Патрыятычная прафарыентацыя. У гімназіі г. Ляхавічы дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб «Доблесць пакаленняў»

У сучасным свеце, поўным выклікаў, важнасць ваенна-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення не толькі не змяншаецца, але і набывае новы сэнс. Гэта і ўрокі гісторыі, і фарміраванне асобы, якая любіць сваю Радзіму, гатова стаяць на яе абароне і разумее важнасць грамадзянскага абавязку.

Сёння ва ўсіх установах адукацыі Ляхавічаў дзейнічаюць ваенна-патрыятычныя клубы, і іх выхаванцы вылучаюцца не толькі знешнім выглядам, але і ўзроўнем падрыхтоўкі, дысцыплінай і сапраўдным
патрыятычным духам. Кожнае такое аб’яднанне па інтарэсах – гэта фарміраванне грамадзянскай пазіцыі, дзе навучэнцы набываюць ваенныя навыкі і разуменне сваёй адказнасці перад краінай.
Піянерам у стварэнні новага аб’яднання стала гімназія, дзе ў красавіку 2023 года ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты ваенна-патрыятычны клуб «Доблесць пакаленняў». У гімназіі з 2024 года прапісаны і раённы цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, дзе праходзяць заняткі для старшакласнікаў раёна.

– Са з’яўленнем клуба наша супрацоўніцтва з 8-й радыё-тэхнічнай брыгадай Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны стала яшчэ больш сістэмным і насычаным. Ваеннаслужачыя воінскай часці 29969 право-дзяць заняткі, а гімназісты з энтузіязмам наведваюць часць і знаёмяцца з жыццём сучаснай арміі, – адзначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Гатоўчыц, якая была зацікаўленым ініцыятарам стварэння ваенна-патрыятычнага клуба. Асноўны яго напрамак – падрыхтоўка моладзі да службы ва Узброеных Сілах – уключае вывучэнне асноў ваеннай палітыкі і бяспекі, заняткі па ваенных дысцыплінах, грамадзянскую абарону, медыцынскую падрыхтоўку і многае іншае.

Комплексны падыход адыгрывае ключавую ролю ў фарміраванні асобы абаронцы Айчыны, сапраўднага грамадзяніна і патрыёта, дазваляе навучыць юнакоў і дзяўчат асноўным спосабам абароны роднай зямлі і выхаваць у іх цвёрдыя маральныя прынцыпы і павагу да гісторыі сваёй краіны.

Заняткі для 16 членаў клуба «Доблесць пакаленняў» на базе цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі праводзяць кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Віктар Яварчук, а таксама выкладчыкі ВНУ, ваеннаслужачыя і г. д. Выхаванцы клуба пад непасрэдным кіраўніцтвам Віктара Яварчука паказваюць майстар-класы па разборцы і зборцы аўтамата для іншых навучэнцаў. А падчас каляднага тыдня на заняткі па агнявой падрыхтоўцы запрасілі і бацькоў.

Юнармейцы прынялі ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, спаборніцтвах і ваенна-спартыўных гульнях, вучэбна-трэніровачных зборах, заваявалі нямала ўзнагарод, пабывалі на разнастайных экскурсіях, маршрут якіх праходзіў праз кропкі баявой славы і памятныя мясціны, пры-свечаныя важным гістарычным падзеям і войнам, ахвярам генацыду і г. д. На заключным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу ваенна-патрыятычных аб’яднанняў, які праходзіў летам, каманда гімназіі заваявала дыплом I ступені ў творчым конкурсе «Расцім патрыётаў». І гэта перамога ў скарбонцы гімназістаў не адзіная.

Сярод першых удзельнікаў клуба – Ягор Богдан, Данііл Маслоўскі, Вераніка Лаўрукевіч, Вольга Македановіч. Данііл уваходзіць у сцяганосную групу і адзначае, што быць членам клуба – ганарова.

– Тут я шмат чаму навучыўся. Не толькі па карце ці па падручніках даведаўся пра бяс-пеку Айчыны і яе ворагаў. На сустрэчах з ветэранамі, на экскурсіях гісторыя перастае быць чорна-белымі фотаздымкамі. Яна становіцца жывой, балючай і гераічнай адначасова. І ты разумееш, што гэта твая гісторыя. Гісторыя сям’і. Маёй зямлі. І, вядома, важнае значэнне маюць атрыманыя ў клубе веды і навыкі. Разборка аўтамата на хуткасць, аказанне першай дапамогі, арыентаванне на мясцовасці – гэта не нейкія крутыя фішкі, а ўпэўненасць, што ў складанай сітуацыі ты не разгубішся і зможаш дзейнічаць, – дзеліцца адзінаццацікласнік Данііл Маслоўскі.
Сёння, каб стаць членам клуба, адзначае Аксана Гатоўчыц, трэба прайсці сур’ёзны адбор.

– Трэба быць фізічна падрыхтаваным і матываваным. Перавага аддаецца, у першую чаргу, тым навучэнцам, хто плануе звязаць сваё жыццё з воінскай службай. Перадпрофільны адбор пачынаецца з 8-га класа, з гуртка «Юны стралок», бачым прэтэндэнтаў і з гульні «Зарніца». Выхаванцы клуба ўдзельнічаюць у шматлікіх спаборніцтвах. Дзеці ў клубе становяцца іншымі. Дысцыплінуе нават форма, якую яны носяць з гонарам і задавальненнем, – падкрэслівае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Віктар Яварчук.
Намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце воінскай часці 29969 Андрэй Паляшук адзначае, што сумесныя з клубам святы, заняткі і экскурсіі ў воінскую часць – усё гэта ўмацоўвае сувязь арміі і грамадства, а таксама дазваляе падрастаючаму пакаленню на свае вочы ўбачыць, што такое сучасная служба ва Узброеных Сілах Беларусі, і зрабіць свядомы прафесійны выбар. Канешне, не ўсе выхаванцы клуба ў будучыні стануць ваеннаслужачымі. Аднак знаёмства з ваеннымі прафесіямі значна пашырае кругагляд моладзі, выхоўвае павагу да ваеннай службы і разуменне яе рознабаковасці.

Выпускнікі гімназіі – 2025 выхаванцы «Доблесці пакаленняў» выбралі прафесійны шлях ваенных: Ілья Малевіч з’яўляецца курсантам авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі, а Ілья Патраўны атрымлівае адукацыю ў ваенна-медыцынскім інстытуце.

Адзінаццацікласніцы Вераніка Лаўрукевіч і Вікторыя Люкіш мараць паступіць у Ваенную акадэмію.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.