Па-начаўску. Упэўнена /фота/

Дырэктар ДП «Нача» Мікалай Тарлюк упэўнены ў сваім калектыве.

Парадак на фермах, у вытворчых майстэрнях, адміністрацыйным будынку, пільная ўвага да культуры земляробства і захавання тэхналогій ў жывёлагадоўлі, хуткі рост вытворчасці сельгаспрадукцыі, плюсы ў надоях, прывагах, ураджайнасці, паляпшэнне ўмоў працы работнікаў ва ўсіх падраздзяленнях, зацікаўленасць у маладых кадрах і захаванне касцяка калектыву, заахвочванне перадавікоў, умацаванне дысцыпліны і парадку – сённяшні дзень дзяржаўнага прадпрыемства “Нача”. За апошнія гады гаспадарка не толькі трывала замацавалася ў статусе моцнага серадняка ў АПК раёна, але і ўпэўнена даганяе лепшыя сельгаскааператывы  Ляхавіччыны.

Той, хто бачыў малочнатаварную ферму “Цэнтр” некалькі гадоў назад, сёння яе не пазнае. Тэрыторыя вакол не проста добраўпарадкавана, а і ўпрыгожана, дарога да ўваходу падсыпана. Загадчыца фермы Людміла Чарапавіцкая не хавае задавальнення:

—Толькі паглядзіце, якія ў нас цудоўныя ўмовы для працаўнікоў: у кожнага свая шафа для захоўвання адзення, ёсць утульны пакой для адпачынку, дзе можна папіць чаю, побач душавая, санвузел і пральная машына…

Такі клопат пра людзей падштурхоўвае начаўчан працаваць шчыра і ад душы. Сёння дойны статак гаспадаркі – 639 кароў, ад кожнай у сярэднім за суткі надойваюць па 15 літраў малака, што на 1,3 кілаграма больш у параўнанні з мінулагоднім. Малако прадаюць вышэйшым гатункам, і гэта далёка не мяжа. Поўным ходам ідзе падрыхтоўка кароўніка, адкуль малочныя рэкі на СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” пойдуць ужо гатункам экстра.

У “Цэнтры” пра сваіх рагуль, як пра малых дзетак, з пяшчотай клапоцяцца 12 аператараў машыннага даення. Пра кожную Людміла Чарапавіцкая адзываецца як пра добрасумленнага і адказнага работніка. Па выніках сакавіка лепшымі сярод калег заслужана сталі Людміла Бубен, Сняжана Юдзіна, Наталля Дараневіч, Алена Міклашэвіч. Кожная надаіла ў сярэднім ад каровы амаль па 520 літраў малака.

На інфармацыйным стэндзе МТФ знайшлося месца і для дошкі гонару. На ёй і прозвішчы жывёлаводаў, якія дасягнулі найбольшых сярэднясутачных прываг цялят: Васілій Ясінскі (900 грамаў), Міхаіл Шостак (773), Ала Анікеенка (742). Паспяхова ідуць справы і на ферме ”Пашкоўцы” (начальнік участка Сяргей Расоха). Тут вырошчваюць маладняк буйной рагатай жывёлы. 648 грамаў – сярэднясутачныя прывагі кожнай з 282 цялушак. Бясспрэчныя лідары сярод аператараў на адкорме Аляксандр Трыбух (744 грамы) і Тамара Чудакова (645).

Узрост – не перашкода, асабліва, калі любіш і добра ведаеш справу, якой займаешся, — перакананы 80-гадовы токар Багдан Грушэўскі, які, што называецца, з закрытымі вачамі вытачыць любую дэталь для трактара ці камбайна. Галоўны інжынер гаспадаркі Аляксандр Рак — спецыяліст вопытны, падначаленых падбірае, каб не толькі добра ведалі сваю работу, але і не баяліся яе. Універсалы – гэта пра трактарыстаў-машыністаў Юрыя Ксёнжыка, Уладзіміра Шкляніка, Анатолія Падгурскага — і сянаж грузяць, і гной, і на зернетаку шчыруюць.

У мінулым годзе сярэдняя ўраджайнасць начаўскай нівы склала 46,4 цэнтнера збожжа з гектара (для параўнання, у 2013 годзе — 30 цэнтнераў). А сёлета паставілі перад сабой задачу дасягнуць паўсотні цэнтнераў на круг. Чаму б і не? Агранамічная служба, якую ўзначальвае Леанід Ксёнжык, спрацавала добра. Машынна-трактарны парк укамплектаваны і падрыхтаваны (зусім нядаўна набылі ў растэрміноўку 2 новыя трактары), інжынерна-тэхнічная служба заўсёды мае гатоўнасць №1. І бадай самае галоўнае – людзі бачаць вынік сваёй працы, зацікаўлены ў тым, каб справы ў гаспадарцы ішлі добра. Адсюль і някепскія заробкі: па выніках мінулага года сярэднямесячная заработная плата – больш за 4 мільёны рублёў, сёлета – яшчэ вышэйшая.

