Ляхавічы ва ўсходнім трэндзе. Кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна сустрэлася з прадстаўнікамі кітайскага бізнесу

На мінулым тыдні навіны з Паднябеснай былі асабліва цікавыя многім беларусам. Хаця, варта прызнаць, за тым, як прымалі нашага Прэзідэнта ў Кітаі, з кім сустракаўся і пра што вёў размову Кіраўнік беларускай дзяржавы, і нават за тым, якімі падарункамі абмяняліся Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін, сачылі не толькі жыхары нашай краіны.

Сустрэча на самым высокім узроўні чарговы раз пацвердзіла: можна быць кардынальна рознымі па маштабах і зусім не блізкімі па адлегласці, але мець падобнае бачанне глабальных перспектыў і агульнае жаданне не толькі нарошчваць гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае ўзаемадзеянне, але і весці зацікаўлены і дзейсны дыялог пра сяброўства і ўзаемную падтрымку. Амаль чатырох
гадзінная размова лідараў Беларусі і Кітая яшчэ раз пераканала ў тым, што тэма ўсебаковага і ўсепагоднага стратэгічнага супрацоўніцтва краін не здымаецца з парадку дня і цікавая абодвум бакам.


І пра гэта таксама днямі ішла размова ў Ляхавічах падчас сустрэчы кіраўніцтва раёна з прадстаўнікамі кітайскага бізнесу. Дэлегацыя з горада Цзінань правінцыі Шаньдун прыехала ў Беларусь з канкрэтнымі намерамі – стварыць сучасную біятэхналагічную вытворчасць, аналагаў якой няма не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй пастсавецкай прасторы. Прынята рашэнне, што месцам для рэалізацыі праекта стане індустрыяльны парк «Вялікі камень».
– Але і Ляхавіччына атрымае сур’ёзную долю развіцця, – падкрэсліў заснавальнік групы кампаній «Фермент» Валерый Бястолкаў.

Менавіта «Фермент», вытворчая база якога размяшчаецца ў вёсцы Флер’янова Ляхавіцкага раёна, стаў кропкай прыцягнення інтарэсаў кітайскіх бізнесменаў. Супрацоўніцтва беларускага прадпрыемства з кітайскімі партнёрамі, дарэчы, доўжыцца ўжо дзевяць гадоў, а зараз павінна выйсці на новы ўзровень. На сустрэчы прагучала інфармацыя пра тое, што разглядаецца магчымасць будаўніцтва на базе ТАА «Фермент» дадатковага цэха па вытворчасці прэміксаў, канчатковых прадуктаў для кармлення жывёлы і, магчыма, для харчовай вытворчасці.
У дзяржаўных маштабах гэта вырашэнне немалога аб’ёму пытанняў па імпартазамяшчэнні, бо, як было агучана, ферменты, асабліва для
харчовай вытворчасці, імпартуюцца ў Беларусь з ужо не вельмі па-сяброўску настроеных краін.
Для нашага раёна гэта, акрамя іншага, і дадатковыя працоўныя месцы, што заўсёды актуальна.
У малой зале райвыканкама гучала пакуль нязвыклая для гэтых
сцен кітайская мова, якая, дзякуючы перакладчыку, выклікала жывы інтарэс і складвалася ў даволі цікавую карціну. Сутнасць словаў гендырэктара кітайскай кампаніі Го Фанкуна зводзілася да ўпэўненасці ў тым, што будучыня – за біятэхналогіямі, а партнёрскія беларуска-кітайскія праекты, дзякуючы падтрымцы на самым высокім узроўні, будуць працаваць на развіццё па абодва бакі мяжы.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падтрымаў ініцыятыву па пашырэнні ТАА «Фермент» і выказаў спадзяванне на ўзаемавыгаднае развіццё бізнес-праекта і Ляхавіцкага раёна.

Святлана СТЫКУЦЬ.
Фота Маргарыты КУХТА-МАСЛОЎСКАЙ.