Адна на ўсіх Айчына
Патрыятызм пачынаецца з нераўнадушнага стаўлення да справы, асабістай памяці і разумення сувязі пакаленняў. Данесці гэта сённяшнім юнакам і дзяўчатам – надзвычай важная задача. «Што для мяне значыць мая краіна, што я гатовы зрабіць для яе сёння,
у мірны час, якімі якасцямі і ўменнямі павінна валодаць моладзь, каб быць запатрабаванай у любы час?» – на гэтыя і іншыя пытанні падрастаючае пакаленне адказвае ўжо сёння і асэнсоўвае сваю ролю ў лёсе Бацькаўшчыны.
«ЛВ» задаў гэтыя пытанні членам ваенна-патрыятычнага клуба «Фартэцыя» СШ № 1.

Дзяніс МАСЛОЎСКІ, васьмікласнік:
– Перакананы, што асабістая роля кожнага з нас не зводзіцца да думкі, ці гатовы ўзяць зброю. Гэта і абарона гістарычнай памяці. Важна ведаць гісторыю сваёй сям’і, свайго горада ці вёскі, дзе ты жывеш. Роля падрастаючага пакалення ў стварэнні! Моцная краіна – гэта не толькі абараназдольная армія, але і развітая эканоміка, навука, культура і тэхналогіі. Сёння мы павінны добра вучыцца, каб заўтра стаць высакакласнымі спецыялістамі. Упэўнены, што для краіны жыццёва важны ўважлівы ўрач і захоплены сваёй справай настаўнік, працавіты аграрый і будаўнік, таленавіты праграміст і інжынер. У гэтыя дні ў школе ў рамках месячніка ваенна-патрыятычнага выхавання ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Чакаю сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Для мяне яны героі! Хацелася б паразмаўляць з імі, даведацца, як ім было там, у чужой краіне, і што дапамагло выстаяць і вытрымаць. Цікава сустрэцца і з дзецьмі вайны. І гэта не пусты інтарэс. Войны павінны стаць урокам для ўсіх пакаленняў, каб не дапусціць памылак у будучыні. Важна ведаць, як ваявалі нашы продкі, як любілі Айчыну і крочылі да Вялікай Перамогі. У Беларусі нямала мемарыяльных комплексаў, помнікаў і абеліскаў у гонар салдатаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, маюцца і помнікі воінам-інтэрнацыяналістам. Хацелася б усюды пабываць і пабачыць іх на свае вочы.

Ясенія ДАВІДОЎСКАЯ, адзінаццацікласніца:
– Для мяне патрыятызм – гэта і адказнасць перад нашымі продкамі і будучымі пакаленнямі. Якую краіну мы пакінем тым, хто будзе жыць пасля нас. Гэта ўжо грама-дзянская пазіцыя. Бадай у кожнай сям’і ёсць родны чалавек, які змагаўся з фашыстамі і набліжаў мір. Патрыятызм – гэта і гатоўнасць раздзяліць з Бацькаўшчынай адказнасць у цяжкі час. У нашым клубе вялікая ўвага надаецца фізічнай падрыхтоўцы і здароваму ладу жыцця. Добра вучыцца і прымаць удзел у разнастайных мерапрыемствах – гэта лічу таксама дзейнасцю на карысць краіны. Сапраўдны патрыёт павінен не толькі на словах любіць сваю Радзіму, а жаданне зрабіць яе лепшай даказваць справамі.
Мой бацька працуе ў міліцыі і часта паўтарае, што заўсёды важна быць сапраўдным чалавекам, расказвае мне цікавыя гістарычныя факты. Заўсёды з задавальненнем прымаю ўдзел у валанцёрскіх акцыях, сустрэчах з людзьмі працы, з ветэранамі. І гэта вельмі каштоўна і важна для нас. Падчас месячніка ваенна-патрыятычнага выхавання, які зараз праходзіць у школе, мы сустракаемся з прадстаўнікамі ваенных прафесій, прымаем удзел у кіналекторыях, інтэрактыўных гульнях, ваенна-спартыўных святах… Будуць госці з Пінскага пагранічнага атрада, экскурсіі на выставу дасягненняў
суверэннай Беларусі «Мая Беларусь», 61-ю знішчальную авіябазу г. Баранавічы і шмат яшчэ пазнавальнага.
Падрыхтавала Наталля ПЕРАПЕЧКА.