У агульным поспеху важкі ўклад і эканамічна-бухгалтарскай службы, якую ўзначальваюць прафесіяналы-спецыялісты – галоўны эканаміст Марына Манько і галоўны бухгалтар Марыя Ксёнжык.

— Шанцуе нам на працавітых, добрых людзей. У тым, што гаспадарка ўпэўнена рухаецца наперад, у большасці менавіта іх заслуга — паляводаў і жывёлаводаў, механізатараў і спецыялістаў. І наш дырэктар клапоціцца пра адданых справе працаўнікоў, — дзеліцца меркаваннем намеснік дырэктара прадпрыемства Галіна Рамейка.

Галіна Мікалаеўна працуе ў гаспадарцы не адзін дзясятак гадоў, яна – правая рука кіраўніка.

Дружны начаўскі калектыў – з такім меркаваннем ніхто не стане спрачацца. Тут не дзеляць абавязкі на свае і чужыя, як і людзей – на тутэйшых і прыезджых. Ніхто з начаўцаў не застаўся ў баку, калі на прадпрыемства ўладкаваліся на работу дзве сям’і з Украіны: Станіслаў і Сняжана Юдзіны, Васілій і Руслана Купрышы. Гаспадарка выдзеліла ім добраўпарадкаванае жыллё, дзеці ходзяць у Начаўскую сярэднюю школу, а аграгараджане падзяліліся хто мэбляй, хто посудам.

Рады ў “Начы” і маладым спецыялістам. Хутка калектыў папоўніцца ветурачом, тэхнікам-электрыкам, пасля заканчэння Пружанскага сельскагаспадарчага каледжа ў родную гаспадарку інжынерам-механікам прыйдзе Аляксандр Трыбухоўскі. Маладым кадрам не давядзецца клапаціцца пра тое, як знайсці кватэру для пражывання. Для іх у гаспадарцы ёсць міні-інтэрнат – добраўпарадкаваная 3-пакаёвая кватэра.

Нямала тут і сямейных дынастый. І бадай самая-самая – Міклашэвічаў. Маці Алена – аператар машыннага даення, дачка Людміла – галоўны ветурач, сын Алег – жывёлавод, яшчэ адна дачка Вікторыя Гомза выбрала маміну прафесію, яе муж Уладзімір – слесар па рамонце малочнага абсталявання.

Пра тое, што расце дабрабыт тутэйшых працаўнікоў, сведчаць і добраўпарадкаваныя сядзібы і нязначная для сельгасвытворчасці цякучасць кадраў. Дырэктар “Начы” Мікалай Тарлюк, як і належыць сапраўднаму кіраўніку, дбайнаму гаспадару, не збіраецца спыняцца на дасягнутым, разам са сваёй камандай шукае новыя шляхі да росту вытворчасці, не цураецца вучыцца і пераймаць вопыт і дакладна ацэньвае сітуацыю:

—Неабходна яшчэ больш умацоўваць дысцыпліну. Ніхто не збіраецца закручваць “гайкі”, наадварот, станоўчая і прагрэсіўная ініцыятыва вітаецца. Але толькі выконваючы ўсе патрабаванні і пры адказным стаўленні да выканання даручанай справы кожнага на сваім участку, можна мець вынік са знакам плюс.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Майстар-наладчык Уладзімір Валах (у цэнтры), механізатары Раман Бадзееў і Сяргей Кісель.

Вопытны токар Багдан Грушэўскі і галоўны інжынер «Начы» Аляксандр Рак.

Галоўны эканаміст Марына Манько, бухгалтар Людміла Зіневіч, старшыня прафкама Людміла Бадзеева, галоўны бухгалтар Марыя Ксёнжык, намеснік галоўнага бухгалтара Галіна Тарлюк.

Для Міхаіла Шостака работа даўно стала другім домам. І хоць па ўзросце ён на заслужаным адпачынку, але без працы сябе не ўяўляе.

Загадчыца МТФ «Цэнтр» Людміла Чарапавіцкая (справа), аператары машыннага даення Сняжана Юдзіна і Людміла Бубен, даглядчык Станіслаў Юдзін утульна адпачываюць пасля работы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *