Не дэсерт, а «Космас». Што зацікавіла пакупнікоў на прылаўках магазінаў «Заводскі» ў Ляхавічах

Гэты прадукт не паспеў з’явіцца на прылаўках магазінаў «Заводскі», як тут жа зацікавіў пакупнікоў. Дэсерт фруктовы з яблыкаў і чарніц з аўсянымі шматкамі «Проста Космас» сёння няўлоўны ласунак.

І гэта не дзіўна. Па-першае, дэсерт унікальны, паколькі яго выпускае толькі Ляхавіцкі кансервавы завод. А па-другое, у рэцэптуры таксама ёсць свой сакрэт. Яго распрацоўкай займаліся ў навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні. Вось у такой вытворчай калабарацыі з’явіўся незвычайны касмічны дэсерт.
– На пачатку гэтага года мы запусцілі работу па вытворчасці ласунка, пасля кансервацыя прайшла трохмесячную вытрымку і адправілася на продаж. Былі прыемна здзіўлены, што дэсерт адразу трапіў у сэрца пакупнікоў. І крыху разгубіліся, бо попыт перавысіў прапанову.
Не падразлічылі з першымі аб’ёмамі, можна было б і больш. Над гэтым пытаннем папрацуем, – адзначыў выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Юрый Цюлянкоў.
Ляхавіцкі кансервавы завод не спыняе радаваць навінкамі. Нядаўна анансавалі выпуск дэсерту «Лімон з цукрам». Даведаліся, на якім этапе працэс. У канцы снежня дэсерт трапіць на трохмесячную вытрымку, а пасля да нас, спажыўцоў. Чакаем! А вось аджыка на піку вытрымкі. І ў студзені можна будзе паставіць адзнаку чарговаму сюрпрызу ад нашага кансервавага.
А напрыканцы лістапада дэсерт «Проста Космас» узяў «золата» ў намінацыі «дэсерты фруктовыя» прэстыжнага рэспубліканскага конкурсу спажывецкіх пераваг «Прадукт года – 2025».
Рыта Красавіцкая.