа з улікам рапсу. Першым і святкуе самае ўраджайнае свята, прысвечанае самым клапатлівым, працавітым людзям – хлебаробам.

Узняцца на абласную сцэну ў якасці пераможцаў жніва – мара любога хлебароба. «Дажынкі» – гэта пляцоўка прызнання нялёгкай хлебаробскай працы, гэта сімвал павагі да тых, хто стаіць на варце харчовай бяспекі краіны

Завяршэнне жніва азначае сіюсекундны пачатак закладкі новага ўраджаю і працяг іншых этапаў аграрнага цыкла, дзень для віншаванняў – неабходны элемент сельскагаспадарчага жыцця. І хоць свята мяркуе, што клопаты засталіся дзесьці ў працоўных буднях, размовы сярод гасцей свята вяліся менавіта пра ўраджайнасць, рэкорды, тэхніку і яе магчымасці, гаспадаркі Брэстчыны, інавацыі тэхналагічнага працэсу. А як па-іншаму, калі тут, у аграгарадку Жамчужны, сабраліся лепшыя з лепшых – тыя, хто ўпісаў сябе ў гісторыю сёлетняга пераможнага жніва.

Маштабна, шчодра і на ўсю беларускую душу – так сустракала дэлегацыі вобласці сталіца аграрнага свята.
…Вакол ляхавіцкага падвор’я – павышаная зацікаўленасць. А як па-іншаму, калі нашы землякі ўмясцілі ў дзясяткі квадратных метраў усё, што можа расказаць пра нас, ляхавічан. Тут вам і нашы знакамітыя прадпрыемствы – кансервавы і малочны заводы, ільнозавод, тут гучыць сакавітая беларуская песня, тут рабяты пастукваюць лыжачкамі ў такт, што ў скокі немагчыма не кінуцца. Тут камунгасаўцы разгарнулі свой гастранамічны фэст. Здаецца, толькі ў нас прапаноўвалі паўдзельнічаць у майстар-класе па ткацтве паясоў у старажытнай беларускай тэхніцы. І аграбільярд у ляхавічан працаваў, і яблычныя шашкі – усё з густам, крэатывам. А галоўнае, з любоўю. Кожны з 16 раёнаў імкнуўся зрабіць свой падворак унікальным – і так атрымалася!

Лакацый, здаецца, тысячы. Усюды хацелася паспець, прадэгуставаць прапановы прадпрыемстваў і арганізацый вобласці – сыры, бакалея, газіроўка, марожанае, малочная прадукцыя, выпечка – усё для гасцей свята. Старалася здзівіць і Ляхавіцкае райпо – чэргі каля нашых вітрын не спыняліся. Па водгуках, асабліва спадабалася кааппрамаўская выпечка – ляхавіцкае лепшае!
Традыцыйнае шэсце паклала пачатак святочным урачыстасцям. Кожная дэлегацыя імкнулася стварыць вобраз, які б вылучаў сярод іншых, які б дэманстраваў характар рэгіёна, гаварыў пра яго працавітых людзей і здабыткі. Ляхавічане паказалі, што кожнае з нашых прадпрыемстваў – гэта элементы адзінага вялікага механізму, што працуе на дабрабыт раёна і краіны. Наша працавітае сёння заснавана на традыцыях працавітых пакаленняў, наша заўтра – гэта нашы дзеці, якія вучацца працавітасці і павазе да зямлі ў сваіх бацькоў. Ляхавічан віталі гучна, у авацыях і віншаваннях!

Героі жніва

Святочная сцэна «Дажынак» – гэта арэна гонару, гэта святочны эпілог аграрнага жыцця. Сімвал удалага завяршэння жніва і працвітання Брэстчыны – каравай са збожжа новага ўраджаю – узнімае кіраўнік вобласці Пётр Пархомчык.

Жніўныя будні заўжды пад асаблівым кантролем Кіраўніка дзяржавы. У прывітальным адрасе хлебаробам Брэстчыны ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі адзначалася, што з году ў год брэсцкая зямля здзіўляе шчодрас-цю збожжавай нівы. І не толькі ёю. Галоўнае багацце рэгіёна – гэта працавітыя, мэтанакіраваныя людзі, якія шчыра любяць родны край, умеюць працаваць і заўсёды нацэлены на максімальны вынік. Яшчэ адна каштоўная якасць палешукоў – не пасаваць перад цяжкасцямі. Сёлета прырода неаднаразова выпрабоўвала вас на трываласць, аднак і гэты экзамен вы вытрымалі з гонарам, першымі ў краіне завяршылі жніво са значнай вагой абласнога каравая звыш 1,6 мільёна тон.
Прывітальны адрас старшыні аблвыканкама, заслужаныя ўзнагароды героям жніва перадаў намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка.

– Гісторыя «Дажынак» Брэстчыны – гэта наша з вамі гісторыя. Гісторыя тых, хто абраў справай свайго жыцця працу на зямлі, хто гатовы ваяваць з прыродай за кожны пагодлівы дзень, асвойваць новыя тэхніку і тэхналогіі для высокага ўраджаю. А яшчэ гэта лёс дзясяткаў гарадоў і пасёлкаў, якія пасля «Дажынак» атрымалі імпульс для далейшага развіцця, – адзначыў Пётр Пархомчык.

