ААТ «Нача». Права на святочны піт-стоп

Калі да жывёлы з увагай – будзе і малако, і прывагі

 Увесь апошні час ААТ «Нача» будуецца. На базе старадаўняй Зубелевіцкай фермы за некалькі гадоў і ў некалькі этапаў вырас, па сутнасці, новы высокатэхналагічны малочнатаварны комплекс.

Механізатар Віктар Кунцэвіч занесены на раённую Галерэю славы.

Усё, як і патрабуюць апошнія жывёлагадоўчыя веянні: даільная зала-аўтамат, узведзены з нуля новы кароўнік, іншы, які прайшоў працэдуру самай глыбокай мадэрнізацыі, сёння выглядае не менш прэзентабельна. Нядаўна побач з кароўнікамі з’явілася не зусім звычайнае памяшканне для пастаноўкі маладняку буйной рагатай жывёлы. Яркіх фарбаў вонкавая абшыўка, лёгкая настолькі, што здаецца амаль паветранай. Тым не менш, кажуць, што са сваімі цеплавымі функцыямі такія памяшканні спраўляюцца.
«Нача» з’яўляецца рэдкім у раёне сельскагаспадарчым прадпрыемствам, дзе за перыяд 2021 года не было дапушчана змяншэння статка буйной рагатай жывёлы. Наадварот, у параўнанні з папярэднім годам ён няслаба вырас – амаль на тры сотні галоў – больш як на восем працэнтных пунктаў. Падняліся і па колькасці дойнай жывёлы, што выгадным чынам адбілася на вытворчасці малака, аб’ёмах яго рэалізацыі, паказчыку таварнасці.
Гаспадарка штатна правяла корманарыхтоўчую кампанію. Цікавым у гэтым сэнсе выглядае факт таго, што сена гаспадарка нарыхтавала больш за 700 тон. Тым самым ледзь ці не ўтрая перавысіўшы сваё ж планавае па гэтым відзе корму заданне.
Паспяхова, у адпаведнасці з тэхналагічнымі рамкамі, справіліся з пасяўной восенню, заданнем па перадзімовым узворванні глебы. Усё гэта таксама азначае: працаўнікі гаспадаркі шматразова заслужылі права на святочны піт-стоп.