Ахвота да палявання.Якую цікавую для аматарскага паляўнічага промыслу дзічыну можна сустрэць у лясах, водна-балотных лакацыях Ляхавіцкага раёна

У Беларусі лістапад аб’яўлены месяцам паляўнічага турызму. І гэта – нагода пагутарыць з вядучым паляўніцтвазнаўцам міжраённай арганізацыйнай структуры РДГА БТПР Віктарам Патапчыкам пра тое, якія віды дзічыны ўяўляюць найбольшую цікавасць для паляўнічых, ці водзяцца ў нашых лясах рысі і многае іншае.
А пачалі з пытання, што ўяўляюць сабой угоддзі Ляхавіцкай аргструктуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Па інфармацыі Віктара Патапчыка, «яго» паляўнічыя плошчы раскінуты на больш як 67 тысячах гектараў. Гэта пераважна лясы і лясістая мясцовасць раёна, ёсць таксама водна-балотныя, лугавыя і палявыя лакацыі, дзе ў пэўны перыяд года не забараняецца знаходзіцца чалавеку з паляўнічай стрэльбай у руках. Між іншым, людзей, якія на законных падставах могуць лічыць сябе паляўнічымі, маюць права атрымаць адпаведную пуцёўку і выйсці на здабычу таго ці іншага віду дзічыны, на Ляхавіччыне больш за дзве сотні.
На пытанне, якую цікавую для аматарскага паляўнічага промыслу дзічыну можна сустрэць у лясах, водна-балотных лакацыях
раёна, спецыяліст патлумачыў: «Усю характэрную для нашай мясцовасці». З птушак найбольшае распаўсюджанне маюць некалькі відаў дзікай качкі, ёсць гусі, вальдшнэп. І гэтым лістападаўскім часам паляванне на кожны з названых відаў птушынага царства працягваецца. Дастаткова ў раённых паляўнічых прасторах зайца, іншага дробнага футравага звера. Напрыклад, барсука, бабра, куніцы, вавёркі. Нямала і прадстаўнікоў так званых нежаданых відаў дзічыны: лісіцы, янотападобнага сабакі, дазвол на паляванне якіх, а таксама ваўка і дзіка з’яўляецца адкрытым на працягу ўсяго
каляндарнага года.
– Сустракацца з рыссю ў дзікай прыродзе мне не выпадала. Але некаторыя з сяброў-паляўнічых запэўніваюць, што даводзілася «натыкацца» на сляды, пакінутыя чырванакніжнай драпежніцай, – тлумачыць паляўніцтвазнавец.
Што тычыцца капытных лясных насельнікаў, то і яны ва ўгоддзях раённай паляўнічай арганізацыйнай структуры не з’яўляюцца рэдкімі гасцямі. Ёсць еўрапейская казуля, высакародны алень і, канешне ж, лось, які з’яўляецца самым буйным прадстаўніком дзічыны ў паляўнічых угодзях Ляхавіччыны.
– Калі не ўсе, то большасць паляўнічых жадаюць здабыць асобіну нейкай дзікай капытнай жывёлы. Найлепш – лася, пажадана так званага трафейнага. А некаторыя асобныя выходзяць на паляўнічую сцежку спецыяльна за трафейным экзэмплярам гэтай магутнай грацыёзнай жывёлы. За спробу «ўпаляваць» сахатага ў выпадку паляўнічай удачы гатовы ахвяраваць суткамі вольнага часу і сур’ёзнымі грашовымі сумамі. Удачы здараюцца не часта, але ж бываюць. На трафейнае паляванне ў наш раён едуць аматары з Мінска і вобласці, з Брэста і Баранавічаў. Ёсць, канешне ж, і мясцовыя, – расказвае Віктар Патапчык.
У адзін з зімовых месяцаў ва ўгоддзях аргструктуры пройдзе штогадовая працэдура па падліку колькасці паляўнічай дзічыны. На падставе чаго аналагічная абласная структура вызначае раёнам квоты на здабычу асобных відаў паляўнічай дзічыны. У бягучым годзе Ляхавіцкай раённай арганізацыйнай структуры БТПР дазволена здабыць 106 асобін бабра, 306 казуль, пяць аленяў, 45 асобін лася. Ні па адным з названых відаў жывёлы квоты яшчэ далёка не выбраны. А значыць – паляванне працягваецца, і ахвотнікам гэтага хобі рана зачахляць стрэльбы.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

