Маладая, ранняя, сухая. СВК «Шлях новы» ў ліку першых у Ляхавіцкім раёне прыступіў да яравой сяўбы

Галоўны аграном СВК «Шлях новы» Аляксандр Рамейка, механізатар Генадзій Місько і аграном па ахове раслін Яўгеній Карпейчык.

Маладая і ранняя. Што гэта ва ўсіх адносінах і пры любым раскладзе цудоўная пара года толькі-толькі пачынае адлік свайго часу – несумненна. З фактам яе сёлетняй паспешлівасці спрачацца таксама не даводзіцца. А вось тую акалічнасць, што прыйшоўшая вясна аказалася надзвычай скупой на ваду, у першую чаргу і з незадавальненнем адзначылі для сябе аграрыі. Але адкуль узяцца вільгаці ў глебе, калі снегу было – кот наплакаў? А яна ж сапраўдны эліксір росту для кінутага ў глебу зерня.

— Вільгаці практычна няма. І чым далей, тым горш. У гэтай сувязі рамкі пасяўных тэрмінаў становяцца яшчэ больш жорсткімі – каб не перасушыць. Спецыяльны агратэхнічны прыём – закрыццё вільгаці – мы выканалі, але праблема гэтым не здымаецца, – пад акампанемент працуючага пасяўнога агрэгата разважае галоўны аграном СВК “Шлях новы” Аляксандр Рамейка. Гаспадарка ў ліку першых у раёне прыступіла да яравой сяўбы. У мінулую сераду на яравым палетку працавала адна пасяўная машына.

– Пакуль не час надзвычай фарсіраваць работы. Далёка не ўсе палі і ўчасткі выйшлі на стан пасяўной спеласці. Поле, дзе мы знаходзімся, – адна з былых дараўскіх горак, характэрна значным утрыманнем пяскоў. Такія землі паспяваюць раней, першымі і засяваюцца. Але ў любы момант, а ён, думаю, наступіць з дня на дзень, мы гатовы запусціць у работу яшчэ тройку камбінаваных пасяўных агрэгатаў. Падрыхтавалі і старыя добрыя зерневыя ўніверсальныя сеялкі. Але іх функцыя – падсеў траў пад азімыя культуры, – дзеліцца надзённым галоўны спецыяліст.

У новы яравы сезон гаспадарнікі “Шляху новага” стартавалі з сяўбы аўса. Нешта накшталт лёгкай размінкі перад днямі інтэнсіўнай, па-за рамкамі часовых абмежаванняў працы. Адведзеныя ў гэтым годзе пад авёс 25 гектараў былі ўзяты на адным дыханні, на адной запраўцы трактара-цягача.

Далей – больш: у пасяўным раскладзе “Шляху новага” адных толькі ранніх яравых культур каля 1300 гектараў. Звычайная класіка з улікам фактара рынкавай запатрабаванасці і эканамічнай прывабнасці той ці іншай сельскагаспадарчай культуры: амаль паўтысячагектарны ячменны клін, пад дзве сотні гектараў яравой пшаніцы. Плюс зернебабовыя, травы аднагадовыя, асобныя іншыя культуры.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *