Насустрач Усебеларускаму народнаму сходу. Прашу слова!

Сёння адна з галоўных тэм у калектывах – другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу. Гэта платформа, дзе вызначаюцца ключавыя напрамкі развіцця Беларусі на бліжэйшую пяцігодку.
УНС вырашае пытанні, якія маюць вялікае значэнне як для асобных рэгіёнаў, так і для ўсёй нашай краіны. На сходзе будзе зацверджаны асноўны дакумент, які задасць курс развіцця і паўплывае на жыццё кожнай сям’і і ўсяго грамадства. Жыхары Ляхавіччыны праз сваіх дэлегатаў маюць магчымасць прымаць удзел у важным грамадска-палітычным працэсе. і яны дзеляцца сваімі меркаваннямі, чаканнямі і даюць наказы ўдзельнікам УНС.

Васілій ПЫЖЫК, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу:
– Рэалізацыя Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку забяспечыць устойлівае развіццё кожнага рэгіёна Беларусі і дасць імпульс для стварэння яшчэ больш спрыяльных умоў для жыцця і работы нашых грамадзян.

Адзін з ключавых прыярытэтаў – «Моцныя рэгіёны» прадугледжвае
не толькі стварэнне прывабных і камфортных умоў жыцця ў любой
кропцы краіны, незалежна ад таго, сталіца гэта ці невялікая вёска. Значная ўвага надаецца і непасрэдна развіццю аграпрамысловага комплексу. Перад АПК пастаўлены складаныя, але вырашальныя
задачы: павелічэнне ў 1,6 раза выручкі ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, у 1,3 раза – прадукцыйнасці працы ў арганізацыях АПК, фарміраванне высокаэфектыўных сыравінных зон, развіццё
фермерства. Што тычыцца нашага раёна, то ляхавіцкім аграрыям
па сілах і магчымасцях павялічыць надоі і прывагі, пагалоўе БРЖ –
у жывёлагадоўлі, намалоты і ўраджайнасць – у раслінаводстве, адпаведна, палепшыць і якасць выпускаемай прадукцыі. Важкія планы на 2026–2030 гады пастаўлены ў плане будаўніцтва і рэканструкцыі буйных вытворчых аб’ектаў у сельскай гаспадарцы. На 119 інвестпраектаў, якія запланаваны для рэалізацыі па ўсёй краіне, будзе накіравана 4,5 мільярда рублёў інвестыцый. У Ляхавіцкім раёне
запланавана будаўніцтва трох малочнатаварных комплексаў.
У 2026-2027 гадах чакаецца будаўніцтва і ўвядзенне ў эксплуатацыю МТК «Бажкі» (ААТ «Шлях новы») і «Дамашы» (ААТ «Жарабковічы»),
а ў 2027-2028 гадах – «Альхоўцы» (СУП «Белазем’е»).
Дарэчы, гэтым часам кожнае сельгаспрадпрыемства раёна абараняе ўласную праграму развіцця на 2026–2030 гады.