Нельга забыць. 11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Еўдакія Талочка часта пераглядае старыя фотаздымкі. У сямейным альбоме ёсць і фатаграфіі ваеннага часу.

Сёння ў Ляхавіцкім раёне пражывае 29 чалавек, якім больш як 7 дзесяцігоддзяў назад давялося прайсці праз пакуты фашысцкіх канцлагераў. Перанесеныя падчас ваеннага ліхалецця выпрабаванні – як незагойная рана на сэрцы…

Мірнае неба, хлеб на стале, шчаслівыя дзіцячыя галасы – галоўныя жыццёвыя каштоўнасці ляхавічанкі Еўдакіі Талочка, да якой напярэдадні памятнай даты завіталі карэспандэнты “ЛВ”.

Калі пачалася вайна, бацька Еўдакіі Іванаўны пайшоў у партызаны. Не раз тыя спыняліся ў гасцінным доме сям’і Чарнышовых (дзявочае прозвішча Еўдакіі), маці разам з дочкамі выпякала для іх хлеб. Па даносе здрадніка вёску Вельбузы, што на Віцебшчыне, немцы спалілі. Сярод тых, хто паспеў уцячы, былі 19-гадовая Дуня і яе малодшая сястра Тоня.

– 26 лістапада – жалобная дата не толькі ў нашай сям’і. Штогод у гэты дзень мы ўшаноўваем памяць усіх жыхароў роднай вёскі, якіх спалілі карнікі. 73 гады я аплакваю маму і сястрычку Любачку, якой было ў 1942-ім толькі 11 гадоў, ­ – расказвае Еўдакія Талочка.

Дзяўчаты вярнуліся дамоў на папялішча. Жылі ў зямлянцы, перахварэлі на тыф…

У сакавіку 1943 года атрад карнікаў пагнаў людзей у лагер для ваеннапалонных , што знаходзіўся ў вёсцы Лясной Баранавіцкай вобласці. Адтуль маладых і несямейных адправілі на станцыю і пагрузілі ў вагоны-цялятнікі. 2 тыдні, пакуль ехалі, здаліся годам. Не разумелі, куды іх вязуць і што з імі будзе. Апынуліся ў 200 кіламетрах ад Берліна ў лагеры “Юнкерс” для нямецкіх дзяцей.

Тут працоўны дзень сясцёр пачынаўся ў 6 гадзін раніцы і доўжыўся да 10 вечара. І заўсёды над імі стаяла немка з бізуном. Уся чарнавая кухонная праца была на іх. Адна са шматлікіх павіннасцяў – насыпаць ў вялікія катлы бульбу. Калі зварыцца – голымі рукамі, гарачую, трэба было перакладаць у іншую ёмістасць. Пальцы пяклі і балелі нясцерпна. Гэты боль Еўдакія Іванаўна нібы адчувае і сёння…

Выжыць за 2 гады палону вяскоўцы дапамаглі яе цвёрды характар, нязломны дух і, канешне, вялікае жаданне жыць. Верыла, што вось-вось вайна закончыцца. Таму сваіх вызваліцеляў амерыканцаў сустракалі, як родных. Ад радасці і плакалі, і смяяліся.

Шлях дадому быў доўгім і нялёгкім. Але ўсе цяжкасці і нястачы кампенсавала радасць сустрэчы з бацькам, які шукаў дачок і ледзьве з імі не размінуўся.

… Паступова наладжвалася мірнае жыццё. Сям’я Чарнышовых пераехала да родных у Ляхавіцкі раён. Тут Еўдакія выйшла замуж. Муж Іосіф быў франтавіком. З ім выхавалі сына і дзвюх дачок. Сёння дзеці – яе апора і радасць. Як і трое ўнукаў і столькі ж праўнукаў.

Месяц назад Еўдакія Іванаўна адсвяткавала 91-ы дзень нараджэння. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, яна не сядзіць без справы. І ў агародзе, і па дому дапамагае, і з цікавасцю чытае газеты. Прычым, без акуляраў.

Дачка Нэлі Іосіфаўна адзначае, што зараз да былых вязняў вельмі ўважлівыя адносіны, пра іх клапоціцца дзяржава. Нядаўна Еўдакіі Талочка ўручылі юбілейны медаль “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.”, які яна з гонарам дэманструе.

– Усяго ў жыцці хапіла, розных людзей пабачыла. Удзячна лёсу за тое, што даў мне магчымасць выхаваць дзяцей, дачакацца ўнукаў і праўнукаў, жыць у міры і згодзе. Стабільнасць і спакой у краіне – дарагога вартыя. Тое, што перажыло наша пакаленне, не павінна паўтарыцца ніколі, – адзначае Еўдакія Іванаўна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *