Малочная база. Вынікі вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі Ляхавіччыны за 11 месяцаў
Па выніках работы за 11 месяцаў года жывёлагадоўля раёна яшчэ больш наблізілася да 700-грамовых сярэднясутачных прываг буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме. Аснова – работа кадраў, кармавы стол і, канешне ж, дыктат тэхналогіі, без чаго не ўяўляецца дынамічнае развіццё гэтага напрамку сельгасвытворчасці.
У параўнанні з папярэднім кастрычнікам зроблены невялікі крок. Але ж на інтэнсіўна-дынамічнай дыстанцыі кожны новы крок даецца ўсё больш няпроста. Дадатковай канцэнтрацыяй сіл, элементамі новых падыходаў у рабоце кадраў, сапраўдным дыктатам тэхналогіі на ўсіх этапах функцыянавання жывёлагадоўчага працэсу. І сённяшнія сярэднераённыя 692 грамы сутачнага «прыросту» на кожнай галаве жывёлы выглядаюць перспектыўна – як мінімум. А ў адносінах да базавага паказчыка мінулага года на сутачных прывагах БРЖ Ляхавіччына «вырасла» амаль на тры дзясяткі грамаў. Найбольшы гадавы рост адзначаецца ў ААТ «Нача» – больш за 80 грамаў на кожнай галаве жывёлы, а 700-грамовую адзнаку пераадолелі СВК «Ляхавіцкі» і ААТ «Жарабковічы».
Такая ўвага тэме прываг таму, што ад гэтага ў многім залежыць, наколькі нарматыўна і своечасова цялушка дасягне вагі дарослай жывёлы і, адпаведна, гатоўнасці стаць каровай і праз надоі прыносіць прыбытак сваім гаспадарам.
Адзінаццацімесячны вал малака Ляхавіччыны перавысіў 74 тысячы тон, чым чарговы раз пацвердзіў свой прагрэсіўны дынамізм. У параўнанні з мінулым годам рост склаў 13,3 працэнта, што з’яўляецца нашым прыблізным «зімовым» тэмпам апошняга часу.
Па стане на 11 месяцаў года ўдой на карову ў раёне ў сярэднім перавысіў адзнаку шэсць з паловай тысяч кілаграмаў на галаву. А ў «Ляхавіцкім» наблізіўся да дзевяці тысяч, у «Белпрампрыборы» – да сямі з паловай, у «Жарабковічах» перавысіў сем тысяч.
Аснову нядрэнных прываг і надояў, як ужо адзначалася, у рабоце кадраў, тэхналагічнасці, багацці і якасным складніку кармавога стала.
Кармавы стол толькі заканчваецца на ферме ці малочнатаварным комплексе. Пачынаецца ж на зялёным палетку, са шматсезонных работ па нарыхтоўцы сена і сянажна-сіласнай масы.
– Корманарыхтоўчы сезон – 2025 пачынаўся не лепшым чынам. Халодная вясна не дазволіла сфарміравацца шматгадовым травам на дастаткова высокім узроўні. І ў плане росту, і з пункту гледжання якасці травастояў. З завяршэннем першага ў сезоне ўкосу атрымалася нарыхтаваць усяго каля 30 працэнтаў кармоў ад узроўню папярэдняга года. Да таго ж, многія кормазакладкі яшчэ і не адрозніваліся належнай якасцю з-за прыхопленай мінусам травы. Але была і надзея на лепшы працяг, – патлумачыў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.
Надзея на лепшы працяг і агульны добры вынік корманарыхтоўкі спраўдзілася: у засеках гаспадарак раёна па выніку аказалася больш за 37 цэнтнераў травяністых кармоў уласнага прыгатавання на адну ўмоўную галаву жывёлы. Узровень папярэдняга года перавышаны на
5,2 цэнтнера.
Важкай жывёлагадоўчай асновай з’яўляецца і якасны складнік нарыхтаваных сенажу і сіласу. У гэтым годзе абсалютная большасць раённых кармавых нарыхтовак добрай ці належнай якасці.
Адзначым яшчэ адну адметнасць сёлетняй сельскагаспадарчай вясны: зваротныя замаразкі пашкодзілі нават азімыя пасевы.
– У агульнай колькасці былі вымушаны перасеяць каля двух тысяч гектараў плошчаў. І прыкладна палова з іх была засеяна кукурузай. Як паказаў час, яна стала добрай альтэрнатывай падмарожаным сельгаскультурам. З усталяваннем сапраўднага цяпла, надыходам перыядаў дажджоў кукуруза добра паднялася, дала нядрэнны ўраджай і зялёнай масы, і зерня. А гэта – значны плюс у кармавую скарбонку раённай жывёлагадоўлі, – лічыць начальнік райсельгасхарчу.
Ляхавіччына працягвае ўкладвацца і ў развіццё сваёй жывёлагадоўчай інфраструктуры. Будуюцца новыя памяш-канні, рэканструююцца старыя фермы. Чакаецца, што яшчэ да завяршэння гэтага года адкрыюцца «свежыя» аб’екты ў «Ляхавіцкім», «Жарабковічах», у пачатку 2026-га – у «Шляху новым». А у СУП «Ліпнянка» ўжо запрацавала яшчэ адна сучасная даільная зала.
Іван КАВАЛЕНКА.


