Веснавыя палы зарэгістраваны ў Ляхавіцкім раёне

З надыходам вясенне-летняга пажаранебяспечнага перыяду ў Ляхавіцкім раёне зарэгістраваны першыя выпадкі выпальвання сухой травы, развядзення вогнішчаў з парушэннем правілаў пажарнай бяспекі. За даныя парушэнні 5 чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

На гэтым тыдні падраздзяленні РАНС выязджалі на ліквідацыю палаў ў вёсках Рачканы, Пашкоўцы, Траццякоўцы, Падсаколле. Выратавальнікам удалося прадухіліць распаўсюджванне агню на бліжэйшыя пабудовы. Падчас сумеснага рэйду работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Ляхавіцкага ПМС, лясгаса па населеных пунктах Крывошынскага і Востраўскага сельсаветаў выяўлены факты гарэння тарфянікаў ва ўрочышчы Купішча, што ў Свяціцы, і Дзерціва паблізу Забер’я. Выяўленыя ўзгаранні ліквідаваны.

Выпальванне сухой расліннасці забаронена законам. Але многія гаспадары паляць траву, ствараючы тым самым пагрозу узгарання будынкаў, прыпаркаванага недалёка транспарту. Полымя цяжка спыніць, і пацярпець можа не толькі маёмасць, але і сам падпальшчык.

Дзеля папярэджання пажараў ад выпальвання сухой расліннасці тэрыторыя аб’ектаў павінна быць ачышчана ад сухой травы і лісця, смецця і адходаў. Сушыць і сціртаваць скошаную траву на тэрыторыі аб’ектаў не дазваляецца, за выключэннем спецыяльна адведзеных для гэтых мэт месцаў. Забараняецца выпальванне расліннасці, іржышча.

На тэрыторыях баз адпачынку, дачных кааператываў, садаводчых таварыстваў, прысядзібных тэрыторыях жылых дамоў дапускаецца кантраляванае развядзенне вогнішчаў, размяшчэнне спецыяльных прыстасаванняў (мангала, барбекю) пры ўмове прыняцця мераў па нераспаўсюджванні гарэння за межы пляцоўкі, пастаяннага кантролю за працэсам гарэння і забеспячэння сродкамі тушэння: вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, рыдлёўка і

г. д. Разводзіць вогнішчы трэба на адлегласці не менш як

10 м ад будынкаў, 20 м — ад лясных масіваў,

30 м — ад сціртаў сена і саломы. Адлегласць ад спецыяльных прыстасаванняў для прыгатавання ежы да будынкаў павінна быць не менш як 4 м.

За распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана папярэджанне або штраф да 12 БВ.

У выпадку выяўлення загарання сухой расліннасці паспрабуйце патушыць агонь самастойна, калі плошча загарання невялікая. Пры тушэнні можна выкарыстоўваць звязку дубцоў (у выглядзе веніка). Збівайце агонь з краю — гэта самы просты і эфектыўны спосаб тушэння. Калі ліквідаваць ачаг пажару не ўдалося або полымя распаўсюдзілася на значную плошчу, неадкладна паведамце аб гэтым у дзяжурную службу РАНС па тэлефоне 101 альбо 112.

Ірына ТУКАЙ, спецыяліст РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *