Тарыфы адступілі перад маразамі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:
– Вазьміце ЖКГ, іншыя напрамкі, паліва. Мы строга кантралюем, і без дазволу ўлад цэны не растуць. На нарадзе па новай сістэме рэгулявання цэн, 28 лютага 2025 года.
Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава – дзяржава для народа, дзе клопат пра чалавека ў прыярытэце. І за прыкладамі далёка хадзіць не трэба.
Яшчэ ў студзені Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ аб устанаўленні тарыфаў для насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі на 2026 год. На пачатку года па традыцыі былі ўстаноўлены гранічна дапушчальныя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі на бягучы год. У выніку плацяжы для насельніцтва па даўнейшай практыцы павінны былі павысіцца ў сярэднім у межах 0,5 базавай велічыні.
Аднак праз няпоўныя два тыдні, пасля таго, як «прыціснулі» маразы, Кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне адкласці павышэнне жыллёва-камунальных тарыфаў да сакавіка 2026 года. З тым, што гэта вельмі важнае і сацыяльна важкае рашэнне, спрачацца не выпадае.
Давайце разбірацца разам. Зразумела, пры нізкіх тэмпературах надвор’я, значных снежных ападках павялічваецца нагрузка на жыллёва-камунальную гаспадарку – спажываецца больш паліва, адпаведна павялічваюцца і фінансавыя расходы на ацяпленне.
Зразумела, кошт жыллёва-камунальных паслуг для спажыўцоў за студзень будзе вышэй, чым за снежань 2025 года. А калі да гэтага дадаць яшчэ і планаванае павышэнне расцэнак, то лічбы ў жыроўках могуць істотна адбіцца на бюджэце, асабліва для грамадзян з невысокімі даходамі. Вось чаму рашэнне Кіраўніка дзяржавы настолькі своечасовае.
Такім чынам, сёлета за студзень – люты спажыўцы будуць плаціць за ацяпленне па ранейшых тарыфах, і хаця сума будзе большая, чым за снежань, але не настолькі, як магло быць пры запланаваным раней павышэнні на ЖКП.
Акрамя таго, прадоўжыцца работа па дзяржаўнай падтрымцы насельніцтва праз прадастаўленне безнаяўных жыллёвых субсідый. Згодна з указам Прэзідэнта іх могуць атрымаць грамадзяне
і сем’і пры ўмове, калі штомесячная сума камунальных плацяжоў перасягае 20 працэнтаў іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15 працэнтаў – у сельскай мясцовасці.
Напрошваецца параўнанне з краінай суседкай – Літвой, дзе пасля адмены падатковых ільгот і па прычыне непадрыхтаванасці да халадоў плацяжы за ацяпленне ўзляцелі ці не ўдвая ў параўнанні з мінулагоднім снежнем. Калі раней сярэдняя плата ў месяц складала 47 еўра, то цяпер каля 85 еўра, а ў старых дамах не менш за 200 еўра. На прасторах інтэрнэту натыкнулася на інфармацыю, што ў Літве і Польшчы востры дэфіцыт брыкету і паліўных гранул. Даходзіць да таго, што пакупнікі ў прамым сэнсе бягуць за палівам,
пераганяючы адзін аднаго… Як тут не правесці паралель. Яшчэ зусім нядаўна краіны Прыбалтыкі, Літва не выключэнне, актыўна ўзаемадзейнічалі з Беларуссю ў паліўным пытанні. Нельга не ўзгадаць і экспартны напрамак паліва з ляхавіцкім адрасам.
Яшчэ ў 2023 годзе трэцяя частка брыкету, які выпускаўся на ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», адпраўлялася на экспарт у 11 краін, сярод якіх Расія, Фінляндыя, Швецыя, Польшча, Германія, Літва, Латвія, Эстонія. Замежных спажыўцоў тухавічане «купілі» высокай якасцю і даступным коштам. Але ўрады тых жа Літвы і Польшчы пасля пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне пачалі санкцыйную вайну супраць Беларусі і дзеля задавальнення сваіх заходніх гаспадароў не думаюць пра свой народ, у тым ліку пра забеспячэнне яго якасным і недарагім палівам.
