Дарожная “прэзентацыя”. У цэнтры ўвагі дарога ў Ляхавіцкім раёне, стан якой крытычна “прэзентавалі” ў сацыяльнай сетцы

Зноў у цэнтры ўвагі раёнкі дарожная тэма. На гэты раз – дарога Тухавічы – Залужжа, стан якой крытычна “прэзентавалі” ў сацыяльнай сетцы.
За каментарыем “ЛВ” звярнуўся да начальніка аддзела архітэктуры,
будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марыны Завадскай і галоўнага інжынера ДРБУ-200 Яўгенія Занько, якія расказалі пра сітуацыю з аўтадарогай і тую работу, што праводзіцца па паляпшэнні яе стану.

– Аўтадарогу Тухавічы – Залужжа нельга назваць дарогай актыўнага карыстання. Яна запатрабавана ў мясцовых жыхароў, СУП “Ліпнянка” і ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі». Прафіляванне дарогі дарожная служба праводзіць штомесяц. Апошняе было 8 снежня. У кастрычніку праблемныя ўчасткі былі падсыпаны. І гэта адпавядае тэхнічнаму кодэксу практыкі, што ўстаноўлена, – ТКП 366-2021. «Аўтамабільныя дарогі. Правіла ўтрымання».  Гэты тэхнічны нарматыўны прававы акт устанаўлівае патрабаванні да ўтрымання і  і эксплуатацыі дарог. Згодна з ім прафіляванне гравійнай дарогі праводзіцца  па меры  неабходнасці, – адзначыла Марына Завадская.

Галоўны інжынер ДРБУ-200 Яўгеній Занько дадаў, што сённяшні выгляд дарогі, прадэманстраваны ў сацсетках, – вынік умоў надвор’я і руху вялікагрузанай тэхнікі. Дождж падкрэсліў наяўнасць дарожных дэфектаў, дзе прысутнічае прасадка, ямачнасць і калейнасць. Але небяспекі для бяспечнага праезду гэта не ўяўляе. Трэба адзначыць, што на відэа толькі дарога, але адсутнічае ўказальнік, які пацвярджае, што гэта менавіта дарога Тухавічы – Залужжа.
Па словах дарожнікаў, у бліжэйшы час будзе зроблена чарговае прафіляванне дарогі, а з устанаўленнем адпаведных умоў надвор’я будзе выкананы і рамонт гравійнага пакрыцця.