Правіла аднаго метра. За што могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ўладальнікі транспартных сродкаў

Усталявалася сапраўды зімовае надвор’е са снегам, маразамі. Клопатаў хапае не толькі камунальнікам, дарожнікам, але і гаспадарам прыватных домаўладанняў і аўтаўладальнікам, у тым ліку тым, хто паркуе свае транспартныя сродкі на аўтастаянках ці ў дварах шматкватэрнікаў. Хаця камунальныя і дарожныя службы без перапынку расчышчаюць вуліцы і двары ад снежных завалаў, гаражанам і вяскоўцам усё роўна даводзіцца цярпець нязручнасці накшталт таго, што машыну ў двары заваліла снегам.

– Чысціня ў двары не проста эстэтыка, а яшчэ і пытанне бяспекі. Снег і лёд вакол транспартнага сродку замінаюць праходу пешаходаў, ствараюць перашкоду снегаўборачнай тэхніцы. Сярод новаўвядзенняў Правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, якія пачалі дзейнічаць з 16 мая 2025 года, – патрабаванне да ўладальнікаў транспартных сродкаў ачышчаць тэрыторыю ад снегу. Згодна з правіламі, у выпадку стаянкі транспартнага сродку на прыдамавой тэрыторыі, праездах юрыдычная ці фізічная асоба забяспечваюць своечасовае прыбіранне ад снегу тэрыторыі, прызначанай для руху ці стаянкі транспартнага сродку, на адлегласці не менш за метр ад свайго транспартнага сродку, – тлумачыць начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.

Калі ўладальнікі транспартных сродкаў не будуць выконваць правілы добраўпарадкавання, яны могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці згодна з артыкулам 22.10 КоАП і атрымаць штраф:

для фізасоб – да 25 базавых велічынь, для ІП – ад 10 да 50 БВ, для юрыдычных асоб – ад 20 да 100 БВ.
– Звяртаюся да ўладальнікаў транспартных сродкаў: не пакідайце свае аўто ў месцах, дзе праходзіць снегаўборачная тэхніка. Камунгас закупіў так званыя «грамадскія» лапаты, якімі вадзіцелі могуць пачысціць тэрыторыю вакол сваёй машыны,
прыпаркаванай на дваровай тэрыторыі шматкватэрнікаў. Для таго, каб скарыстацца снегаачышчальным інвентаром, можна звярнуцца ў камунгас, патэлефанаваць у дыспетчарскую службу па нумары 6-56-98.
Пры атрыманні лапат для расчысткі снегу пры сабе неабходна мець дакумент, што сведчыць асобу. Зразумела, інвентар трэба вярнуць. Просьба ашчадна працаваць з лапатамі, бо яны спатрэбяцца і іншым, – удакладняе дырэктар КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
Работнікі камунгаса не здымаюць з сябе адказнасці за арганізацыю работ у складаных снежна-марозных умовах. Але ж гэта і справа
агульнай важнасці, і пры цесным супрацоўніцтве і з дапамогай неабыякавых землякоў сумётаў і праблемных момантаў стане істотна менш.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.