Як аказалася, не менш плачэўная сітуацыя і яшчэ ў адных суседзяў –
ва Украіне. Буржуйкі ў кватэрах, нагрэтыя цагліны замест цёплых батарэй, офісная работа ў пухавіках і шапках – гэта сённяшняя ўкраінская рэчаіснасць.
Аднак вернемся ў Беларусь і пагаворым пра мясцовыя віды паліва. Пакуль літоўцы бегаюць у пошуку дроў, у нашых землякоў праблем з мясцовымі відамі паліва няма.
Старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч расказаў:
– У жыхароў сельсавета ні перад пачаткам зімовага перыяду, ні цяпер не ўзнікаюць пытанні наконт таго, як прывезці дроў ці брыкету. Заяўкі выконваюцца па меры іх паступлення. Брыкет дастаўляецца з торфабрыкетнага завода ў Тухавічах, дровы – з камунгаса ці лясніцтваў. Лічу, не менш важным і цэнавы аспект.
Па льготнай цане (50 працэнтаў ад кошту) можно штогадова купіць тры з паловай тоны брыкету ці сем складаметраў дроў. Жадаеце больш – плаціце па поўным кошце. І гэта ў любым выпадку абыдзецца танней, чым у краінах-суседках…
Галіна КАНЬКО.
Андрэй ЧАЙКОЎСКІ, дырэктар КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»:
– Сёлетняя зіма сур’ёзна экзаменуе камунальнікаў. У зоне адказнасці камунгаса – забеспячэнне цяплом больш як 70 працэнтаў раённых спажыўцоў. Добра папрацавалі летам і восенню, каб у халодны перыяд камфортная тэмпература была на ўсіх аб’ектах ЖКГ, у тым ліку ў дамах і кватэрах землякоў. Летась завяршылі работы па рэканструкцыі і будаўніцтве цеплавых сетак у вёсцы Ганчары, дзе да кацельні падключана 25 новых спажыўцоў, што дазволіла загрузіць магутнасць кацельні з 10 да 50 працэнтаў. Праведзена рэканструкцыя неэфектыўнай кацельні ў вёсцы Літве: катлы заменены на сучасныя, высокаэфектыўныя. Немалое фінансаванне ідзе на кацельні, якіх на балансе камунгаса 25. Дзевяць з іх – газавыя, астатнія – на мясцовых відах паліва. Штогод праводзіцца прафілактыка, рамонт, замена кацельнага абсталявання, іншыя работы. Зразумела, без значнай і важкай дзяржаўнай падтрымкі трымаць у належным стане, абнаўляць жыллёва-камунальную гаспадарку было б немагчыма. Работы праводзяцца ў вялікай ступені за кошт рэалізацыі дзяржаўных праграм, якія фінансуюцца з бюджэту, а таксама за кошт сродкаў прадпрыемства. Акрамя таго, дзяржава бярэ на сябе выдаткі на датацыю пелет, дроў, брыкету, электраэнергіі для насельніцтва. Ды і тарыфы на ЖКП павышаюцца паступова. Арганізацыям, якія аказваюць такога кшталту паслугі, дзяржаўная падтрымка дапамагае вырашыць многія задачы, звязаныя з выплатай зарплаты работнікам, абнаўленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы, правядзеннем работ у міжсезонне, і іншыя.
Снежная і халодная зіма істотна павялічыла спажыванне цеплаэнергіі. У Ляхавіцкім раёне спажыўцы за студзень выкарысталі амаль на 35 працэнтаў больш цеплаэнергіі, чым у снежні 2025 года. Што, у сваю чаргу, адаб’ецца на аплаце ЖКП.
Таму лічу, што перанос павышэння тарыфаў на больш позні час – гэта рэальны клопат дзяржавы пра дабрабыт грамадзян. Хочацца, каб людзі цанілі такія адносіны і своечасова аплачвалі жыллёва-камунальныя паслугі.

