Стаўка на бяспеку. Прафілактыка гібелі і траўматызму дзяцей ад пажараў з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Ляхавіцкага РАНС

Прафілактыка гібелі і траўматызму дзяцей ад пажараў з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. У той жа час, нягледзячы на прафілактычныя мерапрыемствы з сем’ямі, якія выхоўваюць дзяцей, у бягучым годзе ў рэспубліцы ад пажараў зарэгістравана гібель 4 непаўналетніх, у тым ліку адбыўся пажар з групавой гібеллю. 8 сакавіка ў прыватным доме ў Мастоўскім раёне здарылася трагедыя. Бацька сямейства пакінуў без нагляду 3 дзяцей, якія ўзялі запалкі і падпалілі шафу з адзеннем. Выбрацца з хаты яны не змаглі, бо былі зачынены звонку на замок. Падраздзяленні МНС, якія прыбылі на месца здарэння, знайшлі малых нежывымі. У Ляхавіцкім раёне дзіцячай гібелі не дапушчана.

Асноўнай умовай, якая абумоўлiвае павышаную рызыку дзіцячай смяротнасці ад надзвычайных сітуацый, з’яўляецца, так званы, чалавечы фактар — неасцярожныя дзеянні грамадзян, у тым ліку астаўленне дзяцей без нагляду дарослых. У мінулым годзе ў 9 з 14 выпадкаў гібелі дзеці былі прадастаўлены самі сабе. У аг. Тальмінавічы Ляхавіцкага раёна летась зарэгістраваны выпадак астаўлення малалетніх без нагляду, па шчасці, бяда абыйшла.

Работнікі  РАНС з мэтай папярэджання няшчасных выпадкаў з удзелам дзяцей праводзяць прафілактычную работу з навучэнцамі школ і дзіцячых садоў праз трэнінгі, тэматычныя гутаркі па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці, кіналекторыі, конкурсы і алімпіяды. У сакавіку ў рамках акцыі «Дзень бяспекі. Увага ўсім!», прысвечанай Сусветнаму дню грамадзянскай абароны, у агульнаадукацыйных установах раёна прайшлі практычныя адпрацоўкі планаў эвакуацыі, навучэнцам і педагагічнаму складу даведзены дзеянні па сігналу «Увага ўсім!», праведзена адукацыйна-выхаваўчая работа ў галіне абароны ад НС прыроднага і тэхнагеннага характару, на практыцы прадэманстравана работа першасных сродкаў пажаратушэння.

Пільная ўвага надаецца прафілактычнай і тлумачальнай працы з сем’ямі, якія выхоўваюць дзяцей. У раёне налічваецца 332 шматдзетныя сем’і, якія выхоўваюць 3 і больш непаўналетніх дзяцей, у 5 з іх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З наяўных 1317 сем’яў, якія выхоўваюць 1-2 дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, 20 прызнаны сацыяльна небяспечнымі. На сённяшні дзень абследаваны супрацьпажарны стан у 734 сем’ях з 1-2 дзецьмі і ў 70 шматдзетных сем’ях. Работа накіравана на выяўленне фактаў пражывання дзяцей у домаўладаннях, якія не адпавядаюць патрабаванням пажарнай бяспекі і ўяўляюць непасрэдную пагрозу ўзнікнення пажару, наяўнасці рызыкі для жыцця і здароўя дзіцяці, прыняцце вычарпальных мераў адміністрацыйнай адказнасці.

Пачаліся веснавыя канікулы. Многія дзеці адправяцца ў госці да бабуляў у вёску, некаторыя застануцца дома, аднак у любым выпадку кожнаму з іх неабходна нагадаць асноўныя правілы бяспекі. Недахоп пэўных ведаў і практычных навыкаў робіць іх неабароненымі перад тварам небяспекі. Не пакідайце дзяцей дома адных, хавайце запалкі, незнаёмыя прадметы ў недаступных месцах, не дазваляйце малалетнім самастойна карыстацца газавымі і электрапрыборамі, знаходзіцца каля печаў. Растлумачце дзіцяці небяспеку гульні з агнём, недапушчальнасць распальвання вогнішчаў і спальвання сухой травы. Навучыце сваё дзіця не панікаваць ў небяспечнай сітуацыі, пры пажары не хавацца, а выбягаць на вуліцу, клікаць на дапамогу дарослых, тэлефанаваць у службу выратавання па тэлефоне 101.

За астаўленне ў небяспецы прадугледжана крымінальная адказнасць з пазбаўленнем волі на тэрмін да 3-х гадоў.

Ірына Тукай, спецыяліст РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *