У вёску прыедзе ФАП. Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца атрымала перасоўны ФАП. І гэта сапраўдны падарунак

Традыцыя, накіраваная на стваральнасць і дабрабыт, – да чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрываць новыя сацыяльныя, вытворчыя, культурныя, спартыўныя аб’екты. Нямала такіх падарункаў у свой час атрымана і на Ляхавіччыне. Вось і сёлета напярэдадні свята ў райбальніцы абноўка. У Ляхавіцкі раён прыехаў першы перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт.

– У раёне для абслугоў-вання сельскага насель-ніцтва дзейнічаюць 8 амбу-латорый урача агульнай практыкі і 16 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Разам з тым нямала населеных пунктаў, у тым ліку тых, дзе жыве да дзясятка чалавек, у асноўным пажылыя, дзе адсутнічае стацыянарная медыцынская дапамога. Таму перасоўны ФАП – выдатная альтэрнатыва стацыянарным. Перасоўны ФАП даедзе да самага аддаленага населенага пункта, і ў гэтым яго перавага. Ён будзе ездзіць з панядзелка па пятніцу па вёсках, дзе няма медустаноў. Гэта сучасны медыцынскі комплекс на колах, аснаш-чаны ўсім неабходным як для аказання першаснай меддапамогі (памераць ціск, тэмпературу, правесці агляд), для правядзення дыягнастычных працэдур (здаць аналіз крыві, зрабіць электракардыяграму), так і для прафілактычных аглядаў, у тым ліку тут можна будзе прайсці
дыспансерызацыю. Усім гэтым будзе займацца работнік перасоўнага комплексу – фельчар ці памочнік урача. Дарэчы, створаны належныя ўмовы як для медработнікаў, так і для пацыентаў.
Акрамя таго, на такім ФАПе можна будзе атрымаць спецыялізаваную дапамогу ўрача вузкага профілю. Алгарытм выезду ўрачоў яшчэ прапрацоўваецца. Плошча спецыялізаванага аўто заніравана: для агляду пацыентаў і правядзення медыцынскіх маніпуляцый устаноўлены кушэткі, столікі, арганізаваны месцы для агляду, забору аналізаў, халадзільнік для захоўвання медыкаментаў і вакцын, ёсць у наяўнасці і генератар для аўтаномнай работы. Прадумана і месца для чакання прыёму, – расказвае намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Святлана Юнік.


Плануецца, што перасоўны ФАП за рабочую змену будзе абслугоўваць адзін-два населеныя пункты ў залежнасці ад колькасці пацыентаў. Акрамя таго, такі медкомплекс будзе задзейнічаны па меры неабходнасці падчас медагляду ці правядзення дыспансерызацыі з выездам непасрэдна на прадпрыем-ствы ці ў арганізацыі.
Што тычыцца графіка работы перасоўна ФАПа, то ён пакуль удакладняецца. Інфармацыя будзе размяшчацца штомесяц на сайце Ляхавіцкай ЦРБ, старонках «ЛВ», у АУАП і ФАПах, у сельвыканкамах.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва ЦРБ.

Галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Аляксей Майсей паведаміў,
што перасоўны ФАП коштам 286 тысяч рублёў набыты за сродкі рэспубліканскага бюджэту ў межах дзяржаўнай праграмы развіцця першаснай медыка-санітарнай дапамогі  ў сельскай мясцовасці.