Акцыя, у якой кожны можа стаць чараўніком. У фае Ляхавіцкага райвыканкама прайшла пераднавагодняя акцыя дабрыні і міласэрнасці

У мітусні будняў, сярод эканамічных паказчыкаў і выклікаў жыцця маецца беспамылковы крытэрый, па якім можна ацаніць «здароўе» грамадства. Гэта – увага да дзяцей. Рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці» – не сезонная дабрачыннасць, а сацыяльны марафон, традыцыя, якой ужо тры дзесяцігоддзі.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

17 снежня ў фае Ляхавіцкага райвыканкама прайшла пераднавагодняя акцыя дабрыні і міласэрнасці. У традыцыйным дабрачынным мерапрыемстве, мэта якога падарыць свята дзецям, актыўны ўдзел прынялі кіраўніцтва раёна, прадпрыемстваў і арганізацый, дэпутацкі корпус, работнікі розных падраздзяленняў райвыканкама, актывісты Маладзёжнага савета пры раённым Савеце дэпутатаў. За кароткі час для юных землякоў, якім патрабуецца асаблівая падтрымка і ўвага, набыта каля паўсотні навагодніх падарункаў, каб уручыць іх 24 снежня падчас дабрачыннага ранішніка «Навагодні карагод каля ёлкі», які пройдзе ў гарадскім Доме культуры.
– Важна, каб кожнае дзіця адчула цяпло і чараўніцтва зімовых святаў. Назва акцыі гаворыць сама за сябе: «Нашы дзеці». Усе дзеці, без выключэння, нашы. Тыя, хто расце ў любві і дастатку, і тыя, хто застаўся без бацькоўскай увагі. Акцыя заяўляе: «Ты не адзін. Ты важны для нас, дарослых», – адзначае старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
Акцыя «Нашы дзеці» стартавала па ўсёй краіне 15 снежня і прадоўжыцца да 14 студзеня. У дарослых ёсць час адчуць сябе чараўнікамі і прадоўжыць эстафету дабрыні і віншаванняў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Юрый ЧАРАНКЕВІЧ, старшыня райсавета дэпутатаў:
– Акцыя акцэнтуе ўвагу дзяржавы, грамадскіх аб’яднанняў і кожнага з нас на тым, што дзяцінства ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак павінна быць шчаслівым.
У нашай краіне, у тым ліку на Ляхавіччыне, падрастаючае пакаленне не абдзелена ўвагай. Але клопату і любві многа не бывае. Кіраўніцтва раёна, дэпутацкі корпус па традыцыі прымаюць удзел у дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», рады дарыць падарункі і бачыць шчаслівыя вочы дзяцей.

Вольга БУРАК, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын:
– Галоўныя адрасаты рэспубліканскага дабрачыннага марафону – актыўныя і таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі.
У цэнтры ўвагі і дзеці, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Для іх навагоднія падарункі, святочныя канцэрты і сустрэчы – радасць і ўпэўненасць у тым, што яны не адны. Падчас святаў увагай дарослых будуць ахоплены дзеці рознага ўзросту. Клопат пра падрастаючае пакаленне – агульная і штодзённая задача. Запрашаю землякоў далучыцца да акцыі «Нашы дзеці», каб як мага больш хлопчыкаў і дзяўчынак змаглі загадаць жаданні і паверыць у Дзеда Мароза і Снягурку.

Мікалай ПРЫХАЧ, старшыня Конькаўскага сельвыканкама:
– Акцыя стала брэндам беларускага грамадства. Яна нагадвае, што сапраўднае чараўніцтва – гэта здольнасць дзяліцца цяплом, дарыць радасць і быць побач.
Дзеці – гэта самае каштоўнае, што ў нас ёсць. Таму важна, каб у гэтыя святочныя дні кожнае дзіця атрымала падарунак і адчула захапленне ад свята.