Тэрыторыя творчасці і ўзаемнай падтрымкі. Дзень інвалідаў, што адзначаецца 3 снежня, для аддзялення ТЦСАН – дата з асаблівым значэннем. Аддзяленне адзначае 15-ы дзень наражэння

«Мой свет у фарбах» – так называецца выстава паштовак
і малюнкаў інваліда II групы ляхавічанкі Ганны Лук’янавай,
якая праходзіць у ляхавіцкай купалаўцы. Гэта сумесны праект цэнтральнай раённай бібліятэкі і аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які атрымаў сімвалічную назву – «Адкрытая старонка». Выстава пацвярджае, што сапраўдная творчасць не мае фізічных абмежаванняў. Пры жаданні можна знайсці ў сабе сілы ствараць і дзяліцца сваім унутраным святлом
з іншымі. Работы Ганны, поўныя жыцця і светлых фарбаў, перадаюць яе аптымізм і любоў да жыцця.
Гэтымі днямі можна натхніцца і вырабамі яшчэ адной таленавітай зямлячкі – Галіны Малевіч, таксама наведвальніцы аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў. З паперы, дроту, тканіны і іншых матэрыялаў яна стварае прыгожыя рэчы, а яшчэ вышывае. Вырабы Галіны даказваюць, што мастацтва – моцная сіла, якая дапамагае перамагаць цяжкасці і знаходзіць радасць у кожным дні. Таленты наведвальнікаў ТЦСАН не ведаюць межаў, і яны гэта
не раз пацвярджалі. Дзень інвалідаў, што адзначаецца 3 снежня, для аддзялення ТЦСАН – дата з асаблівым значэннем. Менавіта 1 снежня 2010 года ў цэнтры адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, якое год назад перайменавана ў аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў. За паўтара дзесяцігоддзі аддзяленне прайшло шлях ад аказання базавай дапамогі да комплекснага суправаджэння, заснаванага на прынцыпах інклюзіі і веры ў патэнцыял кожнага падапечнага.
– Дзейнасць аддзялення накіравана на дапамогу людзям з абмежаваннямі здароўя, каб кожны з іх мог рэалізаваць свае правы на паўнацэннае жыццё, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і самастойны лад жыцця. За 15 гадоў змяніўся і падыход да людзей з інваліднасцю – раней было аддзяленне дзённага знаходжання, у якім працавалі строга па графіку, а сёння землякі могуць прыйсці да нас у любы час з раніцы і да 17 гадзін. Пашырыўся і пералік сацыяльных паслуг, – падкрэслівае загадчык аддзялення Святлана Несцяровіч, якая ўзначальвае падраздзяленне ТЦСАН з першых дзён яго заснавання. Яна добра ведае, якая падтрымка патрабуецца людзям з абмежаванымі магчымасцямі.
Сёння ў аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў вядзецца ўлік усіх, хто мае патрэбу ў дапамозе: інвалідаў I, II,
III групы, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў і маюць патрэбу
ў сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі. Для гэтага створаны банк даных, што пастаянна карэкціруецца. Праводзіцца комплексная ацэнка індывідуальных патрэб інвалідаў рознага ўзросту (а гэта больш за 1 500 землякоў) у сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі для вызначэння канкрэтных мерапрыемстваў і падбору пераліку і аб’ёму адпаведных сацыяльных паслуг. Дакладны ўлік і індывідуальны падыход дазваляюць забяспечыць мэтавую і эфектыўную дапамогу кожнаму, хто звяртаецца ў аддзяленне. Таксама тут вядзецца
работа па ўліку, выдачы і забеспячэнні землякоў з абмежаванымі
магчымасцямі тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі.
Сёння ў аддзяленне залічаны 31 чалавек з I і II групай інваліднасці. Для іх працуюць пяць гурткоў і шэсць клубаў.
У рэабілітацыйна-працоўнай майстэрні наведвальнікі са спецыялістамі вырабляюць сувенірную прадукцыю – паштоўкі ручной работы і сувеніры, якія прадаюцца ў сацыяльным магазіне. Гурткі, у тым ліку на даму, вядзе кіраўнік гурткоў Алена Мацуль.
Наведвальнікі аддзялення прымаюць удзел у разнастайных
мерапрыемствах, сустрэчах і акцыях. Спецыялісты аддзялення стараюцца свабодны час сваіх наведвальнікаў разнастаіць, зрабіць цікавым і пазнавальным. Нядаўна пабывалі на экскурсіі ў Нясвіжы. Паездка прафінансавана раённай арганізацыяй РГА «Белая Русь». На маршруце наведвальнікаў аддзялення ў розны час былі музей-аптэка, тэматычныя выставы ў краязнаўчым музеі ў Баранавічах і г. д. Традыцыйныя тут турыстычныя паходы і прагулкі. Прычым у Баранавічы нашы актыўныя землякі едуць у суправаджэнні спецыяліста ТЦСАН на грамадскім транспарце. Праезд для людзей з інваліднасцю бясплатны, але яны такім чынам вучацца быць самастойнымі. Сярод традыцый – віншаванні з днём нараджэння, сумесныя чаяпіцці, удзел у міжраённай спартландыі «Вясёлыя
старты», фестывалі «Вясёлка талентаў», адкуль заўсёды вяртаюцца з узнагародамі.
Наведвальнікі аддзялення з задавальненнем майструюць.
Зараз іх калектыўная работа з тэкстылю прымае ўдзел у рэс-
публіканскай выставе-продажы. Яе аўтары – Галіна Малевіч, Ганна
Лук’янава, Наталля Капанік, Вадзім Краснянкоў, Валерыя Філонава, Андрэй Кільян і іншыя пад кіраўніцтвам Алены Мацуль. Сярод актыўных удзельнікаў мерапрыемстваў і старажылы аддзялення Іван Рашанаў, Вольга Таранда, Уладзімір Бусько і іншыя.
15 гадоў працуе з людзьмі з інваліднасцю спецыяліст па сацыяльнай рабоце Жанна Прывольнева. Нядаўна гэтыя абавязкі стала выконваць і Дзіна Кендыш, якая да гэтага была кіраўніком гуртка. Сёння спецыялісты па сацыяльнай рабоце аддзялення выконваюць і ролю персанальнага асістэнта, які суправаджае, напрыклад, на прыём да ўрача. Для гэтага інваліды па зроку тэлефануюць у ТЦСАН загадзя. Сёлета такой сацыяльнай паслугай нашы землякі скарысталіся 172 разы. У штаце падраздзялення ТЦСАН і сацыяльны работнік Наталля Свінабурка, а таксама інструктар па працоўнай тэрапіі Наталля Траяновіч.
Сіла грамадства – у яго здольнасці стварыць умовы, дзе кожны чалавек, незалежна ад асаблівасцей здароўя, можа рэалізаваць свой патэнцыял. Аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў ТЦСАН – менавіта такая прастора магчымасцяў. Тут не проста аказваюць дапамогу, але і дапамагаюць набыць упэўненасць, знайсці сяброў і раскрыць таленты.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.






