Зімовы «гардэроб» для рагуліных ясляў. «Ляхавіцкі веснік» пацікавіўся, як зімуе сельгасжывёла ў гаспадарках Ляхавіцкага раёна

Брыгадзір вытворчай брыгады ААТ «Жарабковічы» Бажэна Мацкевіч у марозныя дні шмат часу праводзіць у прафілакторыі для «ясельнай групы» статка.

Прэзідэнт паставіў задачу стварыць у кожным сельскагаспадарчым прадпрыемстве належныя ўмовы для зімоўкі маладняку. «Ляхавіцкі веснік» пацікавіўся сітуацыяй на месцах.

У прафілакторыі на МТК «Зарытава» пад клапатлівай увагай
знаходзіцца каля сотні цялят.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці
3 лютага 2026 года акцэнтаваў увагу на пытаннях утрымання маладняку жывёлы: «Чаму я кажу пра падзеж?
Гэта ж маральная агіднасць, калі мы не можам абараніць,
асабліва ў гэта цяжкае надвор’е, братоў сваіх меншых. Як можна
не абараніць кацяня, парася, цяля, сабачаня?!» Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нават у ранейшыя часы, не маючы сучасных магчымасцей, людзі змагаліся за жыццё жывёл, ратуючы іх ад маразоў. Аж да таго, што тых жа нованароджаных парасят свінарка часам несла дадому, каб адагрэць і выратаваць.
«Яны разумелі, што гэта не толькі іх жыццё будучае – малако, мяса. Але яны разумелі, што гэта маральна непрымальна. А ў нас што адбываецца?» – адзначыў Прэзідэнт.

Істотныя мінусавыя тэмпературы выпрабоўваюць на трываласць не толькі людзей. Вельмі цяжка даводзіцца і жывёле – не толькі дзікай, але і сельскагаспадарчай, асабліва маладняку. І хто, як не чалавек, паклапоціцца, выратуе ад халадоў, скразнякоў, забяспечыць камфортнае ўтрыманне. Гэта вельмі важны складнік здароўя пагалоўя і інвестыцыі ў харчовую бяспеку краіны.Тэма ўздымаецца і кантралюецца на самым высокім дзяржаўным узроўні. 3 лютага на нарадзе па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці Прэзідэнт звярнуў увагу, што праблема падзяжу жывёлы не вырашана да гэтага часу, і тычыцца яна не толькі Віцебшчыны.
Яшчэ напрыканцы студзеня Мінсельгасхарч аб’явіў аб пераходзе на ўзмоцнены рэжым работы. Ва ўсіх абласцях Беларусі былі арганізаваны выязныя рэйды з удзелам работнікаў цэнтральнага апарату Мінсельгасхарча, камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў, райсельгасхарчаў.

Хутка прыме маладняк новы прафілакторый у ААТ «Жарабковічы».

Асаблівая ўвага – умовам утрымання жывёлы, забеспячэнню кармамі, рабоце сістэм ацяплення і водазабеспячэння на фермах і комплексах.

– У гэтыя марозныя дні ў гаспадарках пільная ўвага надаецца выкананню патрабаванняў да ўтрымання, кармлення і паення
маладняку БРЖ. На малочнатаварных фермах і комплексах аператыўна прыняты меры па змяненні ўмоў утрымання цялят пры значных мінусавых тэмпературах паветра. Замест двухразовага выпойвання цялят арганізавана трохразовае, павялічаны яго нормы. Паміж выпойваннямі цялятам даюць цёплую ваду для піцця, каб максімальна падтрымаць арганізм жывёлы.
З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца пастэрызатары і «малочнае таксі». Для захаванасці статка ветэрынарная і заатэхнічная службы ў зімова-стойлавы перыяд з-за павышанай рызыкі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме – карэкціруюць рацыён, уводзяць вітамінныя дабаўкі для добрага апетыту цялят. Уцеплены памяшканні, створаны камфортныя тэмпературныя рэжымы. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы паклапаціліся і пра «гардэроб» цялят, – расказвае першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.
У ААТ «Жарабковічы» шэсць прафілакторыяў для ўтрымання цялят. Новы пабудаваны напрыканцы мінулага года на МТК «Падлессе» і разлічаны на адначасовае ўтрыманне 250 цялят.
Умовы для маладняку БРЖ у прасторных і светлых памяшканнях – выдатныя. Навасельцам, якія хутка запоўняць прафілакторый, будзе камфортна.
Амаль аналагічныя ўмовы і ў «інтэрнаце для цялят» на МТК «Зарытава», дзе пабывалі карэспандэнты «ЛВ», каб паглядзець, як зімуецца рагулінаму папаўненню, калі на вуліцы вельмі марозна.
– У прафілакторыі зараз знаходзіцца каля сотні цялят. Тут камфортная тэмпература, якая падтрымліваецца, у тым ліку, з дапамогай спецыяльных абагравальнікаў. Закрылі вентыляцыйныя адтуліны, уцяплілі дах. Пра цялят асаблівы клопат: узмацнілі харчаванне, даём больш малака, не шкадуем саломы для падсцілу. У цёплы
перыяд года цяляты жывуць у спецыяльных доміках на свежым паветры, на зімоўку пераводзім іх у прафілакто-рый у спецыяльныя боксы, – адзначае першы намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» Дзмітрый Козел.
Убачанае ў адным з памяшканняў не магло не стаць падставай для фотасесіі. Ясельнага ўзросту цяляты, апранутыя ў спецыяльныя камізэлькі, з цікаўнасцю назіралі за тым, што адбываецца навокал.
– Асабліва ўважліва нашы жывёлаводы клапоцяцца пра самых маленькіх цялят – ад нараджэння да двух месяцаў. Нованароджаных спачатку кладзём пад лямпу абагрэву, потым абсушваем, апранаем у спецыяльныя камбінезоны, якія абараняюць ад скразнякоў і павышанай вільготнасці, і пераводзім у боксы, дзе яны знаходзяцца
пад пастаянным наглядам, – удакладняе Дзмітрый Козел. На што яшчэ звяртаецца ўвага?

У гаспадарцы разумеюць, што жывёла будзе дагледжанай, калі добрыя ўмовы працы ў жывёлаводаў. Таму ў прыярытэце ў кіраўніцтва «Жарабковічаў» і тутэйшай прафсаюзнай арганізацыі –
клопат пра стварэнне належных умоў для работнікаў.

Цёплыя вытворчыя памяшканні, абсталяваныя ўсімі неабходнымі бытавымі прыборамі пакоі для адпачынку – усё для таго, каб працавалася камфортна і вынікова.
Захаваць маладняк БРЖ у такія маразы можа толькі гаспадарчы адказны падыход. І калі на ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектах сельгаспрадпрыемстваў арганізавана збалансаванае харчаванне, праводзяцца своечасовыя мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку захворванняў, толькі тады, упэўнена, можна разважаць пра змяншэнне падзяжу, высокія надоі і прывагі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.