Чэлендж на сходы. Чэлендж на сходы па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння перанялі жыхары Жарабковіцкага сельсавета

Чэлендж на сходы па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння
на гэтым тыдні перанялі жыхары Жарабковіцкага сельсавета.
Такая форма работы з насельніцтвам, як адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, – традыцыя, якая ўкаранілася на Ляхавіччыне. Жывы дыялог, дзе можна выгаварыцца, указаць на пралікі, падказаць ці прапанаваць, атрымаць адказ – гэта ўсё пра такія змястоўныя сустрэчы.

– Для мяне асабліва важна такая сувязь з вяскоўцамі, важна
бачыць ваш настрой, гэта такі народны вынік нашай работы за год. А разам з тым вы даяце нам новыя пункты ў план работы на бліжэйшы год. На першым плане – дабрабыт беларусаў, – з такіх слоў пачаўся сход у Жарабковіцкім СДК.
За сваімі справамі, дамашнімі клопатамі часта ўпускаем тое, што адбываецца па-за нашымі інтарэсамі. Справаздачны момант ад старшыні Жарабковіцкага сельвыканкама Ігара Віхноўскага: лічбы, факты пра мясцовую інфраструктуру, што зроблена, і што чакае ў 2026-м. Важныя складнікі шчаслівага жыцця – звычайныя штодзённыя клопаты – працоўныя здабыткі, адукацыйныя моманты, медыцынская падстрахоўка,
бяспека – пра гэта таксама гаварылі. Наконт апошняга, на жаль, даводзіцца канстатаваць сумную статыстыку: пажарная бяспека б’е трывогу.
Лютыя маразы паказалі слабыя месцы пячнога ацяплення, якое патрабуе ўвагі і яшчэ раз увагі. Таму зноў прагучала, што сталыя людзі, асабліва адзінокія, чакаюць нашага нераўнадушша. Зазірніце лішні раз па такіх адрасах, да сваіх блізкіх і суседзяў – нагадайце правілы бяспекі або запрасіце тых, хто пракантралюе сітуацыю.
І яшчэ раз пра кібербяспеку – тэма, здаецца, збітая, а вось злачынцы так не лічаць і ўмудраюцца псіхалагічна націснуць на дарослых людзей, выманіць падманам іх грошы. Часам пад эмоцыямі людзі нават не задумваюцца, што выконваюць інструкцыі кіберзлачынцы. Таму галоўныя правілы, якія нагадаў начальнік крымінальнага вышуку РАУС Дзмітрый Котаў, варта занатаваць назаўсёды ў памяці. Калі праваахоўным органам патрабуецца знайсці чалавека – праз сацыяльныя сеткі і месанджары гэта не робіцца, пра крэдыты і іншыя фінансавыя аперацыі лепш пракансультавацца ў банку. А афіцыйныя службы, якія займаюцца, напрыклад, устаноўкай дамафонаў, дыягностыкай стану вокнаў і іншага, не патрабуюць вашы пашпартныя даныя і нумар плацежнай карткі. Бяспека ў
нашых руках!
…Цяпер да надзённых пытанняў, якіх у жыхароў Жарабковіцкага сельсавета назбіралася дастаткова. Многае, што гучала, – гэта жаданне і варыянты таго, як зрабіць свой населены пункт як мага лепшым, каб сюды імкнулася моладзь, каб дзеці летам не сумавалі.
Пачнём з пустуючага будынка колішняга ўнівермага. Па словах жыхароў, там проста неабходна кропка грамадскага харчавання, хацелі б вяскоўцы там бачыць кулінарыю – людзям патрэбна дзесьці збірацца, дзецям таксама было б дзе набыць смакату і правесці час.
Тым больш, прагучалі заўвагі ў адрас мясцовага магазіна
райпо – маўляў, не заўсёды багаты асартымент фруктаў, каўбасных вырабаў, а апошнім часам ёсць нараканні да рэжыму работы.
Наконт работы магазіна «Родны кут» намеснік старшыні праўлення Ляхавіцкага райпо Уладзімір Шырэй паабяцаў прааналізаваць асартымент. Што датычыць рэжыму,гэта звязана з тым, што адзін з прадаўцоў часова адсутнічае. Калі прадаўца няма за прылаўкам, гэта значыць, яна прымае тавар ці займаецца іншымі працоўнымі момантамі, тым больш гэта заўсёды непрацяглы тэрмін, а аб’ява на магазіне прысутнічае. Хутка ўсё наладзіцца, усе мы людзі,
крышачку паразумення і цярпення. Наконт пустуючага памяшкання адказ трымаў старшыня райвыканкама.
