Як «РАПТ» стаў «Лясгасам». У Ляхавічах аўтобусны прыпынак «РАПТ» атрымаў новую назву – «Лясгас»

У Ляхавічах аўтобусны прыпынак «РАПТ» атрымаў новую назву – «Лясгас», расказалі «ЛВ» у КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і дадалі, што зараз праводзіцца работа па афармленні ўсіх неабходных дакументаў.
Змена назвы ініцыявана калектывам Ляхавіцкага лясгаса. З такой прапановай тутэйшыя работнікі звярнуліся да старшыні райвыканкама Мікалая Мароза падчас адзінага дня інфармавання, які праходзіў у ліпені. Лясгасаўцы просьбу абумовілі прапіскай аўтапрыпынка непасрэдна каля іх адміністрацыйнага будынка.
Зварот атрымаў падтрымку.
Камунальнікі не абмежаваліся новай шыльдай і ўстанавілі таксама сучасны аўтапавільён – стары не адпавядаў тэхнічным характарыстыкам. Апгрэйд месца прыпынку аўтобуса адбыўся напярэдадні Новага года. А яго сучасны знешні выгляд – заслуга рабочага зялёнага будаўніцтва камунгаса Аляксандра Капузы, які за дзесяць дзён зрабіў, пафарбаваў павільён і разам з калегамі яго ўстанавіў.
Лясгасаўцы плануюць далейшае ўпарадкаванне тэрыторыі вакол аўтапавільёна, каб зрабіць прыпынак больш стыльным і брэндзіраваным.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.




