Стратэгія дабрабыту беларусаў. Дэлегаты УНС ад Брэсцкай вобласці абмяркоўвалі Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады

У любой справе палова поспеху – правільная стратэгія. Задача, якая стаіць на бліжэйшую пяцігодку для Беларусі, – развіваючы эканоміку, стварыць камфортнае асяроддзе для жыцця, працы і самарэалізацыі грамадзян у любой кропцы краіны. Беларуская дзяржава на парозе важнейшай грамадска-палітычнай падзеі: у снежні Усебеларускі народны сход вызначыць вектары развіцця, структуруе падыходы і механізмы рэалізацыі пастаўленых задач. А яны амбіцыйныя і, галоўнае, у атмасферы адзінства беларускага народа – рэальныя ў рэалізацыі.

Зараз беларусы абмяркоўваюць праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця – у кожнага свая зацікаўленасць, бо яе напрамкі ствараюць наша жыццё, дабрабыт і камфорт, эканамічную стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. На мінулым тыдні дэлегаты УНС ад Брэсцкай вобласці абмяркоўвалі Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады.
Старшыня аблвыканкама Пётр Пархомчык у прывітальным слове не аднойчы адзначаў, што падчас абмеркаванняў важна пачуць прапановы рэгіёнаў, яны лепш ведаюць сітуацыю на месцах. І ад гэтых прапаноў залежаць мэты, якія мы перад сабой паставім. Брэстчына рэгіён асаблівы – заходнія вароты краіны.
– Мы нясём асаблівую адказнасць за прыгранічча, за абарону грамадзян і інфраструктуры. Брэстчына – зона павышанай стратэгічнай значнасці, і наша задача – гарантаваць бяспеку на ўсіх узроўнях, – адзначыў кіраўнік вобласці.
Да новай пяцігодкі вобласць падыходзіць рэзультатыўна. Як было адзначана, прырост ВРП па ацэнцы перасягне 10 працэнтаў
(другое месца ў рэспубліцы). З пачатку пяцігодкі аб’ём прыцягнутых інвестыцый складзе больш за 2 мільярды рублёў, і гэта амаль у два разы больш, чым за папярэдні пяцігадовы перыяд. Трэцяя частка экспартуемага краінай харчавання – прадукцыя прадпрыемстваў Першага рэгіёна. За кожным дасягненнем – праца землякоў –
людзей, якія штодня працуюць на ўмацаванне нашай стабільнасці, незалежнасці, на павышэнне якасці жыцця.
У сустрэчы прынялі ўдзел міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Юрый Чабатар, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Аляксандр Ломскі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Брылевіч.
Міністр эканомікі дэталёва прадставіў праграму, адзначыў ключавыя прыярытэты. Як было адзначана, дакумент будуецца на сямі асноўных прынцыпах: нацыянальная дэмаграфічная бяспека, развіццё чалавечага патэнцыялу, стварэнне якаснага і камфортнага асяроддзя для жыцця, рост канкурэнтаздольнасці, паскарэнне тэхналагічнага развіцця, лічбавая трансфармацыя, стаўка на моцныя рэгіёны, развіццё турызму, умацаванне абараназдольнасці.
Ляхавіччыну на УНС прадстаўляюць дэлегаты Таццяна Пішч, Іван Патаповіч, Маргарыта Кухта-Маслоўская.
Побач з дэлегатамі і народныя абраннікі. На абмеркаванні прысутнічаў дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Юрый Буйкевіч.
Час не быць назіральнікам, а падключыцца да абмеркаванняў.
18-19 снежня ў Беларусі пройдзе другое пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу. Як адзначалася раней, плануецца зварот Прэзідэнта з Пасланнем да беларускага народа і Парламента, належыць зацвердзіць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку, а таксама вырашыць кадравыя пытанні.

