Мост паміж марай і прафесіяй. У Ляхавічах у дапамогу старшакласнікам прайшоў кірмаш мэтавай падрыхтоўкі

Як дапамагчы старшакласніку выбраць не проста прафесію,
а справу жыцця, у якой ён раскрые свой талент і здольнасці, прынясе карысць краіне? Адзін са спосабаў вызначэння прафесійных схільнасцяў будучых абітурыентаў, навігатар у свеце спецыяльнасцяў – кірмаш мэтавай падрыхтоўкі для выпускнікоў 9-х і 11-х класаў. Чарговы кірмаш прайшоў на мінулым тыдні ў ГДК

Больш фота тут

Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі за час правядзення стаў для старшакласнікаў устаноў адукацыі Ляхавіччыны выдатным памочнікам. Гэта фармат «тры ў адным», калі будучыя абітурыенты атрымліваюць карысную інфармацыю пра ўстановы адукацыі, знаёмяцца з іх прадстаўнікамі і зараджаюцца ўражаннямі, якія дапамогуць зрабіць адказны выбар у свеце прафесій.

На гэты раз у прафарыентацыйным кірмашы, які прайшоў 23 студзеня ў ГДК і меў назву «Выбіраючы прафесію, вызначаем будучыню», прынялі ўдзел дзевяць устаноў адукацыі (у тым ліку Ляхавіцкі аграрны каледж), а таксама прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Пра вакансіі і прафесійныя перавагі
з выпускнікамі 9-х і 11-х класаў вялі размову прадстаўнікі Ляхавіцкага лясгаса, райбальніцы, аддзела па адукацыі райвыканкама і галіновага прафсаюза. Прэзентаваў сваю прадукцыю і запрашаў на працу  ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі». Пра вытворчасць, працоўныя месцы і бонусы маладым спецыялістам расказалі прадстаўнікі ААТ «Нача», «Шлях новы» і «Жарабковічы». На прафарыентацыйнай пляцоўцы РАУС разам з супрацоўнікамі райаддзела працавалі і навучэнцы ваенна-патрыятычнага клуба «Фартэцыя» СШ № 1.  Госцем сустрэчы стаў і Баранавіцкі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.
З наказам да старшакласнікаў звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Алег Траццяк, які падкрэсліў, што выбар прафесіі і навучальнай установы – адно з важных рашэнняў у жыцці.

– Важна атрымаць не проста дыплом, а якасную, сучасную адукацыю, якая стане трывалым фундаментам для прафесійнай кар’еры, – адзначыў Алег Траццяк і падкрэсліў, што раён зацікаўлены ў ведах выпускнікоў, і пасля атрымання дыплома малая радзіма будзе рада іх бачыць у якасці маладых спецыялістаў.
Кожная навучальная ўстанова для прэзентацыі прафесій арганізавала сапраўдны інтэрактыў, які ўключаў майстар-класы, адказы з першых вуснаў і кансультацыі, у тым ліку па пытаннях мэтавай падрыхтоўкі. Мэтавая падрыхтоўка дазваляе атрымаць бясплатную адукацыю
і гарантаванае месца працы. Колькасць месцаў для атрымання адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі даводзіцца
да абітурыентаў, заказчыкаў і ўстаноў адукацыі да 1 мая (да 1 чэрвеня па педагагічных спецыяльнасцях).
Ляхавіцкі аграрны каледж па традыцыі пра спецыяльнасці расказваў праз віктарыны і дэманстрацыю абсталявання. Акрамя падрыхтоўкі спецыялістаў ветмедыцыны, вытворчасці прадукцыі расліннага, а таксама жывёльнага паходжання, каледж з мінулага года ажыццяўляе набор для навучання тэхнікаў лясной гаспадаркі. Ганцавіцкі дзяржаўны аграрны каледж сярод іншых прафесій рыхтуе дыпламаваных кандытараў і повараў. І на кірмашы яны пачаставалі прысутных смачнымі блінамі. Сярод спецыяльнасцяў, на якія аб’яўляе прыём Навамышскі дзяржаўны аграрны каледж, і повар чацвёртага разраду. Прысутныя змаглі ацаніць кандытарскія вырабы, зробленыя навучэнцамі пад кіраўніцтвам педагогаў. І гэта вельмі смачна!

Навучэнцы 9-х і 11-х класаў мелі магчымасць даведацца з першых вуснаў пра навучанне і ўмовы паступлення ў Баранавіцкі дзяржаўны каледж лёгкай прамысловасці імя В. Я. Чарнышова і Баранавіцкі дзяржаўны каледж тэхналогіі і дызайну, БарДУ і Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна. Пазнаёмілі старшакласнікаў і з новаўвядзеннямі ўступнай кампаніі – 2026.
У руках гімназісткі Вікторыі Люкіш шмат інфармацыйных буклетаў.

Будучая абітурыентка прызналася, што яе зацікавіла спецыяльнасць эканаміста ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. Менавіта туды яна і плануе паступаць, карыс-таючыся магчымасцю
мэтавага накіравання. Адзінаццацікласнікі ваенна-патрыятычнага
клуба «Фартэцыя» з СШ № 1 Арцём Ганчарык і Іван Пінчук прыйшлі
на кірмаш з канкрэтнымі планамі. Адзін з іх марыць звязаць сваё
жыццё з сілавымі структурамі, а другі – з юрыспрудэнцыяй. На кірмашы яны былі адзінай камандай з супрацоўнікамі РАУС, якія расказвалі ўдзельнікам сустрэчы пра дзейнасць міліцыі, дэманстравалі службовае абсталяванне і тлумачылі пра асаблівасці паступлення ў навучальныя ўстановы МУС.
– Для старшакласніка, які стаіць на парозе дарослага жыцця, пытанне «кім быць?» – адно са складаных. Прафарыентацыйны кірмаш стано-
віцца ў гэтым выбары не падзеяй у календары, а ключавым навігатарам, які дапамагае злучыць жаданні з магчымасцямі і здольнасцямі выпускніка, – падкрэсліла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.