Ганчароўскі круг. У вёсках і аграгарадках Ляхавіччыны праходзяць сходы

Што клапоціць вяскоўцаў? Атрымаць адказ на гэтае пытанне і дапамагчы зняць вострыя праблемныя моманты – галоўная мэта сходаў, што праводзяцца гэтымі днямі ў шэрагу вёсак і аграгарадкоў Ляхавіччыны. Такая практыка доўжыцца ўжо на працягу пяці гадоў і пацвердзіла сваю выніковасць. У Ганчарах адбыўся сход грамадзян па пытаннях мясцовага значэння. Фармат – традыцыйны, яго дзейснасць адпрацавана і пацверджана практыкай папярэдніх некалькіх гадоў: першыя асобы раёна, кіраўніцтва службаў і арганізацый раёна праводзяць сустрэчы з насельніцтвам.
Ганчароўскі сельсавет з’яўляецца самым буйным на тэрыторыі раёна. У выступленні старшыня сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч прывёў актуальныя лічбы, назваў адрасы і сутнасць канкрэтных спраў, агучаны намеры, над вырашэннем якіх раён і сельсавет з удзелам сваіх жыхароў плануе працаваць у годзе бягучым.
У 26 населеных пунктах сельсавета пражывае крыху больш за 1 160 чалавек. У асноўным людзі сталага ўзросту, пенсіянеры, 92 чалавекі атрымліваюць сацыяльную дапамогу. Як і ці не на ўсёй сельскай тэрыторыі краіны, у Ганчароўскім сельсавеце адчувальным з’яўляецца пытанне з пустуючым дамамі. Работа ў гэтым напрамку трымаецца пад асаблівай увагай. Напрыклад, у мінулым годзе 18 такіх домаўладанняў набылі новых гаспадароў, а ў актуальным спісе на продаж значыцца больш за сем дзясяткаў сёння пустуючых дамоў.
– Адна такая кватэра ў вёсцы Савейкі была прададзена ўжо ў гэтым студзені, – паведаміў старшыня.
Яшчэ нядаўна жыхары і госці асобных тэрыторый сельсавета звярталі ўвагу на няўстойлівасць сігналу сотавай сувязі. На сёння актуальнасць данай праблемы часткова знята шляхам устаноўкі некалькіх дадатковых рэтранслятараў, а выніковая кропка ў гэтым пытанні, як прагучала, будзе пастаўлена ў бягучым годзе.
Выступленне старшыні таксамаўтрымлівала словы падзякі – насельніцтву за паразуменне ў некаторых сітуацыях, цярпенне, пасільную дапамогу ў ажыццяўленні асобных работ і праектаў, арганізацыям і прадпрыемствам раёна, якія рэалізавалі даныя праекты на практыцы. Напрыклад, у Ганчарах ужо запушчана ў работу новая цеплатраса, дзякуючы чаму два з паловай дзясяткі домаўладанняў маюць магчымасць атрымліваць цэнтралізаванае цяпло. На адной з вуліц вёскі праведзена мадэрнізацыя сеткі электразабеспячэння. За што ад адной мясцовай жыхаркі – удзельніцы сходу прагучала ўдзячнасць у адрас раённай і мясцовай улады, арганізацыі-выканаўцы гэтага важнага і нятаннага праекта.
Таксама ў Ганчарах падведзены, аднак пакуль канчаткова не «заведзены» карыстальнікам новы водаправод. Вырашэнне пытання – бягучы год.
На яго ж запланавана і прыняцце праектнага рашэння на пракладку «трубы» па забеспячэнні Ганчароў прыродным газам. Сельскагаспадарчую дзейнасць на тэрыторыі сельсавета ажыццяўляюць СВК «Ляхавіцкі», СУП «Белазем’е», ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», ААТ «Жарабковічы», якое нават арганізавала на тальмінавіцкіх землях асобны вытворчы ўчастак. Вырошчваюць хлеб і кармы для жывёлы, працуюць рамонтныя майстэрні. Працу мясцовым таксама могуць прапанаваць лясніцтвы, размешчаны на Шчары гідравузел, сушыльная гаспадарка льнозавода ў Мінічах, АЗС, каля дзясятка сялянскіх фермерскіх гаспадарак.
З нядаўняга часу з адкрыццём у Тальмінавічах на базе колішняй сярэдняй школы аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога узросту і інвалідаў ТЦСАН у аграгарадку створана
21 вакансія для працоўнага ўладкавання.
З залы сходу гучалі праблемныя пытанні. Напрыклад, старасту вёскі клапоціць стан і тэрыторыя колішняй Мядзведзіцкай сярэдняй школы. Ужо колькі гадоў, як комплекс набыў свайго гаспадара,
аднак не набыў хоць нейкіх выніковых гаспадарчых зрухаў. Праблемай лічыцца і адсутнасць пастаяннага ўрача ў Ганчароўскай урачэбнай амбулаторыі. Маўляў, двухразовы прыезд доктара з
раёна – гэта іншае. Былі нараканні на вырашэнне транспартных пытанняў, ашчаднасць работ па прыбіранні снегу пасля шчодрага каляднага снегападу, на факт паўзы ў рабоце крамы ў вёсцы Мядзведзічы і іншыя.
Як падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, які выступаў у ролі спікера сходу, усе ўзнятыя на сходзе
пытанні пачуты, узяты ўладай на аловак, яшчэ раз прааналізуюцца з удзелам профільных спецыялістаў і, безумоўна, будуць вынікова рэалізаваны. Некаторыя, умоўна кажучы, ужо заўтра, а для асобных, магчыма, спатрэбяцца тыдні-месяцы.

