Дэлегат УНС Маргарыта Кухта-Маслоўская пра Пасланне. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця – канкрэтная, без «вады» і нерэальных планаў, яна для беларусаў, яна пра нашы інтарэсы

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ, дэлегат УНС ад Ляхавіцкага раёна: «Прыйшоў час канкрэтных спраў, граматных і вывераных рашэнняў, менавіта зараз той момант, калі мы можам сябе праявіць у імя будучыні»:

Калі сказаць ёмка і коратка, то другое пасяджэнне сёмага Усебеларускага сходу – тое, што стала адказам на рэчаіснасць, тое, што варта было пачуць беларусам менавіта цяпер.

Чаму цяпер? Па-першае, сусветныя тэндэнцыі мяняюцца да стварэння шматпалярнага свету, ідзе перадзел сілаў, фарміруюцца новыя цэнтры палітычных настрояў, нам варта ведаць, як мы адчуваем сябе ў гэтым сусветным сцэнарыі. І падчас Паслання да беларускага народа і Парламента Кіраўнік беларускай дзяржавы цвёрда акрэсліў нашы пазіцыі. Мы міралюбівая дзяржава, змагацца за чужое – гэта не пра нас, але наш удар у адказ будзе моцны, калі хто закране Беларусь і беларусаў.

Па-другое, настаў час вызначыць нашы прыярытэты наступнай пяцігодкі, каб зберагчы звыклы і камфортны для народа сацыяльна арыентаваны ўклад. Кіраўнік дзяржавы дакладна вызначыў складнікі стратэгіі на будучыню.

Безумоўна, шмат пытанняў звернута да эканамічнага складніка – і гэта зразумела, бо эканоміка – галоўная зброя ў сучасным свеце. А беларуская эканоміка ў складаных санкцыйных умовах паказала свою гібкасць, знаходлівасць і новыя магчымасці. Здаецца, што санкцыі для беларусаў – гэта не пагрозы, а тое, што дазваляе знайсці новыя рынку збыту, адкрыць новыя вытворчасці, атрымаць выгаднае партнерства.

Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця – канкрэтная, без «вады» і нерэальных планаў, яна для беларусаў, яна пра нашы інтарэсы. Сёння вектар эканамічнай увагі ў тым ліку скіраваны на рэгіёны. Моцныя рэгіёны – гарант устойлівай эканомікі.

Моладзь варта прыцягваць у рэгіёны – забяспечваць кадравую бяспеку. У гэтым зацікаўлена любое прадпрыемства. Жыллё ў прыярытэце – формула будучыні простая: шукаем працу там, дзе жывем. На гэта будзе працаваць і далейшы ўпор на будаўніцтва арэнднага жылля. Прапрацавана пытанне з атрыманнем яго ва ўласнасць. Гэта таксама плюс да замацавання. Застаецца інфраструктура.

Канешне, кранае тэма мацярынства. Адзначу, што быць мамай у Беларусі – гэта адчуваць заўсёдную дзяржаўную падтрымку. Увогуле – гэта тэма ў нашай краіне заўсёды абмяркоўваецца з асаблівай цеплынёй. Тлумачыцца і тым, што ўсё тое, над чым працуем мы, усё, што ствараем, – гэта не толькі пра сучаснасць і наш дабрабыт, гэтае тое, што мы пакінем нашым дзецям. Таму прыйшоў час канкрэтных спраў, граматных і вывераных рашэнняў, менавіта зараз той момант, калі мы можам сябе праявіць у імя будучыні.