Прафесійныя арыенціры з грамадзянскай пазіцыяй. У СШ №1 г. Ляхавічы дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб міліцэйскай накіраванасці

Служба ў органах унутраных спраў – прызванне і прафесія, якая патрабуе высокіх маральных прынцыпаў, прафесіяналізму і гатоўнасці служыць Радзіме. Менавіта гэтыя якасці выхоўваюць у навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба «Фартэцыя» СШ № 1.

Днямі яны сталі ўдзельнікамі прафарыентацыйнай сустрэчы з першакурснікам Магілёўскага інстытута МУС выпускніком Востраўскай СШ Андрэем Траццяком, які падзяліўся перспектывамі, што адкрываюцца ў выпускнікоў гэтай ВНУ. Заняткі з выхаванцамі клуба праводзяць не толькі педагогі, а і міліцыянеры. На чарговым «уроку», напрыклад, разглядалі прававыя нормы і тэхнічныя дэталі, звязаныя з выкарыстаннем беспілотнікаў, правіламі іх рэгістрацыі. Галоўная мэта занятку – сфарміраваць у падрастаючага пакалення дакладнае разуменне неабходнасці няўхільнага выканання закана-
даўства, адказнага падыходу да выкарыстання сучасных тэхналогій і правілаў тэхнікі бяспекі пры кіраванні беспілотнікамі. І гэта звычайная практыка, калі ўрокі праходзяць не ў звыклым класным пакоі, а ў Ляхавіцкім РАУС.

Сустрэчы з супрацоўнікамі райаддзела ўнутраных спраў даюць выхаванцам «Фартэцыі» практыкаарыентаваныя веды, якія спатрэбяцца не толькі ў будучай прафесіі, а і ў паўсядзённым жыцці, –  падкрэслівае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Іван Шпак, які ўжо паўтара года з энтузіязмам і прафесійным інтарэсам распрацоўвае маршруты для членаў «Фартэцыі», шукае новыя фарматы і імкнецца, каб кожная сустрэча, удзел у кожным мерапрыемстве сталі для школьнікаў карыснымі і запамінальнымі.

Адкрыты на базе СШ № 1 у маі 2024 года ваенна-патрыятычны клуб праваахоўнай накіраванасці «Фартэцыя» сёння можа пахваліцца адзнакамі і ўзнагародамі, заваяванымі падчас разнастайных конкурсаў і спаборніцтваў. Важнасць стварэння аб’яднання па інтарэсах падкрэслена яшчэ на яго старце – падчас урачыстай цырымоніі прысвячэння навучэнцам восьмых і дзясятых класаў пасведчанні ўручыў начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Алег Шулякоўскі. А нядаўна новыя выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў МУС, сярод іх і нашы юныя землякі, вымавілі клятву і атрымалі пасведчанні ў Брэсцкай крэпасці-героі.


Дзесяцікласнік Аляксандр Высоцкі падзяліўся ўражаннямі:

Калі вымаўляў словы клятвы, то адчуваў неверагодную адказнасць. Пасведчанне ў руках – сімвал даверу і пацвярджэнне таго, што зараз мы частка чагосьці большага. Падабаецца кожны дзень адчуваць, што расцеш. Расцеш разам з цудоўнымі людзьмі, праз цікавыя задачы і ўдзел у разнастайных мерапрыемствах. Лічу, што клуб дае мне вельмі многае. Гэта практыка, рэальныя навыкі і выхаванне характару.

У «Фартэцыі» 48 юнакоў і дзяўчат праходзяць навучанне на двух узроўнях – базавым і павышаным. А жадаючых уступіць у клуб сёння больш за тры дзясяткі. Немалое значэнне ў папулярнасці ваенна-патрыятычнага фарміравання мае актыўнасць юнакоў і дзяўчат, якія са сваім педагогам у пастаянным руху. У раскладзе заняткі па ідэалагічнай, псіхалагічнай, агульнафізічнай, медыцынскай, страявой і спецпадрыхтоўцы. Па выніках навучання ў адзінаццатым класе сертыфікаты дзяржаўнага ўзору атрымаюць тыя члены клуба, хто здасць экзамен па адпаведных дысцыплінах і нарматывах.
На маршруце выхаванцаў разнастайныя экскурсіі, спаборніцтвы, акцыі, зборы, удзел у днях адкрытых дзвярэй РАУС і іншых устаноў, наведванне памятных мясцін і іншае. Першыя памочнікі ў іх арганізацыі камандзіры: у старэйшай групе камандзір Данііл Кучура, у малодшай – Расціслаў Кадоўба. Сярод выхаванцаў цяжка выдзяліць найбольш актыўных юнакоў і дзяўчат, адзначае Іван Шпак, – усе нераўнадушныя, мэтанакіраваныя і з гонарам носяць міліцэйскую форму.

Патрыятызм выхоўваем і фарміруем, у тым ліку, праз вывучэнне гісторыі органаў унутраных спраў, подзвігаў землякоў і дапамогу ветэранам. Асновы самаабароны, прававой граматнасці, заняткі
па аказанні першай дапамогі, агнявая падрыхтоўка – гэта той багаж, які павышае асабістую бяспеку і ўпэўненасць у сабе. Клуб фарміруе правільныя каштоўнасці і дае пачуццё прыналежнасці да важнай справы, што з’яўляецца моцнай альтэрнатывай згубнаму ўплыву вуліцы
, – адзначае дырэктар СШ № 1 Надзея Лапіч.

На мінулым тыдні выхаванцы «Фартэцыі» пабывалі ў музеі баявой славы Баранавіцкай Чырванасцяжнай ордэна Кутузава II ступені 18-й аўтамабільнай брыгады. Гэта не было звычайнай экскурсіяй у музей. Для юнакоў і дзяўчат, якія мараць звязаць жыццё з органамі ўнутраных спраў, экскурсія стала паглыбленнем у гісторыю і знаёмствам з элітнымі сучаснымі войскамі, павага да подзвігу дзядоў і прадзедаў, разуменне каштоўнасці міру.

Намеснік начальніка РАУС Віталій Давідоўскі падкрэслівае, што клуб «Фартэцыя» – эфектыўны інструмент «вырошчвання» будучых калег:
– Упэўнены, што навучэнцы, якія прайшлі школу клуба, прыйдуць на службу ў міліцыю маральна і фізічна падрыхтаванымі. Яны знаёмяцца з асаблівасцямі працы, кодэксам і традыцыямі. Пастаянна
сустракаюцца з ветэранамі РАУС. Адным словам, становяцца
матываванымі абітурыентамі ўстаноў, што рыхтуюць будучых супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Тым больш навучэнцы ваенна-патрыятычных клубаў міліцэйскай накіраванасці маюць ільготы пры паступленні ў ведамасныя ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Першы выпуск у ваенна-патрыятычным клубе «Фартэцыя» адбудзецца ўжо сёлета, і трэць выхаванцаў старэйшай групы плануе паступаць у ВНУ і каледж сілавых структур ці набываць юрыдычныя спецыяльнасці. Сярод іх Валерыя Бабок, Арцём Ганчарык, Ясенія Давідоўская, Арцём Козел, Мікалай Ламака, Іван Навіцкі, Іван Пінчук і Міхаіл Стасюк.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва ВПК «Фартэцыя»