Ад пашпартнага стала да біяметрыі – 105 гадоў. 17 снежня сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Ляхавіцкага райаддзела міліцыі

Сёння – дзень утварэння падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі

17 снежня сваё прафесійнае свята адзначаць супрацоўнікі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Ляхавіцкага райаддзела міліцыі. У адпаведнасці са сваімі службовымі абавязкамі яны выконваюць шырокі спектр задач, што вызначаюць прававы статус чалавека і парадак у раёне: займаюцца пашпартнай работай, рэгістрацыяй грамадзян і пытаннямі грамадзянства, міграцыйным кантролем і г. д. Адным словам, гэта падраздзяленне, што ведае Ляхавіччыну ў лічбах і асобах.

Сёлета адзначаецца 105-годдзе з дня ўтварэння падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі. Для АГІМ юбілей – нагода і для падвядзення вынікаў, і кропка адліку для далейшай лічбавізацыі, павышэння якасці сэрвісу і ўмацавання даверу грамадзян.

З 2017 года АГіМ Ляхавіцкага РАУС узначальвае Валянціна Бабіч – кіраўнік, які разумее, што ад дзеянняў падраздзялення ў многім залежаць правы і лёсы людзей. Гэта вызначае высокія стандарты дзейнасці ўсёй зладжанай каманды падраздзялення, у якой на сёння чатыры чалавекі. Валянціна Бабіч – юрыст па адукацыі, у сістэме органаў унутраных спраў практычна два дзесяцігоддзі.

– У справах грамадзянства і ў рабоце з дакументамі няма дробязяў. Таму ў аддзяленні створана атмасфера найвышэйшай увагі да дэталяў і паважлівых адносін да ўсіх, хто да нас звяртаецца, – падкрэслівае Валянціна Бабіч.

Прынцыповасць і веданне законаў, скрупулёзнасць і дакладнасць вызначаюць вядучага спецыяліста па рэгістры насельніцтва Таццяну Капцэвіч і інспектара па рабоце з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь Таццяну Цуба. Нядаўна ў калектыве Лізавета Сяўрук – інспектар па рабоце з замежнымі грамадзянамі, якая да гэтага
несла службу ў Баранавіцкім ГАУС. За кароткі час паспела зарэкамендаваць сябе спецыялістам кампетэнтным і адказным.

Каб уявіць маштаб дзейнасці АГіМ, дастаткова прыгадаць некалькі актуальных лічбаў і фактаў. Так, з пачатку года падраздзяленнем выдадзена больш за 1 860 пашпартоў, 49 ID-картаў і 61 біяметрычны пашпарт, а таксама 13 даведак  з рэгістра насельніцтва – гэта, па сутнасці, поўнае дасье на чалавека з усімі персанальнымі данымі і фотаздымкам. Як правіла, за такім дакументам нашы землякі звяртаюцца пры ўладкаванні на працу, каб не хадзіць па ўсіх інстанцыях.
Такую даведку раз у год па заяве можна атрымаць бясплатна, а пры паўторным звароце – за базавую велічыню. 73 чалавекі аформілі від на жыхарства. Разгледжана 13 зваротаў аб змене прозвішча на дзявочае, і адзін зварот датычыў карэкціроўкі даты нараджэння.

Зразумела, гэтыя працэдуры патрабуюць асаблівай уважлівасці і праверкі ўсіх пададзеных дакументаў. Чатыры грамадзяніны  Расійскай Федэрацыі і Украіны атрымалі грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Яшчэ пяць спраў знаходзяцца на разглядзе. Гэта складаны і доўгі працэс, які патрабуе вывучэння дакументаў і правядзення праверак, уводзіць у курс справы Таццяна Цуба.

Сёлета Ляхавіччыну па бязвізу наведалі 68 замежных грама-
дзян, і яны зарэгістравалі ў АГіМе сваё часовае знаходжанне
на тэрыторыі Беларусі. Палова гэтых гасцей – расіяне, дзесяць
чалавек былі з Германіі, а таксама з Узбекістана, Кыргызстана, Таджыкістана, Польшчы, Латвіі і іншых краін. Днямі ў аддзяленні зарэгістравалася сям’я з Кубы, якая плануе выбраць Ляхавіччыну месцам свайго пражывання.

АГіМ забяспечвае кантроль за знаходжаннем на тэрыторыі раёна 85 часова пражываючых іншаземцаў, 361 пастаянна пражываючага замежнага грамадзяніна і 20 асоб без грамадзянства.
Напярэдадні 105-годдзя службы па грамадзянстве і міграцыі ў Ляхавіцкім РАУС з гонарам і павагай узгадваюць прозвішчы ветэранаў АГіМ, чыім вопытам і адданасцю ствараўся і адточваўся механізм дзейнасці падраздзялення. У розны час яго ўзначальвалі дасведчаныя і аўтарытэтныя кіраўнікі. Сярод іх Святлана Карнілава, якая  прыйшла на пасаду начальніка пашпартна-візавай службы
(так тады называлася сённяшняе АГіМ) Ляхавіцкага РАУС у 1994 годзе і змяніла на пасту Веру Пятрову. Святлана Карнілава ўзгадвае, як важна было выслухаць і зразумець кожнага чалавека, які прыйшоў у кабінет. Гэты прынцып, запазычаны са следчай практыкі
(раней Карнілава займала пасаду начальніка следчага аддзялення), стаў асновай для работы з грамадзянамі ў новым для яе падраздзяленні. У калектыве ў розныя гады працавалі прафесіяналы з багатым вопытам – Кацярына Мацюх, Наталля Казакевіч, Сцяпан Цітко, Валянцін Якубец, Алена Бурава і іншыя. У 1996 годзе па выніках правядзення пашпартызацыі падраздзяленне стала лепшым у вобласці. У адрас усіх сваіх супрацоўнікаў Святлана Карнілава адрасуе словы шчырай удзячнасці за добрасумленную працу. У 2007 годзе АГіМ узначаліў Віктар Чарняк. Сёння ён з павагай называе калег, з якімі ўсе задачы былі вырашальнымі: Святлана Панфіла, Таццяна Капцэвіч, Алена Іанакідзі, Юрый Дземід, што не раз станавіўся лепшым па прафесіі.

Шчыра віншую супрацоўнікаў і ветэранаў АГіМ з прафесійным святам і жадаю поспехаў, здароўя і асабістай удачы! – адрасуе віншаванні начальнік АГіМ Валянціна Бабіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Напярэдадні 105-годдзя з дня ўтварэння падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў у Палацы Рэспублікі адбыўся ўрачысты сход. Сярод тых, каму першы намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Юрый Назаранка ўручыў заслужаныя ўзнагароды, была і прадстаўніца Ляхавіцкага РАУС – начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі маёр міліцыі Валянціна Бабіч. Яна ўдастоена нагруднага знака «За выдатную службу».