Зімовы пачастунак для рагатага

31 студзеня з’яўляецца днём закрыцця палявання на капытную жывёлу. Лес становіцца тэрыторыяй не для стрэлаў, а ў некаторых відаў яго насельнікаў хутка з’явіцца прыплод.Далей – паступовы паварот сонца на вясну.
Студзень гэтага года быў экстрэмальна зімовым. І снегу, і тэмпературнага мінуса «выпала» больш, чым дастаткова. Такія ўмовы нельга назваць нават мінімальна камфортнымі. І для людзей, і для дзікай жывёлы, якая, у адрозненне ад першых, не мае магчымасці прыцягнуць сабе на дапамогу нейкія адмысловыя тэхналогіі. «Падагрэць», напрыклад, лася, казулю, аленя высакароднага можа толькі чалавек. Праз падкормку, выкладку на спецыяльных лясных кармавых пляцоўках ці ў абсталяваных кармушках таго, што выкліча кармавую зацікаўленасць лясных насельнікаў. Чым зараз, у тым ліку, і займаюцца работнікі паляўнічай структуры Ляхавіччыны.
– У прынцыпе, дзікая жывёла здольна здабыць для сябе корм фактычна ў любых умовах. У самы моцны мароз і глыбокі снег. Другая справа – цана пытання, у якія намаганні для яе гэта можа абысціся. Бывае, што працэс пошуку корму забірае столькі энергіі, колькі жывёла і атрымлівае ў выніку яго ўжывання, – гаворыць вядучы паляўніцтвазнавец Баранавіцкай МРАС РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Віктар Патапчык.
Па яго словах, зараз снежнае покрыва ў паляўнічых угоддзях складае месцамі і па калена і па пояс. З мэтай падкормкі жывёлы ў паляўнічых угоддзях раёна арганізавана больш за два дзясяткі кармавых лакацый: адкрытыя пляцоўкі, кармушкі з супрацьснежнымі прыстасаваннямі, саланцы.
– Соль для капытных не менш, а часам і больш важна, чым кармавая даступнасць, – упэўнены спецыяліст і неабыякавы ў стаўленні да дзікай жывёлы чалавек.
Тэрыторыя паляўнічых угоддзяў раёна складаецца з трох егерскіх абходаў. На чале кожнага – егер, які і каардынуе працэс папаўнення кормапляцовак і лясных кармушак. Што туды трапляе? Можна сказаць, усё, што мае кармавую каштоўнасць і чым атрымліваецца «разжыцца»: сена, сянаж, збожжа- і зернеадходы, клубне- і караняплоды, іншае, што ва ўмовах зімы ўяўляецца сапраўдным прысмакам для капытных насельнікаў ляснога гушчару. Частку складаюць уласныя асенне-летнія прыпасы, другую – паступленні на ўмовах дамоўленасцяў са староннімі арганізацыямі, прадпрыемствамі і іншае. Шчыра ўдзячна паляўнічая гаспадарка і за выпадкі спонсарства ад асобных грамадзян, працоўных калектываў і грамадскіх суполак.
– За зімовы пачастунак рагаты лясны насельнік заўсёды гатовы аддзячыць. Напрыклад, менш стане выходзіць на азімыя пасевы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, –
завяршае размову вядучы паляў-ніцтвазнавец Віктар Патапчык.
Іван КАВАЛЕНКА.

