Шлюб па індывідуальным сцэнарыі. Самы доўгі і кароткі шлюб на Ляхавіччыне

На Ляхавіччыне летась у аддзеле загса райвыканкама і сельвыканкамах зарэгістравана 110 нараджэнняў – на свет з’явіліся 58 хлопчыкаў і 52 дзяўчынкі.

У 32 сем’ях нарадзіўся першынец, у 36 – другое дзіця, у 24 – трэцяе, у 14 – чацвёртае, у дзвюх – пятае, у адной – сёмае і яшчэ ў адной – дванаццатае. Двойчы нарадзіліся двойні.

Сярэдні ўзрост бацькі – 30 гадоў, маці – 29 гадоў. Самы малады бацька – 19-гадовы, маці – 18-гадовая. Сталі бацькамі і 44-гадовыя землякі.
Папулярная дзясятка імёнаў 2025 года: Цімафей, Уладзіслаў, Максім, Мацвей, Павел, Аліна, Міраслава, Аліса, Васіліса, Паліна. Сярод рэдкіх і незвычайных імён, якія выбралі бацькі для сыноў, – Леў, Майк, Назар, Ратмір, Эмір. Сярод рэдкіх дзявочых імён – Амелія, Аміра, Дынара, Каміла, Моніка.

У 2025 годзе ўпершыню згулялі вяселле 68 пар, у паўторны шлюб уступілі 43 жаніхі і 63 нявесты. Сярэдні ўзрост жаніхоў 2025 года –
36 гадоў, нявест – 35 гадоў. Узяў шлюб 70-гадовы зямляк, нявестай стала 64-гадовая жыхарка раёна. Самы юны жаніх – 18-гадовы, нявеста –17-гадовая.
З замежнымі грамадзянамі зарэгістравана восем шлюбаў. У шлюб з мясцовымі жыхарамі і жыхаркамі ўступілі грамадзяне Расійскай Федэрацыі, Кыргызскай Рэспублікі і Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Па індывідуальным сцэнарыі прайшло восем цырымоній, яшчэ адна – з выездам па месцы правядзення ўрачыстасці.
Сярод нашых землякоў былі і тыя, хто скасаваў шлюб. Мінімальная працягласць шлюбу летась склала адзін месяц і дзевяць дзён. Самы доўгі сямейны саюз, скасаваны летась, доўжыўся 31 год 9 месяцаў і
27 дзён. Скасавалі шлюб 21-гадовы мужчына і 18-гадовая жанчына. Распаўся шлюб 70-гадовага мужчыны і 62-гадовай жанчыны.
На момант скасавання шлюбу сярэдні ўзрост мужчын – 39 гадоў, жанчын – 38 гадоў.
Аддзел загса райвыканкама за 2025 год разглядзеў 16 заяў аб змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку.
У аддзеле загса штодзень ажыццяўляецца кансультаванне грамадзян па пытаннях рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, выдачы даведак і іншых дакументаў. Таксама працуе тэлефон гарачай лініі 2-16-58.

Вольга НОВІК, начальнік аддзела загса райвыканкама.