Добраўпарадкаванне – гэта не толькі чысціня. Пра гэта і многае іншае ішла размова на сходзе жыхароў Востраўскага сельсавета па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння

Выступленне старшыні сельвыканкама Дзмітрыя Гібежа аб рабоце па добраўпарадкаванні населеных пунктаў падведамаснай тэрыторыі адкрыла чарговы з традыцыйных зімовых дыялогаў кіраўніцтва раёна з насельніцтвам сельскіх тэрыторый. Акрамя раённай улады ўдзел у шырокафарматных мерапрыемствах бяруць прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, якія ледзь ці не ў літаральным сэнсе «ствараюць надвор’е» ў дамах і кватэрах вяскоўцаў, так або інакш забяспечваюць іх паўсядзённы і паўсюдны жыццёвы камфорт: камунгаса, электрычных і газавых сетак, дарожнай службы, аховы здароўя і іншых. Востраўскі сельсавет фарміруюць 11 населеных пунктаў агульнай колькасцю жыхароў некалькі менш за 1 400. Прыкладна палова з іх – людзі працаздольнага ўзросту, большасць з якіх, па словах старшыні сельвыканкама, па-за межамі сваіх прафесійных абавязкаў не грэбуюць навядзеннем-падтрыманнем парадку на замацаваных тэрыторыях, актыўныя ў правядзенні месячнікаў па добраўпарадкаванні, удзельнічаюць фінансава ў выкананні асобных відаў работ.
– Дзякуючы намаганням КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»
на могілках у вёсцы Рагачы была ўсталявана бетонная агароджа па перыметры, а таксама выдалена 38 дрэў. На добраўпарадкаванне насельніцтвам было сабрана каля 3 800 рублёў. На даны момант вядзецца збор сродкаў на выдаленне дрэў і ўстаноўку часткі агароджы на могілках у аграгарадку Востраў, – прывёў прыклады сафінансавання работ Дзмітрый Гібеж. І гэта толькі адзінкавыя выпадкі добрых спраў: выдаленне хмызняку, уладкаванне прыпыначных пунктаў і ўстаноўка крытых павільёнаў у некаторых населеных пунктах сельсавета, азеляненне, іншы клопат у плане
добраўпарадкавання вёсак, тэрыторый, асобных аб’ектаў былі ў фокусе ўвагі сельвыканкама і жыхароў сельсавета летась і атры-
маюць працяг у бягучым годзе.
Як і на іншых сельскіх адміністрацыйных тэрыторыях Ляхавіч-
чыны, у Востраўскім сельсавеце дастаткова вострым з’яўляецца пытанне аб пустуючых і трухлявых дамах. У тым сэнсе, што на гэты
час у адпаведным рэестры ўтрымліваецца інфармацыя аб больш як васьмі дзясятках такіх пабудоў. Прадаюцца яны ў адзінкавай колькасці, больш актыўна зносяцца, на што летась было зрасходавана каля двух дзясяткаў тысяч бюджэтных рублёў, а вызваленая ад пабудоў зямля, як правіла, прыцягваецца ў гаспадарчы абарот СУП «Ліпнянка».
Як адзначыў у сваім выступленні адзін з кіраўнікоў унітарнага прадпрыемства Іван Слуцкі, гаспадарчую дзейнасць арганізацыя ажыццяўляе на тэрыторыі двух сельсаветаў – Востраўскага і Крывошынскага. У вытворчым працэсе задзейнічана амаль паўтары сотні чалавек, сярэдняя заработная плата якіх наблізілася да 2,2 тысячы рублёў. Па сучасных тэхналогіях запрацавалі ў тым ліку і старыя ліпскія жывёлагадоўчыя фермы, узведзены новыя збудаванні, з’явіліся дасканала аснашчаныя даільныя залы. Бліжэй да завяршэння мінулага года сучасная даільная зала была запушчана на МТФ «Востраў». Але «апгрэйд» старой фермы яшчэ не завершаны.
Апроч сельгасвытворчасці, СУП «Ліпнянка» выконвае, калі так можна сказаць, важную сацыяльную ролю. Напрыклад, праз праяўленне рознага кшталту ўвагі пра, у тым ліку, былых работнікаў гаспадаркі і жыхароў тэрыторыі ў цэлым. Адным з такіх клопатаў можна лічыць дапамогу ў пераадоленні наступстваў каляднага снегападу, за што ў зале сходу ў адрас сельгаспрадпрыемства прагучала падзяка старшыні раённага Савета дэпутатаў Юрыя Чаранкевіча.
Нягледзячы на факт таго, што, па словах намесніка галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Руслана Курыловіча, і мясцовы ФАП, і Тухавіцкая ўрачэбная амбулаторыя з’яўляюцца лепшымі сярод падобных устаноў раёна, шэраг пытанняў з залы тычыўся іменна медыцынскай тэматыкі. У тым ліку атрымання стаматалагічнай дапамогі і правядзення асобных іншых відаў медыцынскіх працэдур.
Адно з пытанняў тычылася збору малака з прыватных падвор’яў адной з вёсак сельсавета. Сітуацыя змянілася даволі даўно: мала кароў і мала малака, сельгаспрадпрыемствы пытаннем не займаюцца. Але, як было абяцана, запыт будзе прапрацаваны з мэтай яго выніковага вырашэння.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падзякаваў людзям за ўдзел у сходзе, што не пашкадавалі часу для сённяшняй сустрэчы, за пытанні.
– Некаторыя з іх можна вырашыць хутка, для іншых патрабуецца дэталёвая прапрацоўка і пэўная сума грошай, – адзначыў кіраўнік раёна.
А ўвогуле ж, каб звярнуцца з пытаннем да раённых улад, не абавязкова чакаць год да наступнага мясцовага сходу. Ёсць прамыя тэлефоныя лініі, ёсць асабістыя прыёмы грамадзян кіраўніцтвам райвыканкама. Калі ласка, звяртайцеся!
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