Як падкрэсліў старшыня аблвыканкама, сёлета парадаваў азімы рапс. Валавы намалот – 237 тысяч тон – перасягнуў леташні на трэць, і ўраджайнасць вырасла на 6,5 цэнтнера. Сапраўдны майстар-клас паказалі хлебаробы гаспадарак «Рубельскі» Столінскага, «Шлях новы» і «Жарабковічы» Ляхавіцкага, «Шані-аграпрадукт» Пружанскага раёнаў, дзе ўраджайнасць рапсу звыш 50 цэнтнераў з гектара.
Сэрца радуецца і гонар ахоплівае, калі амаль у кожнай намінацыі абласнога спаборніцтва сярод пераможцаў гучаць імёны ляхавіцкіх хлебаробаў. Для нас гэта нагода чарговы раз сказаць дзякуй нашым рупліўцам, нашым людзям!
Самы хвалюючы момант дажыначнага свята – на сцэне лепшыя хлебаробы і перадавікі, якія занялі першыя месцы ў абласным спаборніцтве.
Ляхавічане падтрымліваюць сваіх герояў жніва. З першым залатым месцам сярод галоўных інжынераў сельскагаспадарчых і іншых арганізацый (іх філіялаў), якія забяспечылі найбольшую сезонную выпрацоўку на ўмоўны збожжаўборачны камбайн, віншуем Міхаіла Пятроўскага з ААТ «Жарабковічы».
Наступная намінацыя – і жніўнае золата сярод экіпажаў камбайнераў і старэйшых камбайнераў сельскагаспадарчых і іншых арганізацый (іх філіялаў), якія дабіліся максімальнага ўмоўнага намалоту збожжа на камбайн, у тандэма ААТ «Жарабковічы» ў складзе Віктара Клемяні і Сяргея Зянько. Іх калегі Сяргей Бурак і Раман Папко сталі другімі ў абласных жніўных стартах. Трэцяе месца зноў у жарабковіцкіх хлебаробаў Георгія Жука і Аляксандра Пронькі.

Нароўні з вопытнымі аграрыямі на жніве-2026 на Брэстчыне працавалі 111 маладзёжных і 141 сямейны экіпаж, 171 малады вадзіцель. І ў маладзёжным этапе ляхавічане адзначыліся залатымі вынікамі. Не спыняюцца авацыі ў адрас землякоў – маладыя і лепшыя, першыя ў вобласці сярод экіпажаў камбайнераў і старэйшых камбайнераў сельскагаспадарчых і іншых арганізацый (іх філіялаў), якія дабіліся максімальнага ўмоўнага намалоту збожжа на камбайн, – нашы маладыя людзі з ААТ «Шлях новы» Аляксандр і Яўгеній Камінскія. А ў Андрэя Войтуля з ААТ «Жарабковічы» другі жніўны сезон прынёс пераможнае трэцяе месца на вобласці.
Вадзіцель з ААТ «Жарабковічы» Уладзіслаў Бурак скарыў раённыя рэкорды і заваяваў першае месца на вобласці сярод вадзіцеляў і маладых вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць адвозку збожжа ад камбайнаў.
Узнагароды працягваюць аператары ЗСК. І тут мы паставілі свае рэкорды. Сярод звёнаў брыгад зернесушыльных установак, якія занялі першае месца, нашы землякі з ААТ «Жарабковічы» Вадзім Кудзін і Ігар Літвіновіч. Другое месца ска-рылася іх напарнікам Аляксандру Пілецкаму і Віктару Лойку.
Жніво аб’ядноўвае не толькі тых, хто кожны працоўны дзень пачынае ў сельскагаспадарчых каардынатах. Ёсць тыя, хто свой летні адпачынак прысвячае жніўнай гісторыі. На абласной сцэне інжынер па падрыхтоўцы кадраў Ляхавіцкага лясгаса Марта Граблюк і старшы інструктар-выратавальнік Ляхавіцкага РАНС Сяргей Зянько. Пад апладысменты землякоў ім уручаны Падзячныя пісьмы Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.

Дажыначнае свята – гэта пра сучаснасць, гэта пра тут і цяпер. Тым больш калі жніўныя сюжэты залятаюць на шматтысячныя прагляды і лайкі ў сацсетках. Упершыню ў гісторыі правядзення аграрнага фестывалю заснаваны спецыяльныя намінацыі для тых, хто звязаў сваё жыццё з сельскай гаспадаркай і стаў прадаўжальнікам слаўных традыцый, закладзеных старэйшым пакаленнем. У адной з новых намінацый «Голас жатвы» гучала імя прыгожай прадстаўніцы з ААТ «Нача». У сваіх сацыяльных сетках аграблогер аграном, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Алена Неміровіч расказвае, як адчувае ўборачны працэс, дэманструе падпісчыкам няпростыя будні хлебаробаў, перадае ўсю рамантыку жніўных сюжэтаў.
Час бяжыць настолькі хутка, што яшчэ нядаўнія дажыначныя клопаты і хваляванні сталі чарговай старонкай у летапісе фестывалю. А гасцям аграгарадка Жамчужны яно запомніцца як свята хлебасольных працавітых людзей. Свята, якое зрабіла населены пункт яшчэ больш прыгожым і ўтульным.
…Гісторыя «Дажынак» – гэта гісторыя моцных людзей. Ляхавіччыне двойчы шчасціла прымаць у сябе самых працавітых людзей жніва. Першай лакацыяй абласнога аграфэсту ў 1996 годзе стаў Столін, ён і стане сталіцай «Дажынак-2027». Да сустрэчы на Століншчыне з новымі рэкордамі і дасягненнямі!

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.