Два дамы — адна праблема. Частка пытанняў, з якімі жыхары раёна звяртаюцца на гарачую лінію «ЛВ», вырашаецца непасрэдна па тэлефоне
Частка пытанняў, з якімі жыхары раёна звяртаюцца на гарачую лінію «ЛВ», вырашаецца непасрэдна па тэлефоне. Але ёсць такія тэмы, разабрацца ў якіх без выезду на месца праблематычна. Так атрымалася і пасля звароту ў раёнку жыхаркі Задвор’я, якая расказала пра праблему, што хвалюе не першы год.
Сутнасць справы ў тым, што дваровыя тэрыторыі дамоў № 30 і № 32 па вуліцы Камсамольскай у Задвор’і, а таксама пад’язная дарога да дома № 32 даўно патрабуюць добраўпарадкавання. Жыльцы дамоў адчуваюць нямала нязручнасцей.
Не адкладваючы на потым, карэспандэнты «ЛВ» разам з намеснікам дырэктара КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Віталіем Калупановічам адправіліся ў Задвор’е па згаданым адрасе. Разбіраліся ў праблеме разам з жыльцамі шматкватэрнікаў.
– Нашы дамы пабудаваны ў 1991 годзе, і з таго часу маштабнага добраўпарадкавання дваровых тэрыторый не было. Так, камунгас паставіў некалькі гадоў назад новую лаўку, жыльцы дамоў прыбіраюць двары, каля пад’ездаў, арганізоўваем суботнікі. Але самі поўнасцю зрабіць добраўпарадкаванне з заменай асфальту мы не ў сілах. Зразумела, што за больш чым тры дзесяцігоддзі асфальтавае пакрыццё дарожак, падыходаў да пад’ездаў разбурылася.
Бачна, колькі ям, якія дастаўляюць непрыемнасці асабліва пасля дажджоў. Неўладкаванасць адчувальная і на стаянцы для аўтамабіляў, якая да таго ж і зусім малая па памерах, разлічаная на некалькі аўто. Небяспеку ўяўляе і ліхтар над дзіцячай пляцоўкай, які ад моцнага ветру можа зламацца ў любую хвіліну. Але асабліва нас непакоіць стан пад’язной дарогі – там яма на яме. А гэта адзінае месца, дзе можна і на машыне праехаць, і пешшу прайсці да дамоў, – расказвае тутэйшая жыхарка Ганна Чалевіч.
Рэальная карціна поўнасцю адпавядае сказанаму. Віталій Калупановіч пасля агляду тэрыторыі пракаментаваў сітуацыю і падрабязна расказаў як пра сёлетнія планы па навядзенні парадку, так і пра перспектыўнае добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый гэтых шматкватэрнікаў па вуліцы Камсамольскай.
– Калі ўсталюецца больш сухое надвор’е, правядзём грэйдзіраванне пад’язной дарогі, а пры неабходнасці некаторыя ўчасткі падсыплем пясчана-гравійнай сумессю. Што тычыцца асфальтавання дарожак, пашырэння аўтастаянкі, іншых работ па добраўпарадкаванні, то яны фінансуюцца з абласнога бюджэту, які на наступны год фармі-
руецца згодна з пададзенымі заяўкамі і згодна з першачарговасцю тых ці іншых работ. Адпаведная заяўка па дваровых тэрыторыях дамоў № 30 і 32 па вуліцы Камсамольскай у Задвор’і будзе пададзена сёлета. Усё астатняе залежыць ад фінансавання, – патлумачыў Віталій Калупановіч. А вось ліхтар на дзіцячай пляцоўцы ў бліжэйшы час будзе дэманціраваны.
Вынікі дыялога задаволілі ўсе бакі. Чакаем працягу.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.










