Дыялог нашай памяці. У музеі «Баявой і працоўнай славы» СШ № 2 адбылася дыялогавая пляцоўка «Мы помнім»

9 снежня ў міжнародным календары пазначана як Дзень памяці ахвяр злачынства генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджвання гэтага злачынства

У мінулы аўторак у музеі «Баявой і працоўнай славы» СШ № 2 адбылася дыялогавая пляцоўка «Мы помнім». У Беларусі на заканадаўчым узроўні захоўваецца памяць пра мільёнаў грамадзян, якія сталі ахвярамі нацызму падчас Другой сусветнай вайны і ў пасляваенны перыяд.
У актуальнай размове ўзялі ўдзел пракурор Ляхавіцкага раёна Ігар Палыка, намеснік старшыні райвыканкама Алег Траццяк, прадстаўнікі палітычных партый і галіновых прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў.
– Нельга, недапушчальна забыць пра тое, што зрабілі нацысты ў гады Другой сусветнай вайны з мільёнамі людзей: расстралялі, закатавалі, павесілі, спалілі ў крэматорыях, закапалі жывымі. Пра гэта абавязкова павінны ведаць і сённяшнія пакаленні, і наступныя. Каб ніколі больш
не дапусціць генацыд, халакост, канцлагеры, як і іншыя жахі вайны. Таму неабходна, каб пакаленні, якія жывуць пад мірным небам у суверэннай краіне, ведалі пра тыя жудасныя падзеі і прыкладалі ўсе намаганні, каб нават не ўзнікала думкі перапісаць гісторыю. І гэта асабліва актуальна ў наш час, калі ў некаторых краінах Еўропы, у тым ліку нашых суседзяў, узнікаюць спробы рэабілітацыі фашызму, – падкрэсліў Алег Траццяк.
Ігар Палыка адзначыў, што за чатыры гады расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа пракурорамі ўстаноўлена, што маштаб трагедыі Беларусі падчас фашысцкай акупацыі значна большы, чым было вядома раней.
– Так, лічбы неканчатковыя, бо расследаванне зверстваў акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны прадаўжаецца.
Сёлета ў нашай вобласці зной-дзены тры раней невядомыя месцы масавага знішчэння мірнага насельніцтва. Дзякуючы актыўнай дапамозе землякоў стала магчымым устанавіць месца расстрэлу мірных жыхароў і на тэрыторыі Ляхавіччыны. Дакладней, каля вёсак Новыя Буды і Куршынавічы, дзе падчас правядзення раскопак былі знойдзены астанкі 63 мірных жыхароў, у асноўным жанчын і дзяцей, якія ў жніўні 2022 года былі перапахаваны ў брацкай магіле ў райцэнтры. У пракуратуры Ляхавіцкага раёна дзейнічае экспазіцыя аб генацыдзе беларускага народа, – расказаў Ігар Палыка.
Мадэратар дыялогавай пляцоўкі настаўнік СШ № 2 Віталій Толкач спыніўся на лічбах і фактах генацыду на тэрыторыі раёна.
– Ляхавіччына, як і ўся Беларусь, ведае кошт міру, бо мы помнім усе жахі акупацыі і генацыду. У памяці назаўжды подзвіг салдатаў-вызваліцеляў і мірных жыхароў, закатаваных ворагам. Кожны спалены дом, кожнае абарванае жыццё – гэта незагойная рана ў сэрцы беларускага народа. Дзень памяці ахвяр генацыду – чарговы напамін пра тое, якой страшнай і разбуральнай сілай з’яўляецца дыскрымінацыя, і напамін чалавецтву пра неабходнасць папярэджваць любыя войны, шанаваць гісторыю, – адзначае начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак.
Як даніна павагі і пашаны былі ўскладзены кветкі і вянкі ад удзячных нашчадкаў на брацкіх магілах на вуліцах Заходняй і Арлоўскага ў райцэнтры, дзе свой апошні прытулак знайшлі ахвяры генацыду, забітыя, закатаваныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
562 жыхары Ляхавіччыны ў 1941–1944 гадах былі адпраўлены ў канцлагеры ці вывезены на прымусовыя работы.
На ляхавіцкай зямлі ад рук фашыстаў і іх прыспешнікаў загінулі не менш за 5 200 мірных жыхароў, з іх не менш за 4 700 – ахвяры халакосту. Спалена 48 населеных пунктаў, разбурана і спалена 883 хаты, агульны кошт адабранай, знішчанай захопнікамі маёмасці – 119 773 рублі (75 мільярдаў рублёў – страты БССР). Самай жудаснай для Ляхавіцкага раёна стала карная аперацыя «Цёплы вецер», якую гітлераўцы праводзілі 2–23 сакавіка 1943 года супраць партызан і мясцовага насельніцтва Лунінецкага, Ганцавіцкага, Ляхавіцкага і Клецкага раёнаў. У агні гэтай аперацыі загінулі
106 жыхароў Свяціцы, 60 – Залужжа, 15 – Рагачоў. Акрамя таго, на тэрыторыі нашага раёна карнікі правялі аперацыі «Горнунг» і «Альтона».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

