Мікалай МАРОЗ, старшыня Ляхавіцкага райвыканкама: «Гонар – быць часткай падзей пасяджэння Усебеларускага народнага сходу»

Мікалай МАРОЗ, старшыня райвыканкама:

– Гонар – быць часткай падзей пасяджэння Усебеларускага народнага сходу. Гэтыя два дні ўвага беларусаў была прыкавана да работы УНС. І яна тлумачыцца простым. У Пасланні гучалі арыенціры на далейшае жыццё, Прэзідэнт адкрыта расказаў, з якімі пагрозамі сутыкаецца Беларусь, і як вырашаюцца гэтыя складаныя моманты. Гэта не справаздача, а шчырая размова без закрытых тэм.
Кіраўнік дзяржавы – вопытны палітык, да яго меркаванняў сёння прыслухоўваюцца кіраўнікі іншых краін, з намі імкнуцца завязаць эканамічнае і турыстычнае партнёрства многія краіны. І гэта дзякуючы выверанай палітыцы Прэзідэнта. Ён чарговы раз адзначыў, што санкцыі паказалі, колькі краін яшчэ ёсць у свеце, і колькі партнёрскіх зносін мы пабудавалі з імі ў няпросты для эканомікі час.
А сёння нам трэба канкрэтна падысці да вырашэння праблемных пытанняў унутры краіны. Адно з іх – адток кадраў з рэгіёнаў. Сёння заходнія суседзі імкнуцца “націскаць” не на буйныя гарады, “псеўдасябры” расхістваюць рэгіёны, там, дзе канцэнтруюцца асноўныя эканамічныя сілы і рэсурсы краіны – нашы сельгаспрадпрыемствы і арганізацыі іншай вытворчасці.
Згодны і з тым, што разгрузіць сталіцу і абласныя цэнтры дапамогуць новыя рэвалюцыйныя метады. Гучала, напрыклад, прапанова ўстанавіць ліміт на ўвод новых метраў жылля ў сталіцы. Бачу перспектыву ў развіцці гарадоў-спадарожнікаў, больш таго, варта пераходзіць на новы ўзровень і ствараць вёскі-спадарожнікі. Гэта наша будучыня – ствараць у такіх населеных пунктах паўнацэннае гарадское асяроддзе. Трэба планаваць будаўніцтва жылля і ўвязваць яго са стварэннем працоўных месцаў. Усё павінна быць побач. Гэта плюс рэгіёнаў – кампактнасць!
Далей да эканомікі. Нам неабходна пераглядзець падыходы ў сельгасвытворчасці. Як і па краіне, так і ў рэгіёне нам удалося атрымаць адзін з самых высокіх ураджаяў збожжавых за апошнія гады. І пры гэтым у не самых простых умовах. Такая ж тэндэнцыя назіраецца і ў жывёлагадоўлі. Але разам з тым у нас нямала недапрацовак у гэтым сектары – і Кіраўнік дзяржавы даручыў выправіць іх хутка і якасна.
Праграма, якую зацвердзілі і падтрымалі дэлегаты УНС, дакладная – ёсць заданні, ёсць механізм рэалізацыі. Але ж галоўны інструмент будаўніцтва шчаслівага жыцця – наша жаданне, народнае адзінства, мірная палітыка. Час брацца за справы, канкрэтныя справы!