Чараўніцтва дабрыні. Віншаванні ад кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна прымалі выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу

Акцыя «Нашы дзеці» дадае ўсмешак на дзіцячых тварах і веры ў цуды. Напярэдадні калядных і навагодніх святаў падарункі і віншаванні ад кіраўніцтва раёна прымалі выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу

Зіхаціць цацкамі і мішурой прыгажуня-ёлка, гарэзліва падміргваюць агеньчыкі гірляндаў, гучыць смех і навокал цудоўны настрой. Атмасфера навагоддзя ў дамах сямейнага тыпу Страмавусаў і Глобузаў адчуваецца ва ўсім. А галоўныя дзеючыя асобы – дзеці –
у чаканні гасцей і, канешне, падарункаў. Першымі па знаёмых адрасах на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Ляхавічах падчас рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» пабывалі прадстаўнікі раённай улады.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч
разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, старшынёй раённай арганізацыі ГА «Бела-
рускі саюз жанчын» Вольгай Бурак, прадстаўнікамі раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, БРСМ павіншавалі з надыходзячымі Калядамі і Новым годам пецярых выхаванцаў дома сямейнага тыпу Святланы і Аляксандра Страмавусаў і ўручылі падарункі, набытыя за кошт абласнога бюджэту.
Рыхтавалі святочную праграму і, канешне ж, вельмі хваляваліся ў чаканні гасцей і сем хлопчыкаў і дзяўчынак, якія выхоўваюцца ў сям’і Ірыны і Віктара Глобузаў. Сустрэча была цёплай і шчырай з мноствамі віншаванняў і падарункаў. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк і намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Глушко разам з рабятамі спявалі і гулялі ў гульні.
Дабрачынна-віншавальны дэсант з падарункамі ў гэты ж дзень высадзіўся ў Малым Гарадзішчы яшчэ ў адным доме сямейнага тыпу. Да Кацярыны і Юрыя Захаранкавых, якія выхоўваюць сямёра дзяцей, завіталі дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталля Пішч і старшыня раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонда Дар’я Жэрка.
Напэўна, кожны дарослы павінен паўдзельнічаць у марафоне добрых
спраў напярэдадні калядных і навагодніх святаў. Бо вельмі важна, каб кожны маленькі жыхар нашай краіны адчуў, што яго любяць і пра яго клапоцяцца. Усе дзеці – нашы.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.