Правілы, важныя для жыцця. Працягваецца акцыя «Канікулы без дыму і агню»

Расказаць пра важныя рэчы проста, даступна і цікава, навучыць бяспечным паводзінам не толькі школьнікаў, але і дзетсадаўцаў – не самая простая задача. Але супрацоўнікі Ляхавіцкага РАНС паспяхова з ёй спраўляюцца. Падчас традыцыйнай рэспубліканскай акцыі «Канікулы без дыму і агню» выратавальнікі паспелі пабываць ва ўсіх мясцовых прышкольных і аздараўленчых лагерах.

Як паказвае вопыт, такія сустрэчы вельмі карысныя. Дзеці з інтарэсам прыгадвалі, як трэба паводзіць сябе ў лесе і на вадзе, у розных надзвычайных сітуацыях, як у выпадку неабходнасці выклікаць службу выратавання. А яшчэ з задавальненнем глядзелі павучальныя мультфільмы, атрымлівалі падарункі – кнігі і расфарбоўкі на супрацьпажарную тэматыку.

Заўсёды цікавыя для хлопчыкаў і дзяўчынак экскурсіі ў ПАВЧ №1, што ў райцэнтры. З пачатку лета ў нас пабывала ўжо 12 такіх экскурсійных груп. І хаця многія з рабят не ўпершыню ў гасцях у выратавальнікаў, але кожны раз адкрываюць для сябе нешта новае пра прафесію, пажарна-выратавальную тэхніку, замацоўваюць веды па правілах бяспечнай жыццядзейнасці.

У бліжэйшы час выратавальнікі зноў пабываюць у дзіцячых садках, каб падчас гульняў, віктарын, конкурсаў вучыць малышоў элементарным правілам бяспекі.

Дарэчы, такая навука не пашкодзіць і дарослым. У краіне працягваецца акцыя «Клопат пра бяспеку малой радзімы». Чарговая сустрэча з вяскоўцамі прайшла ў Жарабковічах.

Таццяна КАЛГУШКІНА,
інспектар РАНС.