Беларусы едуць у Італію. Алімпійскія гульні будуць прымаць італьянскія Мілан і Карціна д’Ампецца

З 6 па 22 лютага Алімпійскія гульні будуць прымаць італьянскія Мілан і Карціна д’Ампецца. Будзе разыграна 116 камплектаў медалёў у 16 дысцыплінах. Да апошняга не згасала надзея, што Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціць удзел як мага большай колькасці беларускіх алімпійцаў у галоўным старце чатырохгоддзя.

На жаль, даводзіцца канстатаваць, што спорт даўно стаў палітызаваным, хаця заўжды менавіта ён аб’ядноўваў, матываваў, натхняў. І нават у старажытнасці на час правядзення Алімпіяд спыняліся войны. Многія міжнародныя спартыўныя федэрацыі ўвялі санкцыі адносна беларускіх і расійскіх атлетаў у студзені – сакавіку 2022 года з-за сітуацыі ва Украіне. Апошнім часам абмежаванні ў некаторых відах спорту паступова пачалі слабець.

Днямі Сусветная федэрацыя тхэквандо прыняла рашэнне аб допуску беларусаў да турніраў з нацыянальным сцягам. А напрыканцы мінулага года Міжнародны алімпійскі камітэт зняў абмежаванні на правядзенне міжнародных спартыўных спаборніцтваў у Беларусі. Гэта рашэнне дазваляе міжнародным федэрацыям арганізоўваць турніры ў нашай краіне, у тым ліку Гульні СНД, што адкрывае магчымасці для правядзення спаборніцтваў самага высокага ўзроўню.
Відавочна, здаровы сэнс пачынае браць верх над палітычнымі амбіцыямі.

Пра важнасць гэтага Прэзідэнт Беларусі гаварыў не раз, у тым ліку
на ўрачыстым адкрыцці ІІ Гульняў краін СНД, калі пракаментаваў забарону МАК, уведзеную ў 2022 годзе, на правядзенне ў Беларусі міжнародных спаборніцтваў: «Вы спрабуеце выкрасліць моцных канкурэнтаў з міжнароднага спорту. Вы хочаце адабраць нашы спартыўныя перамогі. Вы знішчаеце дух і сэнс алімпійскага руху. Гэта прыкмета слабасці і вашага страху. Гэта спроба схавацца за жалезнай заслонай ад праўды жыцця. Гэта прызнанне сілы нашых глыбінных каштоўнасцей, якія падзяляе пераважная большасць людзей на планеце, у тым ліку звычайныя, простыя еўрапейцы і амерыканцы».

Разам з тым некаторыя федэрацыі прадаўжаюць палітыку двайных стандартаў і вядуць несумленную гульню, па-ранейшаму адхіляюць беларусаў ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай. Тычыцца гэта і біятлона, дзе ў Беларусі выдатныя традыцыі і знакамітыя перамогі чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Героя Беларусі Дар’і Домрачавай, залатой чацвёркі жаночай біятлоннай зборнай,
сярэбранага прызёра Алімпіяды Антона Смольскага.

Выдатныя вынікі паказалі беларускія біятланісты на этапе Кубка Садружнасці ў Раўбічах, які прайшоў у сёлетнім студзені: два залатыя,
сярэбраны і бронзавы медалі. І бадай галоўны вынік. Старшыня Беларускай федэрацыі біятлона Андрыян Цыбульскі падкрэсліў: «Балельшчыкі засталіся задаволены і ўпэўнены ў тым, што ў нас біятлон жывы, будзе жыць. Спартсмены бегаюць, перамагаюць, радуюць сваіх балельшчыкаў…»

У красавіку 2024-га незадоўга да летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне жыхароў Касцюковічаў, якія пацікавіліся яго меркаваннем наконт удзелу беларускіх спартсменаў у Гульнях у нейтральным статусе, падкрэсліў: «Гэта справа спартсмена… Мы ўсё роўна будзем разумець, што ты беларус, і калі ты выйдзеш пераможцам – гэта для нас добрая тэма для таго, каб мы ім яшчэ і палітычна морду набілі».
І беларускія алімпійцы пачулі Прэзідэнта. Нягледзячы на тое, што нашы атлеты, як і расійскія, выступалі ў Парыжы ў нейтральным статусе і не атрымалі магчымасці ўдзельнічаць у камандных відах, іх выступленне можна назваць паспяховым. З Францыі з 17 спартсменаў-беларусаў чацвёра вярнуліся з узнагародамі: золата, два серабра і бронза. А батуціст Іван Літвіновіч пацвердзіў званне алімпійскага чэмпіёна, заваяванае ў Токіа.
Быць беларускаму прадстаўніцтву, хоць і не такому значнаму, як у Парыжы, і на Алімпіядзе ў Італіі. Алімпійскія ліцэнзіі атрымалі гарналыжніца Марыя Шканава, канькабежка Марына Зуева, фігурыстка Вікторыя Сафонава, лыжніца Ганна Каралёва, фрыстайлісткі Ганна Гуськова (якая ўжо мае на сваім рахунку залаты і сярэбраны алімпійскія медалі), Ганна Дзяруга і Анастасія Андрыянава.

І няхай яны будуць выступаць у нейтральным статусе, але як сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы: «Заўтра мы вернемся ў еўрапейскую, сусветную сям’ю. І мы ім пакажам, што мы можам. А спартсмен няхай вызначаецца сам. Хоча паехаць – няхай едзе і выступае. Але толькі дастойна выступае, каб мы ім ганарыліся».

Хочацца спадзявацца, што цвярозы розум возьме верх над палітыканствам, і на зімовых гульнях нарэшце пачнецца істотнае пацяпленне, а спорт выйдзе па-за межы палітыкі. А пакуль балеем
за нашых – за Беларусь.
Галіна КАНЬКО.