Дыялог без пустых абяцанняў. У Дараўскім СДК прайшоў сход па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння

Дарогі, вада і вулічнае асвятленне – асноўныя праблемы, абазначаныя жыхарамі Конькаўскага сельсавета падчас сходу па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, які прайшоў 7 лютага ў Дараўскім СДК.

Фармат сустрэчы кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый з насельніцтвам традыцыйны – спачатку справаздача адказных асоб, а затым пытанні-адказы. Дыялог без пустых абяцанняў і з разуменнем набалелага.


Пра сацыяльна-эканамічнае развіццё сельсавета расказаў старшыня сельвыканкама Мікалай Прыхач. У пераліку зробленага – асфальтаванне вуліцы Якуба Коласа і вуліцы Маскоўскай каля Дараўскай СШ у Літве, выканана падсыпка гравійнай дарогі Дарава –
Лабузы. Заменена на святлодыёдныя 145 ліхтароў. Выраблена праектна-каштарысная дакументацыя па мадэрнізацыі электразабеспячэння вёскі Зарэчча. Мадэрнізацыя ЛЭП чакае і вёску Чвыры.
Вядзецца распрацоўка квартала індывідуальнай забудовы ў вёсцы Літва. Летась выкананы праектныя работы. Сёлета выдзелены сродкі на выраб архітэктурнага праекта, а таксама сродкі на завяршэнне праектавання і будаўніцтва чыгуначнага пераезда ў вёсцы Зарэчча, будаўніцтва запланавана на другі-трэці квартал. На 2024 год, па словах старшыні сельвыканкама, запланавана работа па паляпшэнні водазабеспячэння населеных пунктаў Літва, Конькі, Дарава-Чыж.
Жыхары сельсавета агучылі праблему асвятлення населеных пунктаў. Каля дома 33 па вуліцы Камсамольскай у Літве цёмны вугал. Прагучала просьба зрабіць яго святлейшым, а таксама і падыход да школы. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз даручыў камунгасу і раёну электрасетак сумесна з сельвыканкамам абследаваць дзеючыя ліхтары і высветліць іх працаздольнасць. Пра важнасць асвятлення пад’язнога шляху ў Дарава-Чыж кіраўніцтва раёна ведае і стараецца праблему вырашыць. Але для гэтага патрабуецца час, падкрэсліў кіраўнік раёна.
Другая праблема – дарогі. Жыхары вёскі Літва перадалі калектыўны зварот па якасці дарожнага пакрыцця намесніку старшыні райвыканкама Аляксею Галяку. Выказаны нараканні і на стан праезнай часткі на завулку Леніна ў бок школы і ФАПа ў Літве.
Па вуліцы Камсамольскай у Літве камунгас праклаў водаправод, але пасля праведзеных работ не прыбраў. Кіраўнік раёна даручыў ухіліць парушэнні і аднавіць дарожнае пакрыццё.
Якасць абрэзкі дрэў, выдзяленне пашы для выпасу кароў прыватнага статка, падсыпка вуліцы Кірава ў Літве, абсталяванне месца збору дзяцей для падвозу ў Дараўскую СШ – гэтыя і іншыя пытанні агучаны аграгараджанамі і вяскоўцамі на сходзе. Некаторыя з іх разгледжаны на месцы, іншыя ўзяты на кантроль і будуць вырашацца. Як, напрыклад, забеспячэнне бяспекі падвозу дзяцей. Намеснік старшыні райвыканкама Галіна Бацэнка ў бліжэйшы час сустрэнецца з бацькамі навучэнцаў Дараўскай СШ, якіх да ўстановы адукацыі дастаўляе школьны аўтобус.
Адна з праблем жыхароў Конькаўскага сельсавета – якасць вады. Станцыя абязжалезвання ў Літве працуе, але вада мутная, што і прадэманстравала адна з мясцовых жыхарак. Пачуты і гэты зварот.
Пра тое, што няма невырашальных пытанняў, сведчыць стан фермы ў Літве, якая яшчэ некалькі гадоў назад знаходзілася на мяжы закрыцця.
Пасля ўвядзення першай чаргі новай МТФ справы пайшлі на лад. Створаны ўмовы і для рагуль, і для работнікаў.
Прысутныя на сходзе працаўнікі папрасілі правесці ў Дараве «Дажынкі». Па словах кіраўніцтва раёна, гэта магчыма пры ўмове станоўчага стабільнага эканамічнага плюса ў гаспадарцы.
Гандлёвая тэма – таксама сярод актуальных. Вяскоўцы з Літвы хвалююцца, што будзе закрыты мясцовы магазін. Чуткі абверглі намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран і старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч. Ёсць пэўная праблема з кадрамі, але гандлёвы аб’ект будзе працаваць.
Літва і Дарава – населеныя пункты, якія з’яўляюцца варотамі Ляхавіччыны, і работа па іх добраўпарадкаванні
будзе прадоўжана, падвёў вынік сустрэчы Мікалай Мароз і выказаў пажаданне насельніцтву быць у сваіх населеных пунктах памочнікамі ўлады, каб былі зваротная сувязь і нераўнадушнае стаўленне да справы.