Расхламленне зямлі. Як на Ляхавіччыне наводзяць парадак на зямлі і для чаго ліквідуюць трухлявыя дамы

Пакінутыя гаспадарамі і не знайшоўшыя па розных прычынах наследнікаў хаты складаюць сёння частку «інтэр’ера» многіх населеных пунктаў краіны, вобласці, раёна. Некалі моцныя, экалагічна лаяльныя для жыцця, за дзясятак, а то і больш гадоў без догляду яны губляюць колішнюю функцыянальнасць, страчваюць спажывецкую і знешнюю прывабнасць. Затое – дабаўляюць тэрыторыям праблемнасці.

Больш таго, у шэрагу выпадкаў уяўляюць сабой праблему: становяцца прытулкам для асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, могуць стаць крыніцай узнікнення надзвычайных сітуацый. І гэта мы яшчэ не закранулі факт невыкарыстання зямлі, якой пад кожным пакінутым домам, гаспадарчымі пабудовамі і садам-агародам нярэдка некалькі дзясяткаў сотак, адчуванне глыбокай няўтульнасці пры адным толькі позірку на трухлявыя сцены і іншае.
Канешне, такая сітуацыя асабліва актуальна і характэрна для сельскай мясцовасці. Аднак падобныя праяўленні можна сустрэць у параўнальна невялікіх, як правіла, раённых гарадах.
У краіне, літаральна на ўсіх паверхах улады пытанням навядзення парадку на зямлі надаецца самая вялікая ўвага. З некаторага часу асноўным дакументам, што рэгламентуе работу з пустуючымі і трухлявымі пабудовамі, з’яўляецца Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі», які ўступіў у дзеянне ў адзін з апошніх вераснёўскіх дзён 2021 года.
Для абследавання стану дамоў на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна на прадмет магчымасці іх наступнага ўключэння ў спіс пустуючых і трухлявых створана раённая камісія пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама па пытаннях будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У склад камісіі ўваходзяць кіраўнікі і спецыялісты шэрага аддзелаў райвыканкама, прадстаўнікі агенц-
тва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры, РАУС, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў.
У адпаведнасці з указам, пустуючымі могуць лічыцца дамы, у якіх устаноўлены факт непражывання на працягу трох апошніх гадоў. Аднак, як патлумачылі ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, падчас камісійнага абследавання знаходзяцца дамы, тэрмін непражывання ў якіх значна перавышае 36 месяцаў. Ёсць і такія, патэнцыяльныя гаспадары або ўласнікі якіх знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі ці ў лячэбных установах.
– Такія дамы аднесці да катэгорыі «пустуючы» нельга, – гаворыць галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Наталля Маслоўская.
Перш чым матэрыялы па нейкім з дамоў будуць аддадзены на разгляд камісіі, неабходна ажыццявіць хоць і канкрэтную, але досыць многаэтапную і карпатлівую работу: правесці пошук уласнікаў або наследнікаў, накіраваць такім прадпісанні-паведамленні аб абавязковасці навядзення на тэрыторыі домаўладання належнага парадку. І іншае, што нярэдка выліваецца ў доўгую і ў прамым сэнсе далёкую перапіску. Пры гэтым павінен быць вытрыманы пэўны алгарытм дзеянняў, вызначаныя на ўсіх этапах дзеяння тэрміновыя рамкі.
– У той жа час у сваёй дзейнасці мы абавязаны на першае месца ставіць законныя правы і інтарэсы грамадзян. Усё гэта некалькі стрымлівае хуткасць работ у даным накірунку, – гаворыць Наталля Маслоўская.
За перыяд да пачатку лістапада 2023 года ў рамках Указа № 116 ка-
місіяй было абследавана 152 дамы. На тую ж дату ў раённым рэестры
пустуючых утрымліваюцца актуальныя звесткі на 100 дамоў.
– З пачатку бягучага года ў Ляхавіцкім раёне 10 такога кшталту будынкаў было прададзена, 32 – знесена. Прычым у адно-
сінах да 13 гэта работа выканана ўласнікамі ці за іх сродкі. Яшчэ шэсць аб’ектаў колішняй нерухомасці былі ліквідаваны адпаведнымі суб’ектамі гаспадарання. Такім чынам ад хламу былі вызвалены гектары зямлі, амаль шэсць з якіх былі ўключаны ў гаспадарчае, у тым ліку сельскагаспадарчае, выкарыстанне. Да канца года запланаваны знос яшчэ, як мінімум, дзевяці і продаж 12 пустуючых дамоў у шэрагу вёсак раёна, – абазначыла перспектыву работ Наталля Маслоўская.
Рашэннем Ляхавіцкага райвыканкама «Аб вызначэнні спецыялізаваных камунальных унітарных прадпрыемстваў» на тэры-
торыі раёна знос пустуючага дома не вышэй за два паверхі, прыналежных яму гаспадарчых пабудоў маюць права ажыццяўляць КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і УП «Ляхавіцкае ПМС».
Дарэчы, у рашэннях сельвыканкамаў на знос прапісваецца і парадак утылізацыі пустуючых дамоў з улікам таго, як у далейшым плануецца выкарыстоўваць вызвалены ўчастак. У прыватнасці. Прадугледжваецца, што рэшткі дрэва будуць пакінуты на мясцовай кацельні ці аддадзены насельніцтву для выкарыстання ў якасці паліва.
– Знос пустуючых дамоў і розных сумежных з імі гаспадарчых пабудоў, а ўсё гэта звычайна драўляныя зрубы, ажыццяўляецца шляхам іх паэтапнага разбору. Работа, як правіла, пачынаецца з даху, а завяршальным акордам можна лічыць руйнаванне падмуркаў з наступнай рэкультывацыяй «паддамавых» участкаў. Пры гэтым, усё цікавае з пазіцыі другаснага ўжытку – метал, пластык, будаўнічыя матэрыялы і іншае карыснае – адасабляецца з наступным выкарыстаннем на мэты арганізацыі, якая гэтым зносам і займалася. Напрыклад, драўляныя элементы зруба камунгас звычайна адпраў-
ляе на сваю бліжэйшую кацельню, – тлумачыць Наталля Маслоўская.
Па словах спецыяліста аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, Указ № 116 істотна пасадзейнічаў спрашчэнню работ па адчужэнні пустуючых дамоў у сельскіх населеных пунктах. У той жа час спецыяльным рашэннем абласнога выканаўчага камітэта адчужаць, прадаваць пустуючыя дамы ў горадзе Ляхавічы, вёсках Набярэжнай, Патапавічы, Літве, Вялікая Лотва і аграгарадку Дарава дазволена толькі праз аўкцыёны.

Іван КАВАЛЕНКА.