Запас тукаў кішэню не адцягвае. Сельскагаспадарчыя арганізацыі Ляхавіцкага раёна працягваюць рыхтавацца да яравой кампаніі

Паралельна з закрыццём палявога сезона – 2025 сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна працягваюць рыхтавацца да будучай, не такой ужо аддаленай яравой кампаніі. А добрая падрыхтоўка, як вядома, істотна вызначае вынік справы.

Комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы гаспадарак да правядзення яравой палявой кампаніі адрозніваецца маштабнасцю, дакладным разлікам, адказнасцю. Яшчэ разнастайнасцю і вектарнасцю. У гэты спіс, напрыклад, уваходзяць пастаноўка тэхнікі на захоўванне, падрыхтоўка і назапашванне насеннага матэрыялу, вывазка на палі арганічных угнаенняў і, канешне ж, акумуляцыя на складах мінеральных удабрэнняў. У веснавую пару, а то ўжо і на зыходзе каляндарнай зімы яны ўяўляюцца ў якасці аднаго з абавязковых папярэднікаў будучых высокіх ураджаяў. Пра неабходнасць мінеральнай падтрымкі «заявяць» і плошчы з азімымі раслінамі, і будучыя яравыя палеткі.
Адно толькі пад яравую сяўбу 2026 года аграпрамысловаму комплексу Ляхавіччыны неабходна назапасіць больш за 2 860 тон дзеючага рэчыва мінеральных удабрэнняў усіх відаў – азотных, фосфарных і калійных. Гэта з улікам розных вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі Ляхавіччыны: сямі сельгасарганізацый, прадпрыемстваў прамысловай групы, прыватных структур. Прыведзеная лічба параўнальная з аналагічнай мінулагодняй. Вось толькі, згодна з аператыўнай статыстыкай райсельгасхарчу, на тую ж леташнюю дату з папаўненнем запасаў тукаў ляхавіцкія агравы-творцы былі больш прадукцыйныя. Так, па стане на сярэдзіну леташняга снежня на складскіх аб’ектах раёна знаходзілася ўжо крыху больш за
80 працэнтаў ад патрэбнай неаб-ходнасці ў азоце, фосфары, каліі. Зараз працэнт гатоўнасці складае прыкладна 66-67.
Найбольш сціплай здаецца сітуацыя з закладкай тукаў азотнай групы, якіх арганізацыі Ляхавіччыны заклалі пакуль толькі прыкладна трэцюю частку ад неабходнай колькасці. На той жа час мінулага года не было і гэтага. Ход справы з назапашваннем фосфару складваецца значна лепш. Працэнт яго складской нарыхтоўкі перавышае ўжо лічбу 99 і таксама ідзе з перавышэннем тэмпаў мінулага года. З калійнай групай тукаў сітуацыя складаецца некалькі горш, чым з фосфарам, але ўвогуле вельмі нядрэнна: маем ужо каля 95 працэнтаў ад веснавой патрэбнасці раёна ў гэтым элеменце ўраджайнасці сельскагаспадарчай нівы.
Нельга не адзначыць, што раённую карціну з наяўнасцю тукаў у істотнай ступені фарміруюць ляхавіцкія сейбіты-вытворцы льну-даўгунцу. Так ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», міжраённая льнонасенстацыя забяспечаны азотам, фосфарам, каліем у значна большых аб’ёмах ад сваёй веснавой патрэбнасці ў гэтых мінеральных кампанентах. Сярод гаспадарак-сельгасвытворцаў можна адзначыць СВК «Ляхавіцкі» ўвогуле і асобныя іншыя арганізацыі з пазіцыі нарыхтоўкі асобных відаў мінудабрэнняў.
Напрыклад, ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Жарабковічы» ў дачыненні назапашаных калійных тукаў.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.