Любоў, што дзеліцца на шэсць. Сакрэт шчасця ляхавічан Алейнікавых – ва ўменні радавацца адзін за аднаго

Вялікая сям’я, дзе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, дзе любоў, клопат і ўвага, заўсёдная падтрымка і радасць быць разам, – менавіта такім уяўляе шчасце ляхавічанка Ірына Алейнікава.

Павел і Ірына Алейнікавы родам з розных раёнаў – муж з Мысла-
бажы, што на Ляхавіччыне, а жонка з Баранавічаў. Выпадковая сустрэча ў Тухавічах стала для іх лёсавызначальнай і закончылася вяселлем.
– Лічу сябе шчаслівай жанчынай і маці! У мяне ёсць, як кажуць, моцнае плячо, за якім як за каменнай сцяной, – мой муж, ёсць і пяцёра любімых дзетак – сын і дочкі, – дзеліцца мнагадзетная маці і пра кожнага расказвае з асаблівай цеплынёй.
Старэйшая Даша хутка атрымае дыплом медыцынскага каледжа. Зараз яна на практыцы ў Стоўбцах і, па меркаванні родных, уколы і іншыя медыцынскія маніпуляцыі робіць добра – адчулі на сабе. Малодшыя любімую сястру вельмі чакаюць, і калі тая прыязджае дадому, не даюць ёй і кроку ступіць. А яна заўсёды стараецца прывезці ім штосьці смачненькае.
Сябар, дарадчык і першы памочнік – такі для сваіх сясцёр брат Дзіма. Ён і выслухае, і дапаможа зрабіць дамашнюю работу. Прычым растлумачыць, бы сапраўдны настаўнік – марыць ім стаць. А пакуль адзінаццацікласнік узмоцнена рыхтуецца да экзаменаў. У Дзімы маюцца перамогі на раённых алімпіядах па фізіцы і матэматыцы. Летась, напрыклад, заняў трэцяе месца на іспыце па матэматыцы.
Сафіі 26 чэрвеня споўніцца дзесяць гадоў, і яна навучанне ў гімназіі сумяшчае з заняткамі ў Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў – другі год займаецца на харэаграфічным аддзяленні. За сястрой захацела танцаваць і першакласніца Зарына – яна пакуль толькі пачынае асвойваць усе танцавальныя пазіцыі і рухі. Дзяўчынкі паміж сабой моцна сябруюць і любяць разам што-небудзь майстраваць. Сафія захапілася бісерапляценнем і робіць прыгожыя бранзалецікі, уменне пераймае і сястра.
Любіміца дзяцей і дарослых, маленькае сонейка – двухгадовая Ясенія. Калі яна ў дзіцячым садку, здаецца, у кватэры становіцца пуста.
Пра што марыць мнагадзетная маці?
– Хочацца, каб дзеці былі шчаслівымі! З мужам стараемся выхаваць рабят добрымі, адказнымі і нераўнадушнымі.
У нас ніхто не задае пытанне, каго любяць больш – ведаюць, што ўсіх аднолькава, – падкрэслівае Ірына Алейнікава.
Раніца маці распісана літа- ральна па хвілінах. Сняданак, хвосцікі-касічкі, сукенкі-касцюмы, «кантроль» знешняга выгляду дзяцей і абавязковыя добрыя словы-наказы – дзень пачаўся.
А далей па заведзеным раскладзе – прыбіранне, пранне, прасаванне, гатаванне…
На вялікую сям’ю трэба прыгатаваць літраў 6-7 супу. Дамашняе меню простае, але смачнае – любяць боршч, курыцу і бульбу, калдуны з мясам, разнастайныя салаты і іншае. Бацька з дочкамі часта песцяць родных свежай выпечкай, асабліва ўдаюцца беляшы з мясам.
У сям’і Алейнікавых кожны стараецца дапамагчы адзін аднаму.
І месца мамы за кухняй не замацавана. Ірына, каб быць мабільнай, зараз займаецца на вадзіцельскіх курсах, умее выдзяліць час і для сябе.
– Галоўнае, каб былі ўсе здаровыя. А дамашнія клопаты мне ў задавальненне, таму ўсё атрымліваецца лёгка і хутка. Заўсёды магу палажыцца на дзяцей, на мужа, – адзначае мнагадзетная маці.
Тут лічаць, што сакрэт сямейнага шчасця ў даверлівых і шчырых адносінах, уменні знаходзіць залатую сярэдзіну і раздзяляць разам радасць кожнай падзеі.
Сям’я ўмее і працаваць – маюць участак за горадам, дзе збіраюць ураджай агародніны і садавіны. Што датычыць адпачынку, з радасцю адпраўляюцца ў паездкі па Беларусі, выязджаюць на прыроду і г. д. У захапленні дзеці былі ад наведвання Мірскага замка.
Алейнікавы заўсёды рады гасцям і прымаюць іх хлебасольна. За сталом тады збіраецца чалавек 20 – не менш. Адметнай па-дзеяй для сям’і стала ўручэнне любімай матулі ордэна Маці. А да гэтага прыемную навіну даведаліся ад родных і прачыталі на
сайце «Ляхавіцкага весніка». Доўга прымалі віншаванні, а дзеці з інтарэсам разглядвалі ўзнагароду.
Павел і Ірына ўдзячны дзяржаўнай падтрымцы, дзякуючы якой сям’я атрымлівае шматлікія бонусы. Так, да сваёй двухпакаёвай
кватэры далучылі яшчэ адну двухпакаёўку, для будаўніцтва якой
выкарысталі сямейны капітал. Дочкі бясплатна наведваюць школу мастацтваў, бясплатныя і абеды ў школе, маецца 50-працэнтная скідка на падручнікі і аплату дзіцячага сада.
Шмат гадоў Павел і Ірына ідуць поруч, і ў кожным іх позірку на дзяцей – вялікая любоў і клопат. Выхоўваць пецярых дзяцей –
праца нялёгкая, але ганаровая, аздобленая дзіцячай любоўю.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.