У кадры – маладыя журналісты

Падчас экскурсіі па зімовым садзе ўніверсітэта

На мінулым тыдні ў Брэсцкім дзяржаўным  універсітэце  імя А. С. Пушкіна прайшоў  абласны вучэбна-метадычны семінар, на якім абмяркоўваліся  пытанні падрыхтоўкі  журналісцкіх кадраў і павышэння прафесійнага майстэрства. На сустрэчы прадстаўнікоў  СМІ з выкладчыкамі кафедры журналістыкі філфака  размова ішла пра напрамкі супрацоўніцтва галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, філалагічнага факультэта БрДУ і рэдакцый.

Чатыры з паловай  месяцы назад  выпускнікі  аддзялення ўліліся ў рады газетчыкаў Брэстчыны. Сярод удзельнікаў сустрэчы былі і тыя, хто зусім нядаўна сядзеў за сталамі ў тутэйшых аўдыторыях у якасці студэнтаў. Яны  падзяліліся ўражаннямі пра  першыя крокі  ў прафесіі. Начальнік   аддзела па рабоце са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Вадзім Ляўковіч пазнаёміў з вынікамі анкетавання маладых спецыялістаў, што працуюць у рэдакцыях.
Падчас сустрэчы гаварылася  пра падрыхтоўку кадраў для газет яшчэ са  школы, пра адпаведную прафарыентацыйную работу. Дні адкрытых дзвярэй, конкурсы юнкараў  – усё гэта для таго, каб школьнікі  мелі дакладнае ўяўленне  пра работу журналіста. Размова ішла і пра надзвычай важнае для прафесійнага ўдасканалення ўменне маладых  спецыялістаў  бачыць цікавыя тэмы, пра  адносіны да слова і яго выкарыстанне.
Выдатнай школай  для пачынаючых карэспандэнтаў з’яўляецца настаўніцтва. Плануецца на базе абласной арганізацыі БСЖ стварэнне  клуба маладых журналістаў. Тым больш першы крок да яго ўжо   зроблены:  нядаўна ў Пружанах прайшоў абласны семінар для супрацоўнікаў рэдакцый, якія асвятляюць маладзёжную тэматыку.

Прыемным сюрпрызам для газетчыкаў стала экскурсія па зімовым садзе ўстановы.
Дадам, што па накіраванні ці з рэкамендацыямі ”Ляхавіцкага весніка” і ў Брэсцкім універсітэце, і ў інстытуце журналістыкі БДУ вучацца некалькі нашых землякоў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *