Цыклон вытрымалі, але не расслабляемся

У барацьбе з наступствамі снежнай стыхіі землякі прадэманстравалі зладжанасць, узаемападтрымку, грамадскую свядомасць. Зараз патрэбны дадатковыя меры па расчыстцы ад снегу
Амаль тры тыдні прайшло з таго часу, як цыклон «Улі» захапіў у снежны палон Беларусь. Выпрабаванні непагаддзю аб’ядналі беларусаў. Са стыхіяй змагаліся і спецыялізаваныя службы, і грамадзяне, якія асабіста і калектывамі выходзілі на расчыстку снегу.
І ў Ляхавіцкім раёне быў дадзены адпор наступствам цыклону.
Выкананне мерапрыемстваў па расчыстцы снегу і наледзі, падсыпцы дарог супрацьгалалёднымі сумесямі, ажыццяўленне кантролю за якасцю праводзімых работ – тэмы рабочага пасяджэння райвыканкама.
Начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская расказала, што мабілізацыя ўсіх рэсурсаў дазволіла ліквідаваць асноўныя наступствы цыклону. Снежныя
сумёты негатыўна паўплывалі на дарожна-транспарную
сітуацыю ў раёне. Па інфармацыі Марыны Завадскай, у расчыстцы тэрыторый ад снегу былі задзейнічаны 30 адзінак тэхнікі ДРБУ-200, ДЭУ-23 і ДЭУ-24, 9 – камунгаса.
Дапамогу дарожным арганізацыям аказвалі сельгаспрадпрыемствы. З 8 па 12 студзеня дарожнымі арганізацыямі зрасходавана 594 тоны пясчана-салянай сумесі. З 12 па 16 студзеня распараджэннем старшыні райвыканкама праведзены мерапрыемствы па аператыўнай расчыстцы ад снегу падведамасных і замацаваных тэрыторый.
Марына Завадская адзначыла, што, па стане на 26 студзеня, па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема вывазу снегу, складзіраванага на землях агульнага карыстання ў райцэнтры – уздоўж тратуарных дарожак, на дваровых тэрыторыях.
Патрабуецца прыняцце дадатковых мер па расчыстцы ў поўным аб’ёме праезнай часткі і тратуараў ад снегу, ліквідацыі снежных сумётаў, апрацоўцы вулічна-дарожнай сеткі супрацьгалалёднымі матэрыяламі.
Супрацоўнікі АДАІ РАУС маніторылі вулічна-дарожную сетку раёна для выяўлення транспартных сродкаў, прыпаркаваных уздоўж праезнай часткі, і прымалі меры, каб уладальнікі аўто перастаўлялі іх у іншае месца, дзе не будуць замінаць руху спецтэхнікі.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў нагадаў, што згодна з Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў суб’екты гаспадарання на ўласных, прылеглых і замацаваных тэрыторыях абавязаны ствараць бяспечныя для людзей умовы падчас снегападаў, галалёдзіцы, а таксама прымяняць супрацьгалалёдныя сродкі. Віталій Ціханаў падкрэсліў, што менавіта зімой расце колькасць разнастайных траўмаў – пераломаў, расцяжэнняў, удараў. Так, сёлета на тэрыторыі раёна ўжо зарэгістравана 15 зваротаў ва ўстановы аховы здароўя па прычыне атрыманых траўмаў. Спецыялісты райЦГіЭ пастаянна праводзяць катрольна-наглядныя і прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на аператыўнае ўхіленне парушэнняў па своечасовай ачыстцы тэрыторый ад усіх відаў снежных, ледзяных утварэнняў, апрацоўцы пры неабходнасці дазволенымі да ўжывання рэагентамі. Маніторынгамі ахоплены тэрыторыі гандлёвых аб’ектаў, адміністрацыйных будынкаў, устаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, аўтастанцыя і чыгуначная станцыя, прамысловыя прадпрыемствы. Парушэнні выяўлены на 26 аб’ектах. Віталій Ціханаў адзначыў, што па кожным устаноўленым факце праведзены мерапрыемствы па ўхіленні праблемных момантаў. У адрас
9 кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый накіраваны пісьмы-патрабаванні прыняць меры па ачыстцы тэрыторый ад снегу і ўказаны канкрэтныя тэрміны для работы над памылкамі.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што камунальныя і дарожныя службы спрацавалі належным чынам і зладжана, відавочным было і ўзаемадзеянне паміж арганізацыямі. Далучыліся да расчысткі ад снегу тэрыторыі працоўныя калек-
тывы, дэпутацкі корпус, работнікі службаў райвыканкама, школьнікі, агракаляджане, актывісты БРСМ. Нямала прыкладаў, калі
жыльцы шматкватэрнікаў узялі ў рукі лапаты і расчышчалі дваровыя тэрыторыі, стаянкі аўтатранспарту, падыходы да пад’ездаў. Разам з тым кіраўнік раёна падкрэсліў, што некаторыя прадпрымальнікі чакаюць, пакуль нехта прыйдзе і расчысціць снег каля прыватных магазінаў ці арганізацый.
Ёсць і такія аўтаўладальнікі, якія пакідаюць свае транспартныя сродкі ў дварах дамоў і замінаюць руху спецтэхнікі.
Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк падзякаваў за дзейсную дапамогу ў расчыстцы ад снегу дарог і вуліц у сельскіх населеных пунктах сельгаспрадпрыемствам раёна, а старшыням сельвыканкамаў – за дакладную арганізацыю работ і хуткае рэагаванне на заявы, што паступалі ад вяскоўцаў.
Было ўзнята яшчэ адно надзённае пытанне – куды вывозіць снег. Марына Завадская патлумачыла:
– У Ляхавіцкім раёне ёсць афіцыйная пляцоўка, куды можна вывозіць снег з земляў, у тым ліку агульнага карыстання. Гэта палігон цвёрдых камунальных адходаў у Грушаўцы.
Першую сёлета праверку снегам мы вытрымалі. Але супакойвацца рана, бо зіма ў самым разгары, і надвор’е можа прынесці яшчэ нямала сюрпрызаў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

