Прайсці праз выпрабаванні і застацца чалавекам. 27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту
27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту.
Ён зацверджаны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый з мэтай захавання памяці аб трагедыі, якая забрала жыцці мільёнаў людзей з многіх краін свету, і папярэджання такіх злачынстваў у будучыні.
Дата выбрана невыпадкова: у гэты дзень у 1945 годзе савецкія войскі вызвалілі самы масавы нацысцкі канцэнтрацыйны лагер «Асвенцым», які знаходзіўся на тэрыторыі Польшчы. Вызваленне стала сімвалам заканчэння фашысцкага генацыду, які закрануў не толькі яўрэйскую, але і іншыя этнічныя і сацыяльныя групы. Тэма халакосту знаходзіцца ў цеснай узаемасувязі з тэмай генацыду беларускага народа.
Па ацэнках экспертаў і гісторыкаў, на тэрыторыі Беларусі з 1941 па 1944 год, у тым ліку ў Мінскім гета і канцэнтрацыйным лагеры «Трасцянец», загінулі каля 800 тысяч яўрэяў. Наша краіна ў Вялікай Айчыннай вайне перажыла фактычна два генацыды: халакост беларускіх яўрэяў і генацыд беларускага народа.

У музеі «Баявой і працоўнай славы», які дзейнічае ў СШ № 2, падрыхтаваны даследчыя работы, якія расказваюць пра цяжкія лёсы нашых землякоў – колішніх вязняў фашысцкіх канцлагераў. Адна з іх прысвечана Паўлу Адамавічу Мілюку.
Павел Мілюк нарадзіўся 1 ліпеня 1918 года ў сям’і настаўнікаў. Праз нейкі час сям’я пераехала са Стаўбцоўскага раёна ў вёску Гашчын Ляхавіцкага раёна. Павел быў вельмі адукаваным і таленавітым юнаком, размаўляў на шасці мовах. Яго здольнасці былі заўважаны, і ў 1940 годзе пасля прад’яўлення сертыфіката аб заканчэнні двух курсаў Віленскага ўніверсітэта быў залічаны на трэці курс Беластокскага ўніверсітэта. Наперадзе адкрываліся шырокія
гарызонты. Але ўсё перакрэсліла вайна. Павел Мілюк уступіў у падпольную арганізацыю, што дзейнічала ў Баранавічах, і разам з іншымі змагаўся з фашыстамі і паліцаямі. Адважнага падпольшчыка арыштавалі на пачатку восені 1943 года, пасля допытаў адправілі ў канцлагер у вёсцы Калдычэва.
З успамінаў Паўла Мілюка:
«У Калдычэва мы прабылі два тыдні. У пачатку лістапада ўсіх зняволеных вывелі на вуліцу, пастроілі ў шарэнгу. Нямецкі афіцэр загадаў кожнаму трэцяму зрабіць тры крокі наперад. Гэта тычылася і мяне. За нашымі спінамі пачулася: «Ну ўсё, іх павязуць на расстрэл». Ну што ж, расстрэл дык расстрэл, прыйшоў час паміраць».
Аднак іх павезлі не на расстрэл, а ў канцлагер «Малы Трасцянец» каля Мінска. Там Павел Мілюк зноў прайшоў выпрабаванні здзекамі, знявагамі, холадам і голадам. Але яшчэ большыя жахі чакалі наперадзе. З 3 снежня 1943 года пачаўся адлік страшных дзён і начэй і перыяд нечалавечых выпрабаванняў у канцэнтрацыйным лагеры «Асвенцым» у Польшчы.
«Кармілі вельмі-вельмі дрэнна. Раніцай усім вязням давалі па кубку гарачай вады, днём – паўлітра такой стравы, што яе б і свінні не сталі б есці, а вечарам – кавалачак хлеба, які выпякаўся з каштанавай і крыху аржаной мукі. З’ясі такі хлеб, а потым усю ноч пакутуеш болямі ў жываце. Ад такой ежы памірала шмат людзей. А фашысты прыдумвалі ўсё новыя зверствы. У «Асвенцым» прывезлі аўстрыйскіх яўрэяў, паабяцалі ім, калі яны будуць жалезнымі прутамі біць іншых вязняў, то іх адпусцяць на волю», – успамінаў Павел Мілюк.
У канцлагеры над вязнямі праводзілі жудасныя вопыты. Павел Мілюк стаў адным з тых, у каго гітлераўскія каты вымяралі сілу касцей рук: у спецыяльны прыбор засоўвалі пальцы рукі і паступова іх сціскалі. Калі косці пачыналі хрумсцець, вопыт завяршаўся. Пасля такіх здзекаў у Паўла Мілюка рука засталася пашкоджанай і амаль нерухомай.
27 студзеня 1945 года «Асвенцым» вызвалілі савецкія войскі. Дамоў на Ляхавіччыну Павел Мілюк вярнуўся ў кастрычніку 1945 года, адразу
ўладкаваўся працаваць у Куршынавіцкую сямігадовую школу, быў яе першым пасляваенным дырэктарам. Напісаў некалькі дзённікаў успамінаў.
Памёр Павел Адамавіч Мілюк 23 лістапада 2011 года ва ўзросце 93 гадоў, пахаваны на праваслаўных могілках у Ляхавічах.
Віталій ТОЛКАЧ, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні,
настаўнік гісторыі СШ № 2.

