Цэнтр, дзе жыве душа. Іудаізм

Цэнтры прыцягнення для ўсіх рэлігійных канфесій прапанаваў стварыць у краіне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лютага 2025 года на сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій

Аб’яднанне іудзейскіх рэлігійных суполак на пасяджэнні савета аб’яднання 19 жніўня 2025 года вызначыла ў якасці духоўнага цэнтра іудаізму сінагогу ў горадзе Бабруйску па вуліцы Сацыялістычнай, 36.

Цяпер побач з бабруйскай сінагогай, узведзенай у 1901 годзе, уладкаваны архітэктурна-гістарычны ансамбль «Яўрэйскі дворык», у якім, у тым ліку, пабудавана «Сцяна плачу» і ўстаноўлены помнік воінам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. У самой сінагозе сіламі іудзейскай рэлігійнай суполкі праведзены капітальны рамонт.
Бабруйск, з’яўляючыся буйным адміністрацыйным цэнтрам зоны аседласці Расійскай імперыі, у XIX стагоддзі стаў культурным і грамадска-палітычным цэнтрам беларускіх яўрэяў. Па стане на 1897 год у горадзе дзейнічала 40 сінагог.

На сёння бабруйская сінагога па вуліцы Сацыялістычнай, 36 з’яўляецца славутасцю горада і цэнтрам прыцягнення турыстаў. Штогод яе наведваюць больш як 20 тысяч чалавек. У 2024 годзе сінагога заняла другое месца ў намінацыі «рэлігійны турызм» рэспубліканскага конкурсу «Пазнай Беларусь».