– Пытанне вывучым. Магчыма, тут лепш пайсці па русінавіцкім сцэнарыі, калі ў пустуючым будынку, які гаспадарка прыняла на свой баланс, таварыства адкрыла сталовую. А, магчыма, і прыватнікаў трэба прыцягнуць, – адзначыў Мікалай Мароз.
Набалелае пытанне для жыхароў Жарабковічаў і не толькі – лазня, якую не так даўно закрылі.
Жыхары пагадзіліся з тым, што стан будынка, абсталявання, умовы, мякка кажучы, нездавальняючыя. Рамонтамі гэтай справе не дапамагчы, а будаваць новы аб’ект ААТ «Жарабковічы» (на балансе гэтай гаспадаркі значылася лазня) не мае магчымасці. Дырэктар ААТ Андрэй Новік прапанаваў раз у тыдзень ажыццяўляць падвоз жадаючых трапіць на лазневыя працэдуры ў гарадскую лазню, тое ж агучыў і дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі.
Працягнем водную тэматыку… Пытанне з якасцю вады было вырашана мінулым летам – пачала работу новая станцыя абязжалезвання. Аднак сёлетні сход ізноў зачапіў гэтую «мокрую» тэму. Ёсць пытанні да якасці? Як так? Як расказаў дырэктар камунгаса, справа ў тым, што лютаўскія маразы значна ўмяшаліся ў работу станцыі абязжалезвання. Мінусавая тэмпература прымарозіла зліў для прамыўкі, тым самым заблакіравала нармальную работу станцыі. Чакаем пацяплення.
Да камунальнай службы прагучала і пытанне наконт налічэння аплаты за карыстанне вадой: чаму воданапорная вежа і водаправод у Сваятычах знаходзяцца на балансе гаспадаркі, а аплату за паслугі налічвае камунгас. Справа ў тым, што камунгас – арганізацыя, якая ажыццяўляе ўлік, разлік і налічэнне платы за жыллёва-камунальныя паслугі, а пасля разлічваецца з гаспадаркай.
Дарожная тэматыка заўжды гучыць востра. Зразумела, кожнаму хочацца, каб асфальт быў літаральна па ўсіх нашых маршрутах, аднак не ўсё адразу.
Варта адзначыць, што значная частка дарожнага пакрыцця раёна была адрамантавана і пакладзена ў мінулым годзе – а гэта каля 20 кіламетраў. На ўра, канешне, прынялі вяскоўцы той факт, што аўтамабільная дарога Ляхавічы – Сваятычы будзе асфальтавана.
Гэта зазначыў Максім Муха – начальнік ДРБУ-200, якое і зоймецца абнаўленнем дарогі ў гэтым годзе.
Жыхар аграгарадка Жарабковічы засяродзіў ўвагу на тым, што па вуліцах Лугавой, Кастрычніцкай, на перасячэнні гэтых вуліц варта падумаць над пешаходнай зонай. Асабліва востра пытанне гучыць зімой, ставіць пад пагрозу бяспеку пешаходаў. А між іншым маршрут па адной з вуліц ідзе праз мясцовую школу. Хочацца, каб дарожныя службы заехалі і на дарогу ад Сваятычаў да Грыцкавічаў. Занатавана і прынята да ўвагі!
Таксама аграгараджанка цікавілася, ці забяспечыць гаспадарка сенам тых вяскоўцаў, якія трымаюць карову, але не працуюць у ААТ. Калі ў гаспадаркі будуць лішкі кармоў, і яна забяспечыць кармамі свае патрэбы, тады можна разлічваць на сена па поўным кошце. Але ж ёсць варыянт бясплатна атрымаць участак для сенакашэння і самастойна нарыхтаваць сена. Механізм гэтай працэдуры патлумачылі.
Увогуле, кожнае пытанне на сходзе мела змястоўны адказ спецыяліста. Газіфікацыя, электразабеспячэнне, пытанні аргані-
зацыі прыгарадных перавозак, медыцына, адукацыя … – кожная служба гатова пракансультаваць. Як гаворыцца, комплексны
падыход!
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

