У Жыровічах, дзе чутны голас неба. Духоўныя цэнтры традыцыйных канфесій. Праваслаўе

У Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры заўсёды шматлюдна. Гэта месца вялікай духоўнай сілы і адзін з духоўных цэнтраў праваслаўнай канфесіі. А яшчэ – помнік архітэктуры са старажытнай гісторыяй, якая пачалася больш за пяць стагоддзяў назад

Сюды ідуць і едуць, каб пакланіцца і памаліцца святыні – адзінай у свеце нерукатворнай іконе на камені. Гэта самая маленькая вядомая выява Багародзіцы. Памер Жыровіцкай Божай Маці – крыху больш за пяць з паловай на чатыры з паловай сантыметры. Згодна з паданнем, абраз больш за пяць стагоддзяў назад знайшлі мясцовыя пастухі. Праз час на тым месцы быў узведзены храм.
Сярод скарбаў абіцелі ёсць і такі, чыя велічнасць вымяраецца не толькі ў тонах, – тут знаходзіцца самы вялікі на тэрыторыі Беларусі звон, вага якога складае 14 тон. А яшчэ яго адметнасць у сіле духоўнай еднасці, у памяці, у пераемнасці традыцый. Звон быў адліты на звоналіцейным заводзе ў Варонежы, што стала магчымым дзякуючы садзейнічанню кіраўніцтва Саюзнай дзяржавы і банка «ВТБ».
Звон-волат – памяць пра ўсіх суайчыннікаў, дзякуючы якім была здабыта Вялікая Перамога ў вайне савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На яго паверхні змешчаны чатыры вялікія і восем невялікіх ікон. Размешчаны таксама барэльефныя выявы ўсіх дванаццаці гарадоў-герояў, сярод якіх Мінск і Брэсцкая крэпасць-герой. У адной лінейцы таксама асабліва знакавыя месцы памяці і гераічнай славы для ўсяго беларускага народа – Хатынь, Трасцянец і Курган Славы.
Так, Жыровіцкі звон з яго магутным і глыбокім голасам і знакавымі для беларусаў вобразамі стаў маналітным сімвалам веры, памяці і гераізму.
Калі будзеце ў Жыровічах, прыслухайцеся. Магчыма, вам пашчасціць пачуць гэты ўнікальны гук, які стварае непаўторную атмасферу ўрачыстасці і вечнасці.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

