Выпрабаванне мінусам. Анамальна нізкая тэмпература не стала сюрпрызам для службаў і арганізацый Ляхавіччыны
Анамальна нізкая тэмпература не стала сюрпрызам для службаў і арганізацый Ляхавіччыны. Да суровага надвор’я загадзя падрыхтаваліся камунальнікі, медыкі, выратавальнікі, сацыяльная служба і іншыя. У кожнай з іх выпрацаваны адпаведны алгарытм дзеянняў, які паказаў эфектыўнасць

У цэнтры ўвагі – пажылыя
Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва асаблівую ўвагу ў сцюдзёныя дні надае, у першую чаргу, адзінокім пажылым людзям і людзям з інваліднасцю, якія знаходзяцца
на надомным абслугоўванні. Сацработнікі сваіх падапечных наведваюць і па-за ўстаноўленых графікаў, каб забяспечыць іх прадуктамі харчавання і дапамагчы ацяпліць дом, расчысціць снег да дома і г. д. Без увагі не застаецца ні адна просьба ці тэлефанаванне, адзначае дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская і дадае, што ў цэнтры па будных днях па нумары 2-17-93 працуе гарачая тэлефонная лінія, а ў выхадныя можна звярнуцца за дапамогай па нумары аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН – 5-52-29.
Супрацоўнікі ТЦСАН аказваюць, у тым ліку, садзеянне для сувязі з іншымі службамі.
Усё па графіку
2 лютага ў штатным рэжыме працавалі і ўстановы адукацыі. Калі ў некаторых раёнах Брэстчыны былі прыпынены заняткі ў школах, то на Ляхавіччыне школы і дзіцячыя сады чакалі сваіх выхаванцаў. І школьныя аўтобусы дастаўлялі на месца ўсіх жадаючых, расказала раёнцы начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
– У панядзелак 2 лютага ва ўстановах адукацыі было менш дзяцей, чым звычайна – некаторыя з бацькоў з-за сцюдзёнага надвор’я вырашылі пакінуць сваіх школьнікаў і дашкалят дома. У да-
школьных установах і школах падтрымліваецца неабходны тэмпературны рэжым. З бацькамі і дзецьмі класныя кіраўнікі і выхавальнікі абмеркавалі пытанні бяспекі. Бацькі павінны разумець, што, пакідаючы сына ці дачку дома, яны бяруць на сябе адказнасць па стварэнні ўмоў бяспекі. Пра сваё рашэнне не адпраўляць дзяцей у сад ці школу трэба абавязкова паведаміць педагогам, – падкрэсліла
Марыя Саракавік.
Спраўляюцца з глыбокім мінусам і вадзіцелі гарадскіх і прыгарадных маршрутаў, якія 2 лютага курсіравалі ў штатным рэжыме, па графіку.
Пра гэта паведаміў «Ляхавіцкаму весніку» начальнік службы загарадных перавозак ААТ «Аўтобусны парк г. Баранавічы» Андрэй Масцілоўскі. З раніцы панядзелка на аўтастанцыі ў Ляхавічах у сувязі з умовамі надвор’я ўзніклі непаладкі ў працы двух аўтобусаў. І яны былі аператыўна ўхілены. Гэта, дарэчы, засталося незаўважным для пасажыраў, якія адправіліся ў паездку своечасова.
– Каб тэхніка выйшла на лінію па раскладзе, 2 лютага раніцай да працы былі прыцягнуты дадатковыя вадзіцелі. Яны былі задзейнічаны ў папярэднім прагрэве транспартных сродкаў, –
расказаў прадстаўнік аўтапарка.
Экзамен здадзены
Экзамен на прафесіяналізм паспяхова здалі і супрацоўнікі Ляхавіцкага РЭС, якія ліквідавалі абрыў провада на паветранай лініі электраперадачы 10кВ. Прычына – экстрэмальна нізкая тэмпература. Без электраэнергіі часова заставаліся вёскі Шчэрбава, Каўпакі і Малышы. Старшыня Крывошынскага сельвыканкама Сяргей Баргамон расказаў, што насельніцтва з разуменнем адрэагавала на часовыя нязручнасці, і зваротаў па гэтым пытанні ў сельвыканкам не паступала. А палове другой гадзіны дня электраэнергія ўжо вярнулася ў дамы вяскоўцаў.
У Ляхавіцкім раёне газазабеспячэння запэўнілі, што спецыялісты прадпрыемства ў планавым парадку забяспечваюць бесперабойную падачу і транспарціроўку газу ў жылыя дамы і на прамысловыя прадпрыемствы. На пастаяннай аснове вядзецца маніторынг ціску ў газавых сетках, падкрэсліў начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Аляксандр Кунцэвіч.
Медыкі на варце здароўя
У павышанай гатоўнасці да надзвычайных сітуацый і медыкі. Намеснік галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Руслан Курыловіч расказаў, што стацыянарная і хуткая медыцынская дапамога на перыяд анамальна нізкай тэмпературы пераведзены на ўзмоцнены рэжым працы. Назначаны дзяжурны адміністратар і дадатковая брыгада хуткай дапамогі, якія ў выпадку неабходнасці гатовы аказаць меддапамогу.
З паніжэннем тэмпературы ў раёне працягваюць рэгістраваць выпадкі абмаражэнняў. У студзені за меддапамогай з-за абмаражэнняў рук і ног у райбальніцу звярнуліся шэсць чалавек. 1 лютага ў прыёмны пакой ЦРБ з прыкметамі абмаражэння рукі звярнуўся вясковец. Як высветлілася, халадавую траўму ён атрымаў падчас знаходжання на зімовай рыбалцы.
– Абмаражэнне – гэта не толькі дыскамфорт, але і сур’ёзная пагроза здароўю, – нагадаў Руслан Курыловіч.
Медыкі рэкамендуюць апранацца ў цёплае адзенне ў некалькі слаёў, насіць цёплыя пальчаткі або рукавіцы, галаўны ўбор і
непрамакальны абутак. Пры моцным марозе трэба максімальна абмежаваць час знаходжання на адкрытым паветры. Ужыванне
алкаголю на вуліцы стварае ілюзію цяпла і прыводзіць да хуткай страты цеплыні арганізмам. Варта ўважліва сачыць за станам дзяцей і людзей пажылога ўзросту, якія могуць хутчэй пераахаладзіцца. Пры першых прыкметах абмаражэння (пабяленне скуры, адчуванне паколвання і г. д.) неабходна як мага хутчэй зайсці ў цёплае памяшканне, сагрэць пашкоджаную частку цела і звярнуцца за медыцынскай дапамогай.
Дзеля аказання дапамогі насельніцтву ў складаных умовах надвор’я на тэрыторыі раёна вызначаны пункты абагрэву: будынак гімназіі, Малагарадзішчанскай СШ і Ляхавіцкай ЦРБ, дзе для гэтага маюцца
адпаведныя боксы. А раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа пры неабходнасці можа забяспечыць чаем і цёплым адзеннем.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

